Асвятленьне парламенцкіх выбараў 2008 г. у беларускіх СМІ

2008 2008-08-06T11:43:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

 

Прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў распаўсюдзіла чарговы бюлетэнь па тэме “Асвятленне парламенцкіх выбараў 2008 г. у беларускіх СМІ”

 

Мэта маніторынгу - вызначыць, наколькі поўна і ўсебакова беларускія медыя асвятляюць выбарчы працэс ды дзейнасць тых суб’ектаў (як асобаў, так і структур ), якія ўдзельнічаюць у ім, наколькі публікаваныя матэрыялы адпавядаюць прынцыпам журналісцкай этыкі і прафесійным стандартам журналісцкай працы падчас выбараў. Гэты бюлетэнь прысвечаны пачатку перыяду вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, фармавання і рэгістрацыі ініцыятыўных груп, а таксама іншых мерапрыемстваў, прадугледжаных каляндарным планам выбарчай кампаніі.

Аб’ектамі маніторынгу былі праграмы “Наши новости» (ОНТ), “Панорама недели” (Першы Нацыянальны канал БТ), “Навіны рэгіёна” (Гомель), “Новости-Регион” / ТРК “Магілёў”,“Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал беларускага радыё), “Навіны”, Гомельскае  абласное  радыё (101.3 FM), “Навіны”, абласное радыё ТРК “Магілёў”, газеты “Советская Белоруссия: Беларусь сегодня”,  “Рэспубліка”, “Белорусы и рынок”, “Народная воля”, “«Комсомольская правда» в Белоруссии”; “Гомельская праўда”, “Могилёвская правда”, “Днепровская Неделя”,  інтэрнет-выданні www.belta.by, www.naviny.by, www.tut.by і інтэрнет-версія “Еўрапейскага радыё для Беларусі” www.euroradio.fm (усяго 19 СМІ). Аналіз ахоплівае дзесяцідзённы перыяд і выкарыстоўвае як якасныя, так і колькасныя паказчыкі асвятлення выбарчай сітуацыі.

Асноўныя вынікі і некаторыя высновы

Нягледзячы на тое, што ўлады надаюць сёлетнім парламенцкім выбарам значна большую палітычную вагу (у параўнанні з выбарамі 2004 г.), дзяржаўныя медыя асвятлялі выбарчы працэс у сваёй традыцыйнай манеры - г.зн., надаючы асвятленню выбараў значна менш увагі, чым тэмам “Спорт” і “Надвор’е”;

 

Традыцыйным з’яўляецца і асвятленне суб’ектаў-удзельнікаў выбарчага працэсу: галоўная роля адводзіцца Цэнтрвыбаркаму, а пра іншыя суб’екты альбо нічога не гаворыцца, альбо яны толькі ўзгадваюцца, альбо репрэзентуюцца ў неперсаніфікаванай форме.

 

Далёка не ўсе дзяржаўныя медыя ўзгадвалі пра назіральнікаў, а калі і ўзгадвалі, то не надавалі праблеме назірання за выбарамі істотнай увагі.

 

Недзяржаўныя медыя надалі тэме выбараў значна большую ўвагу. Прычым інфармацыя, прысвечаная ў недзяржаўных газетах ЦВК, на парадак большая па сваім аб’ёме за інфармацыю ў “галоўнай газеце краіны” - “СБ”-  ды іншых дзяржаўных выданнях. Тое ж тычыцца і іншых суб’ектаў выбарчага працэсу: ад назіральнікаў да палітычных партый. Гэткім чынам, у параўнанні з недзяржаўнымі медыя, дзяржаўныя СМІ асвятлялі выбарны працэс мінімальна, абмяжоўваючыся толькі афіцыйнай інфармацыяй, што зыходзіла ад ЦВК.

 

Што тычыцца манеры апісання розных суб’ектаў выбарчага працэсу, афіцыйныя СМІ па-ранейшаму трымаюцца ідэалагічнай формулы, паводле якой у краіне дзейнічаюць канструктыўная ўлада і інфантыльная дэструктыўная апазіцыя. Палярна яны таксама репрэзентавалі назіральнікаў ад СНД і заходніх назіральнікаў. Першыя, як правіла, характарызуюцца пазітыўна і нейтральна, а другія – негатыўна і нейтральна. Гэткім чынам, можна канстатаваць, што ў дзяржаўных медыях ужо выявілася тэндэнцыя да перадузятага асвятлення выбарчага працэсу.

 

Электронныя медыя і інтэрнет-выданні

Асвятляючы ў гэты перыяд выбарчы працэс, дзяржаўныя электронныя СМІ і інтэрнет-выданні абмежаваліся галоўным чынам афіцыйнай інфармацыяй, што зыходзіла ад ЦВК.  Ніякіх  журналісцкіх каментароў альбо аналізу выбарчага працэсу зафіксавана не было. Ацэнкі гэтай стадыі выбарнай кампаніі належалі выключна прадстаўнікам ЦВК. Так, на думку старшыні ЦВК Л. Ярмошынай, сёлетняя кампанія мае больш адкрыты і дэмакратычны характар. Падчас оnline-канферэнцыі на сайце БЕЛТА яна таксама заявіла, што весці назіранне за выбарамі будзе вялікае кола назіральнікаў: “Больше, чем у нас, ни у кого нет". (http://news.belta.by/ru/news/archive?date=24_07_2008&page=2&id=247183). Пазней словамі старшыні ЦВК БЕЛТА паінфармавала, што Беларусь не будзе абмяжоўваць колькасці назіральнікаў. (http://news.belta.by/ru/news/archive?date=29_07_2008&page=1&id=248421).

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, у сваю чаргу, падкрэсліў, што працэдура рэгістрацыі ініцыятыўных груп была ў гэтым годзе больш “ліберальнай”: «Отказ на регистрацию инициативных групп по выдвижению кандидатов в депутаты Палаты представителей получили только 5% от общего количества заявителей. В ходе предыдущей парламентской избирательной кампании их было более 10%». (http://news.belta.by/ru/news/archive?date=29_07_2008&page=1&id=248367).

Увогуле ж, дзржаўныя электронныя медыя асвятлялі выбарчы працэс як добра наладжаную кампанію, галоўнай дзеючай асобай якой з’яўляецца ЦВК.  Што да іншых суб’ектаў, то на другім месцы былі назіральнікі ад СНД і заходнія назіральнікі. Час і месца, адведзеныя ім, былі, аднак, мінімальныя. Так,  праграма “Наши новости” (ОНТ) прысвяціла ЦВК 3 хв. 9 сек., назіральнікам ад СНД - 42 сек., а заходнім назіральнікам – 7 сек. Праграма “Радыёфакт” (Першы нацыянальны канал беларускага радыё) адвяла ЦВК прыкладна ў 3 разы больш часу. Але зноў жа на другім месцы былі назіральнікі ад СНД (4 хв.20 сек), а на трэцім - заходнія назіральнікі (2 хв. 33 сек.). Пры гэтым  назіральнікі ад СНД репрэзентаваліся пазітыўна і нейтральна, а заходнія назіральнікі – адмоўна і нейтральна.

Рэгіянальныя электронныя медыя надалі названым суб’ектам яшчэ менш увагі альбо ўвогуле не ўзгадвалі назіральнікаў. Асаблівасцю гэтага перыяду з’яўляецца і тое, што дзяржаўныя электронныя медыя не ўзгадвалі асобна ніякіх іншых палітычных суб’ектаў (напрыклад, асобных палітычных партый), альбо, калі штосьці і паведамлялі пра іншыя суб’екты, дык толькі ўзгадвалі ці ўжывалі дэперсаніфікаваную форму - напрыклад, “апазіцыя” замест канкрэтнай назвы той ці іншай апазіцыйнай партыі. У пэўным сэнсе выключэннем з’яўляецца сайт БЕЛТА, у матэрыялах якога ўзгадваюцца іншыя, акрамя ЦВК, суб’екты выбарчага працэсу. Найбольш часу і ўвагі дзяржаўныя электронныя медыя надалі ў гэты перыяд прэзідэнту. Згаданая вышэй праграма “Наши новости” (ОНТ) адвяла А. Лукашэнку амаль 74% часу ў параўнанні з астатнімі суб’ектамі. У той жа самай праграме інфармацыя пра надвор’е заняла прыкладна ў 2 разы больш часу, чым інфармацыя пра выбарную кампанію. Падобная сітуацыя характэрная і для іншых дзяржаўных электронных СМІ. Выключэннем з’яўляецца праграма “Радыёфакт”, у якой час, прысвечаны выбарчай кампаніі, у 2 разы перавышае час, адведзены абвесткам пра надвор’е.

Недзяржаўныя электронныя медыя (інтэрнет-выданні www.naviny.by, www.tut.by і інтэрнет-версія “Еўрапейскага радыё для Беларусі” www.euroradio.fm) падалі значна шырэйшы спіс удзельнікаў выбарчага працэсу. Акрамя названых ЦВК і назіральнікаў, у іх матэрыялах прысутнічаюць амаль усе ўдзельнікі выбарчай кампаніі: ад палітычных партый да патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Прычым, напрыклад, на сайце www.naviny.by  назіральнікі ад СНД і заходнія назіральнікі атрымалі роўную плошчу (колькасць знакаў). Да таго ж, названы сайт знаёміць чытачоў з меркаваннямі экспертаў і аналітыкаў датычна выбарчага працэсу.

Друкаваныя СМІ

Як і дзяржаўныя электронныя СМІ, дзяржаўныя газеты, асвятляючы выбарчы працэс, абмяжоўваліся кароткай афіцыйнай інфармацыяй. Галоўным суб’ектам была ЦВК. Газета “Рэспубліка” пісала пра дзейнасць ЦВК (425 см. кв.) ды ўзгадала назіральнікаў з СНД (24 см. кв.). А газета “Советская Белоруссия” (“Беларусь сегодня”) прысвяціла дзейнасці ЦВК яшчэ менш плошчы (290 см. кв) і нічога не напісала пра назіральнікаў. Апазіцыі яна прысвяціла невялікую плошчу (42 см. кв.), якую выкарыстала, каб рэпрэзентаваць яе ў негатыўным тоне.

У параўнанні з агульнанацыянальнымі газетамі рэгіянальная прэса адвяла выбарчай тэматыцы яшчэ менш месца. Напрыклад, “Могилёвская Правда” і “Днепровская Неделя” разам узятыя напісалі пра дзейнасць ЦВК  не нашмат болей, чым “СБ” - пра апазіцыю. Праўда, дзяржаўная газета “Гомельская праўда” (22.07. 08) з нагоды правядзення семінара-нарады з удзелам старшыні ЦВК Л. Ярмошынай апублікавала адразу некалькі матэрыялаў, прысвечаных выбарчай тэматыцы. І ў адным з іх (матэрыял БЕЛТА) скрытыкавала апазіцыю за нежаданне ісці на выбары і тым больш перамагаць: “Наверно, жуткий позор для любого политика, когда он сначала на всех углах кричит, что его - талантливого, честного, мудрого - не пускают во власть коррумпированная тирания и бюрократия, а затем, когда все препоны на пути исчезают, признает, что идти во власть он, в общем-то, и не готов-с… И вот тут-то начинаются подростковые отговорки вроде "а зачем идти в эту палату, если она и так не легитимна". Узгадваюцца ў гэтым матэрыяле і канкрэтныя палітыкі: “Видимо, не случайно А.Милинкевич в интервью польскому изданию недавно сказал, что идет на выборы не побеждать, а дискутировать. Тут уж, действительно, не знаешь, то ли смеяться, то ли жалеть оппозицию, то ли… Ведь кандидаты, которые идут на выборы, только чтобы дискутировать (в данном случае это значит просто "чесать языком"), достойны, скорее, даже не жалости, а презрения”.  І, нарэшце, падаецца характарыстыка апазіцыі як бездапаможнай і несур’ёзнай: “...оппозиционеры готовы рассчитывать на то, что глава государства возьмет их за ручку и приведет, как маленьких, в Овальный зал. Да!.. Прямо-таки блюдечко с голубой каемочкой…”

 

Як і недзяржаўныя інтернет-выданні, недзяржаўныя газеты імкнуліся да больш шырокай рэпрэзентацыі суб’ектаў выбарчага працэсу і непараўнальна больш пісалі не толькі пра апазіцыйныя партыі і палітыкаў, але і пра дзейнасць ЦВК. Напрыклад, газета “Белорусы и рынок” прысвяціла  дзейнасці ЦВК плошчы ў 10 разоў больш, чым прэзідэнцкая “СБ”. Пры гэтым пра ўсіх суб’ектаў яна пісала пераважна ў нейтральным тоне і пазітыўна - як пра дзейнасць ЦВК, так і пра дзейнасць апазіцыі. Гэтак жа збалансавана пра розных суб’ектаў пісала і недзяржаўная газета “Народная воля”. Параўнальна с “СБ” яна таксама прысвяціла больш плошчы дзейнасці ЦВК.

 

Газета “«Комсомольская правда» в Белоруссии” таксама пісала болей за “СБ” пра дзейнасць ЦВК. Разам з тым, аднак, выданне толькі ўзгадала пра некаторых іншых удзельнікаў выбарнага працэсу, не прысвяціўшы ім хоць якой заўважнай плошчы. Выключэнне склаў прэзідэнт А. Лукашэнка, які, да таго ж, рэпрэзентаваўся пераважна пазітыўна.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international