Магілёўскія праваабаронцы падалі скаргі ў Пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію ў сувязі з парушэньнямі падчас фармаваньня акруговых выбарчых камісій

2008 2008-07-23T15:24:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

ГА «Магілёўскі праваабарончы цэнтр» накіравала скаргі ў пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісю па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб парушэньнях заканадаўства Рэспублікі Беларусь пры фармаваньні акруговых выбарчых камісій у Магілёўскай вобласьці.

 

Прадстаўнікі ГА “МПЦ” Барыс Бухель і Рыгор Кастусёў, якія прысутнічалі 14 ліпеня 2008 года падчас сумеснага паседжаньня прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, на якім зацьвярджаўся склад і колькасьць сябраў акруговых выбарчых камісій Магілёўскай вобласці зьвярнулі ўвагу на тое, што паседжаньне было праведзена з грубымі парушэньнямі.

 

Сярод парушэнняў, якія мелі месца падчас паседжання неабходна адзначыць парушэньне працэдуры галасавання і механізму прыняцьця рашэньняў, то бок не было абвешчана аб неабходным кворуме для паседжаньня а таксама склад дэпутатаў і членаў выканкама асобна і па прозьвішчам.     

 

“У выніку гэтага, - адзначае праваабаронца Барыс Бухель, - немагчыма было вызначыць склад прэзідыума аблсавета і аблвыканкама, немагчыма было дакладна вызначыць хто з прысутных у зале паседжаньня з’яўляецца ўдзельнікам паседжаньня, а хто не. Гэта не дало нам магчымасьці дазнацца аб тым быў кворм, ці яго не было, і ці было паседжаньне правамоцным увогулле”.

 

Таксама не было галасаваньня па адкрыцьцю сумеснага паседжаньня і абраньню старшыні паседжаньня. Старшыня аблвыканкама Барыс Батура адкрыў і вёў сумеснае паседжаньне без усялякага фармальнага зацьверджаньня ўдзельнікамі паседжаньня сваёй кандыдатуры ў якасьці старшыні паседжаньня. Таксама не было сказана аб тым, хто будзе падпісваць пратакол сумеснага паседжаньня. Перад кожнай прапановай пачаць галасаваньне Барыс Батура ні разу не нагадаў, якой большасьцю галасоў можа быць прынята рашэньне.

 

“Акрамя гэтага, - падкрэслівае Барыс Бухель, - не было галасаваньня ні па аднаму прынятаму рашэньню. Ніхто не ўздымаў рукі, не было таксама і тайнага галасавання, а для электроннага галасаваньня зал быў непрыстасаваны. Спадар Батура толькі запытаў ці маем мы права галасаваць сьпісам і пасьля таго, як нехта сказаў што “так!”, склад 13 акруговых выбарчых камісій быў зацьверджаны агульным спісам. Спадар “губернатар” хуценька запытаў: “Хто за ўнесеныя кандыдатуры ў акружныя выбарчыя камісіі?”Прашу галасаваць. Хто за? Хто супраць? Устрымаўся? Няма. Склад акруговых выбарчых камісій зацьверджаны”. Я хацеў бы падкрэсліць, што падчас маналога спадара Батуры ніхто не ўздымаў рукі”.

 

Праваабаронца адзначае, што ўсе вышэй пазначаныя парушэньні па працэдуры прыняцьця рашэньняў пазбаўляюць юрыдычнай сілы прынятае рашэньне на сумесным паседжаньні прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. Праблема яшчэ заключаецца і ў тым, што ў БД НЦПІ “Эталон” маюцца толькі адмененыя рэгламенты Магілёўскага аблсавета і аблвыканкама, а новых проста не існуе, а на сайце  www.pravo.by яны ўвогуле адсутнічаюць як з’ява.

 

Далейшыя парушэньні заключаюцца ў тым, што не былі названыя члены кожнай акруговай выбарчай камісіі і шлях, якім яны вулучаліся. Інфармацыю аб членах выбарчых камісій старшыня аблвыканкама Барыс Батура, начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкама спадар Сіваеў і галоўны спецыяліст гэтага ўпраўленьня спадарыня Макаранка ў зале паседжаньня прадастаўляць адмовіліся.

 

“Далей, - гаворыць Барыс Бухель, - спадар Батура сказаў, што першыя арганізацыйныя паседжаньні пройдуць у гэты ж дзень, аднак ён, як і ўсе астатнія дакладчыкі адмовіліся прадстаўляць інфармацыю аб часе правядзеньня пяцю акруговымі выбарчымі камісіямі г.Магілёва сваіх першых паседжаньняў. У адміністрацыях Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Магілёва, а таксама Магілёўскім райвыканкаме работнікі гэтых установаў адмовіліся прымаць пратаколы ад грамадскіх аб’яднаньняў, якія вылучылі сваіх назіральнікаў на першыя паседжаньні толькі што ўтвораных камісій. Усім назіральнікам быў дадзены няправільны час у які мусілі адбыцца гэтыя паседжанні. У выніку ніхто з іх не патрапіў на гэтыя паседжаньні”.

 

Такім чынам, праваабаронцы просяць пракуратуру вынесці пратэст на рашэньне сумеснага паседжаньня прэзідыума Магілёўскага аблсавета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта па пытанню фармаваньня акруговых выбарчых камісій, як не маючы юрыдычнай сілы, прыняць меры пракурорскага рэагаваньня па парушэньню заканадаўства на сумесным паседжаньні прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта 14 ліпеня 2008 года, абавязаць прэзідыум абласнога Савета дэпутатаў і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт распрацаваць рэгламент сваёй працы і размесьціць іх у БД НЦПІ“Эталон” і даць адказ на свой ліст у тэрміны прадугледжаныя законам.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international