Вынесеныя новыя прысуды па працэсу 14-ці

2008 2008-05-28T16:07:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

27 траўня судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Валеры Есьман вынес прысуд тром удзельнікам акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня.

17:08. Вынесены прысуд. Міхаілу Субачу і Паўлу Вінаградаву - па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраленчыя ўстановы, непаўнагадоваму Максіму Дашуку 1,5 году абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы.

Павал Вінаградаў, у прыватнасьці, сказаў, што спадзяваўся на больш мяккі прысуд, напрыклад, на штраф. "цяпер, -- кажа ён, прыйдзецца абмяжоўваць сябе ў актыўнай палітычнай дзейнасьці".

Такой жа думкі трымаецца і Максім Дашук. "Адзіным непрыемным момантам у прысудзе ёсьць дамоўклаў меч пакараньня ў любы момант".

11:30 Падсудныя выступілі з апошнімі словамі.

Міхаіл Субач заявіў, што зьяўляецца законапаслухмяным грамадзянінам. Расказаў, што ў 2005 годзе атрымаў у Нямеччыне вышэйшую адукацыю і ўжо праз 3 месяцы зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Таму ўказ № 760 біў непасрэдна па ім. Паводле ягоны слоў, тое, што ён меў мірныя намеры на акцыі, сьведчыць хаця б тое, што ён прыйшоў на яе разам з жонкай і маці, якая таксама працуе прадпрымальніцай.

Павал Вінаградаў сказаў, што прыйшоў на плошчу 10 студзеня перш за ўсё ў знак салідарнасьці з прадпрымальнікамі. Да таго ж, прыняцьце 760-га ўказу мела непасрэдна адбіцца непасрэдна на ім як спажыўцу. Ён таксама падкрэсьліў, што акцыя насіла мірны й негвалтоўны характар.

Максім Дашук адмовіўся ад апошняга слова.

Судзьдзя Валеры Есьман абвесьціў перапынак прыкладна да 17 гадзіны.

11:05 Адвакатка Максіма Дашука просіць апраўдаць ейнага падабароннага. Яна пэўная, што працэс даказаў слабасьць пазыцый абвінавачаньня.

10:50 Пачаліся прамовы адвакатаў. Абаронца Міхаіла Субача заявіў, што ягоны падабаронны ўдзельнічаў у акцыі, бо сам ёсьць прадпрымальнікам, і зьвярнуў увагу на тое, што яго актыўны ўдзел у акцыі так і не даказаны.

10:35 Пракурор Лук’янаў запатрабаваў Міхаілу Субачу, Паўлу Вінаградаву і Максіму Дашуку 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраленчыя ўстановы.

10:25 Працэс аднавіўся судовымі спрэчкамі бакоў

26 траўня

18:46 Абвешчаны перапынак да аўторка, працяг судовай справы ў 10:15. Пачнецца са спрэчак бакоў.

15:20 Пачаўся разгляд відэаматэрыялаў. Перад гэтым былі зачытаныя характарыстыкі абвінавачаных, напісаныя ўчастковымі. На Дашука вельмі негатыўная характарыстыка

14:39 Пачаўся разгляд пісьмовых матэрыялаў справы.

14:31 Працэс аднавіўся. Паказаньні дае намесьнік начальніка менскага ДАІ Максіма Падбярозкіна, ён сьцьвярджае, што актыўных удзельнікаў акцыі было чалавек 20.

***

Удзельнікі падзей 10 студзеня ў Менску — Міхаіл Субач, Павел Вінаградаў і Максім Дашук, працэс па справе якіх 26 траўня праходзіць у судзе Цэнтральнага раёну сталіцы, не прызнаюць сваёй віны. Вакол суду адбываюцца акцыі салідарнасьці.

Нагадаем, 10 студзеня ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў узялі ўдзел больш як тры тысячы чалавек, зь іх 27 былі затрыманы і 23 — асуджаны. Мітынгоўцы выступалі супраць падпункта 1.1 указа прэзідэнта № 760 ад 29 сьнежня 2006 года, які дазваляе індывідуальным прадпрымальнікам наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Падчас правядзеньня акцыі на некаторы час быў перакрыты рух на праспэкце Незалежнасьці. Па факце «масавых беспарадкаў у цэнтры Менску» была распачата крымінальная справа.

Падчас сёньняшняга судовага пасяджэньня пракурор зачытаў абвінаваўчае заключэньне, у якім канстатуецца, што тры маладыя чалавекі 10 студзеня 2008 года з 14 да 17 гадзін груба парушалі грамадзкі парадак, бралі ўдзел у мітынгу, ведаючы пра тое, што ён не санкцыянаваны, а таксама, «ведучы за сабою мітынгоўцаў, выкрыквалі лёзунгі», не рэагавалі на папярэджаньні супрацоўнікаў міліцыі і перакрылі праезную частку праспэкту Незалежнасьці прыкладна з 15 да 17 гадзін.

Таксама, на думку абвінаваўцы, гэтымі дзеяньнямі быў нанесены ўрон у памеры 124 млн. 800 тыс. рублёў прадпрыемствам Менску.

Абвінавачаныя адмовіліся даваць паказаньні, таму суд заслухаў сьведак. Былі заслуханы прадстаўнікі менскіх прадпрыемстваў і КУП «Мінсктранс». Усе яны заявілі, што матэрыяльных прэтэнзій да мітынгоўцаў ня маюць. У прыватнасьці, прадстаўнік унівэрсаму «Цэнтральны» заявіла, што ня будзе патрабаваць у іскавым парадку кампэнсацыі ўрону. Прадстаўнік КУП «Мінсктранс» пацьвердзіў, што рух аўтобусаў па плошчы Незалежнасьці быў парушаны на некаторы час.

Пасьля гэтага ў судзе быў аб’яўлены паўгадзінны перапынак.

Справу разглядае судзьдзя Валерый Есьман.

Раней па гэтай крымінальнай справе былі асуджаны 10 чалавек. 22 красавіка Ўладзімер Сяргееў і Антон Койпіш прыгавораны да штрафу ў 100 базавых велічыняў кожны. Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Пашкевіч, Тацьцяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Міхаіл Крываў і Алесь Чарнышоў прыгавораны да абмежаваньня волі без накіроўваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на два гады. Апрача таго, адзін зь фігурантаў гэтай справы Андрэй Кім быў таксама абвінавачаны ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 364 КК (насільле або пагроза насільля ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі). Судзьдзя Алена Ільіна прыгаварыла А.Кіма да пазбаўленьня волі тэрмінам на паўтара года з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму.

Зьміцер Панкавец

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international