Суткі і “базавыя” Міхаіла Пашкевіча. І ня толькі яго.

2008 2008-06-30T18:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску адбыўся разгляд адміністратыўнае справы намесьніка старшыні арганізацыі “Маладыя дэмакраты” (моладзевае крыло Аб’яднанай грамадзянскай партыі) Міхаіла Пашкевіча, затрыманага на сталічным чыгуначным вакзале ўвечары мінулае суботы.

Працэс вяла судзьдзя Рыта Шаграй. Пачалося ўсё з таго, што прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці, паплечнікі Міхіла па АГП і журналісты больш за шэсьць гадзінаў чакалі, пакуль Міхаіла Пашкевіча даставяць у суд з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на сталічнай вуліцы Акрэсьціна, дзе моладзевы актывіст знаходзіўся пасьля затрыманьня 28-га чэрвеня. Адразу ў залю, дзе мелася адбыцца судовае паседжаньне, не былі дапушчаныя ня толькі людзі, што прыйшлі падтрымаць маладзёна, і журналісты, але нават і адвакат Сьвятлана Гарбаток, якой давялося літаральна сілаю прабівацца на працэс і адстойваць права абараняць Пашкевіча.

Прыкладна праз гадзіну, пасьля абвешчанага судзьдзёй перапынку, каб адвакат і яе падабаронны маглі азнаёміцца зь пісьмовымі матэр’яламі справы, пасьля таго, як журналісты паскардзіліся на дзеяньні міліцыянтаў, што не пускалі людзей у залю, і судзьдзі кіраўніку суда Кастрычніцкага раёну, прыйшоўшым дазволілі прысутнічаць на працэсе й нават выдаткавалі дзеля гэтага больш прасторную залю, каб усе жадаючыя змаглі патрапіць на паседжаньне. Але ня ўсе дабылі да канца, і прычынаю таму было не жаданьне пакінуць залю па нейкіх асабістых прычынах. Судзьдзя Шаграй з надуманае прычыны выгнала з залі старшыню АГП Анатоля Лябедзьку й яшчэ некалькіх актывістаў, а сябра Палітрады партыі Людміла Гразнова пакінула залю на знак салідарнасьці зь Лябедзькам і на знак пратэсту супраць дзеяньняў судзьдзі.

Праз колькі хвілінаў толькі за тое, што трымала ў руках мабільны тэлефон, да васьмі базавых велічыняў штрафу (280 тысяч рублёў) маланкава той жа судзьдзёй Шаграй была асуджаная карэспандэнтка Радыё Свабода Любоў Лунёва з фармулёўкаю “за непавагу да суда”. І яшчэ праз колькі хвілінаў ужо на дзесяць базавых велічыняў штрафу (350 тысяч рублёў) за тое ж самае быў пакараны сам Міхаіл Пашкевіч.

Маладзёна судзілі паводле артыкула 17.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (дробнае хуліганства). Сьведкамі на працэсе выступалі міліцыянты Палку міліцыі спэцыяльнага празначэньня Віктар Мартынчык і Ўладзімер Кручанок. Апошні - асоба ўвогуле вельмі цікавая: як заявіла ў судзе адвакат Сьвятлана Гарбаток, менавіта Кручанок ужо шматкроць выступаў у розных судах у якасьці сьведкі з боку абвінавачаньня, калі дэмакратычных актывістаў судзілі менавіта за нібыта брудную лаянку ў грамадзкім месцы, у чым гэтым разам абвінавацілі і Міхаіла Пашкевіча. Прычым, у жніўні мінулага году і Кручанок, і Пашкевіч праходзілі сьведкамі па справе моладзевага актывіста Мікіты Сасіма, якога таксама абвінавачвалі ў лаянцы матам у грамадзкім месцы і асудзілі на суткі арышту. І сьведкам абвінавачаньня быў менавіта згаданы праваахоўнік. Адвакат, якая назвала Кручанка “прафэсійным сьведкам”, зьвярнула ўвагу судзьдзі на хлусьню з боку Кручанка, які цьвердзіў, што ня ведае Міхаіла Пашкевіча, але Рыта Шаграй не ўзяла словы абаронцы да ўвагі. Як і ўсё астатняе, заяўленае абаронай Міхаіла Пашкевіча.

Да прыкладу, судзьдзя двойчы адхіліла хадайніцтва адваката аб выкліку ў працэс чатырох сьведкаў ад абароны – маладзёнаў з Гародні й Берасьця, падчас сустрэчы зь якімі ў адной з вакзальных кавярняў і быў затрыманы абвінавачаны.

Не ўзяла да ўвагі судзьдзя і відавочны факт позьняга запаўненьня пратакола аб адміністратыўным правапарушэньні (дарэчы, Міхаіл Пашкевіч адмовіўся яго падпісваць), дзе праглядаўся почырк дзьвюх асобаў, але не аднаго афіцэра міліцыі, пра што казалі сьведкі Кручанок і Мыртынчык. Да таго ж, судзьдзя пастаянна перабівала адваката, рабіла Сьвятлане Гарбаток заўвагі і нават вынесла ёй папярэджаньне. Не паверыла спадарыня Шаграй і словам самога Міхаіла Пашкевіча, што ў яго нават намеру не было лаяцца матам і спрачацца зь міліцыянтамі.

Як вынік – абвінаваўчае рашэньне ў дачыненьні да Міхаіла Пашкевіча, які мусіць правесьці ў акрэсьцінскай турме сем сутак адміністратыўнага арышту. Такім чынам, судзьдзя Шаграй і маладога палітыка ізалявала на найбліжэйшыя дні, і казну папоўніла больш як на паўмільёна рублёў за кошт маладога апазыцыйнага палітыка і незалежнай журналісткі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international