У “Нашай Нівы” выйшаў 1000-ы нумар газэты

2008 2008-08-07T14:45:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На гэтым тыдні пабачыў свет 1000-ы нумар газеты “Наша Ніва”, з улікам усіх нумароў, якія выходзілі з 1906 году. Выданне падрыхтавала адмысловы юбілейны нумар. З гэтай нагоды карэспандэнт Рацыі Алесь Аркуш пагутарыў з галоўным рэдактарам НН Андрэем Скурко.

- Сп. Андрэй, як нарадзілася ідэя падлічыць усе нумары за ўсе гады, як газета “Наша Нівы” выходзіць?

- Ідэя гэтая належыць сябру нашай рэдакцыі, гісторыку Алегу Гардзіенку. Дзесьці на пачатку гэтага году ён так памеркаваў, што недзе ў гэтым годзе мусіць быць тысячны нумар. Мы накіравалі чалавека ў бібліятэку, ён заняўся росшукамі і высветліў. Гэтую таямніцу мы хавалі недзе ад пачатку года.

- Акрамя юбілейнага нумару, ці плануеце нейкія іншыя мерапрыемствы?

- Наша галоўнае мерапрыемства – гэта газету рабіць, выдаваць кніжкі і сустракацца з чытачамі. Вось нашы асноўныя мерапрыемствы. Тут хутчэй ня столькі нагода для гучнага юбілею, адзначэння, а спроба зрабіць маленькае свята для нашых чытачоў, для нашых аўтараў, бо ў нашых сённяшніх умовах, у якіх працуе незалежная прэса, “Наша Ніва” у тым ліку, трэба знаходзіць нейкія светлыя, станоўчым моманты, дапамагаць людзям радавацца гэтаму жыццю.

- Ці змянілася місія газеты “Наша Ніва” за мінулыя сто гадоў?

- Місія - гэта напэўна такое вельмі гучнае слова. Хаця, калі чытаць перадавіцы 1906 году і тыя задачы, якія ставілі перад сабой бацькі-заснавальнікі газеты, то, крыху змяніўшы пафас, крыху змяніўшы рыторыку на больш сучасную, на жаль, гэтыя задачы застаюцца ў многім актуальныя дагэтуль.

- Сёння газета “Наша Ніва” гэта яшчэ і аднайменны інтэрнэт-рэсурс і кніжны праект “Кнігарня “Нашай Нівы”. Ці можна нешта сказаць пра гэтыя праекты?

- Сайт “Нашай Нівы” – наша агульнае любімае дзіця, у якое мы ўкладаемся без астатку, і вельмі прыемна, што ён трымаецца ў рэйтынгу сярод першых беларускамоўных навінных рэсурсаў. Увогуле інтэрнэт, як апошняя на сённяшні дзень прастора свабоды ў Беларусі, дае нам пакуль магчымасці кантактаваць з вялікай колькасцю аўтараў і чытачоў, аператыўна даваць інфармацыю праз сайт. Што тычыцца “Кнігарні “Наша Ніва” – гэта выдавецкі праект. Вельмі прыемна сказаць, што літаральна ўчора ў гэтай серыі выйшла кніга Васіля Быкава “Сцяна”. Гэта вельмі ганарова і радасна для нас таксама.

- Нядаўна прэзідэнт Беларусі падпісаў новы закон аб мове. У сувязі з гэтым, якім правапісам далей будзе выходзіць “Наша Ніва”?

- Тут у нас пазіцыя такая: нейкіх рэзкіх рухаў у той ці іншы бок мы рабіць не будзем. Закон, як такі, ён можа быць, галоўнае каб ён не быў нейкім інструментам уціску для незалежнай прэсы. Калі ў выніку гэтага закона паўстане пагроза знікнення выдання, знікнення ўсіх нашых праектаў, ну тады мы будзем вырашаць, што рабіць. Пакуль жа ўсё застаецца так як ёсць.

- Ці будуць бліжэйшым часам змены ў самой газеце - фармаце, дызайне, ці плануеце каляровы друк?

- Каляровы друк – гэта крыху не ад нас залежыць і мы вельмі б хацелі каляровы друк. Гэта залежыць ад магчымасцяў друкарні, ад многіх іншых рэчаў. Мы тэхнічна гатовыя да гэтага. Ну а то, што нам скажуць друкары, якія робяць нам нашу газету ў дзяржаўных друкарнях, - з гэтым пытаннем цяжэй. Як толькі з’явіцца магчымасць - адразу будзем і пашырацца, і пераходзіць на колер, і рабіць усё, каб газеты выглядала яшчэ лепш.

- Ці робіць нейкія захады рэдакцыя “Нашай Нівы”, каб вярнуцца ў шапікі саюздруку і падпісныя каталогі?

- Так, натуральна, мы вядзём перапіску з гэтымі дзяржаўнымі ўстановамі, накіроўваем ім лісты, і я думаю, што для прэстыжу менавіта беларускай дзяржавы, было б вельмі важна, каб “Наша Ніва”, як і ўся іншая незалежная прэса, вярнулася ў шапікі белсаюздруку і ў падпісныя каталогі. Гэты крок быў бы ацэнены і нашым грамадствам і сусветнай супольнасцю.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international