Адмена льготаў на праезд - парушэньне правоў дзяцей

2008 2008-05-15T15:24:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Палітыкі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Берасьця падалі заяўку на правядзеньне пікету супраць адмены льготаў для дзяцей. Учора адпаведны дакумэнт накіраваны ў гарадзкі выканаўчы камітэт.

Пікет павінен адбыцца 1 чэрвеня – у Дзень дзіцяці. А 15 траўня, дарэчы, адзначаецца Міжнародны дзень сям’і, так што ёсьць нагода паразважаць і пра правы дзяцей, і пра сытуацыю сям’і.

Заяўнікамі акцыі ў Берасьці выступілі рэгіянальныя структуры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі камуністаў Беларускай, Аб’яднанай грамадзянскай партыі й партыі БНФ.

Пра асноўныя мэты акцыі распавядае старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі:

І. Маслоўскі: Прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці і ўладаў да парушэньня сацыяльных правоў дзіцяці, пазбаўленьня ўсіх дзяцей, школьнікаў, студэнтаў ільгот. Нават студэнты - гэта тыя ж самыя дзеці, ім дапамагаюць бацькі. Гэта адна з важнейшых сацыяльных праблем Беларусі. Год за годам зьнікае ўсё больш ільготаў і сацыяльных гарантыяў. Гэта нават парушэньне Канстытуцыі, паколькі ў ёй напісана, што Рэспубліка Беларусь ёсьць сацыяльнай дзяржавай.

Ільготы мелі быць замененыя адраснай дапамогай. Ці гэтая дапамога трапляе да тых, каму яна патрэбная, ці гэта толькі папулісцкія заявы?

І. Маслоўскі: Тая адрасная дапамога, якая была заплянаваная на год, фактычна была вычарпаная ў першым і другім кварталах. Ужо прыпынілі выплаты, бо не хапае грошай. Якая можа быць сацыяльная дзяржава, калі дзеці ў школу павінны езьдзіць па поўнай вартасьці? Такога няма ні ў адной краіне. Нават у зьбяднелай краіне студэнты карыстаюцца льготамі пры авіяпералётах, ня тое, што ў гарадзкім транспарце. Мы лічым, што гэта толькі словы пра дапамогу, а ня дзеяньні. Дзеяньні былі, калі дэпутаты прагаласавалі за новы закон, а прэзыдэнт яго падпісаў.

У пададзенай заяўцы кіраўніцтва гарвыканкаму атрымала таксама запрашэньне прыняць удзел у пікеце. Актывісты АДС намераныя правесьці акцыю па інфармаваньні жыхароў Берасьця пра мерапрыемства.

Беларускія ўлады, у тым ліку перш за ўсё прэзыдэнт, пастаянна падкрэсьліваюць, як цудоўна дзяржава клапоціцца пра дзяцей ды сем’і. На кожным кроку падкрэсьліваецца, што Беларусь – сацыяльная дзяржава. Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ у Берасьці Зьміцер Шыманскі лічыць, што шмат у гэтых заявах таннага папулізму.

З. Шыманскі: БНФ заўсёды дабівалася й стаіць на грунце менавіта сямейных каштоўнасьцяў. Таму мы сочым за тымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, і за тымі рашэньнямі, якія прымае ўлада у дачынені да сям'і, да яе правоў, правоў дзяцей ў першую чаргу. Мы лічам, што тое, што гаворыць улада пра клопат аб сям'і, паляпшэньне дабрабыту беларускіх сем'яў - гэта выключна папулізм. Ніякіх канкрэтных і рэальных рашэньняў, якія паўплывалі б на дабрабыт сям'і, на вялікі жаль, улада не прымае.

Нельга казаць, што ў Беларусі не ажыцьцяўляецца падтрымка сям’і й дзяцей. Але дзяржава не спраўляецца з дапамогай усім сем’ям, якім яна патрэбная. А папулізм характэрны тым, што ахоплівае вялікую колькасьць людзей – адзначае Крысьціна Вітушка, адна са стваральніц парталу для бацькоў беларускамоўных дзяцей www.dzietki.org.

К. Вітушка: Нельга сказаць, што дэкляраваная падтрымка сям'і зусім не ажыцьцяўляецца. Але справа ў тым, што ўсе папулісцкія дэклярацыі вельмі складаныя для выкананьня. Пад кожную папулісцкую заўвагу тэарэтычна трапляе вялікае кола людзей. Яны выстройваюцца ў вялізную чаргу. З гэтай чаргі ўжо бюракраты абіраюць, хто атрымае гэтую падтрымку, ільготы й дапамогу, а хто не атрымае. Насамрэч ёсьць падтрымка маладых сем'яў, напрыклад, магчымасьць набыць танную кватэру, але рэальна дзеля таго, каб шматдзетная сям'я атрымала гэтую амаль бясплатную кватэру, траіх дзяцей трэба нарадзіць на здымнай хаце або ў бацькоўскай кватэры. А сям'я, якая зьбіраецца стаць шматдзетнай - гэта значыць, што маці не працуе. І гэтая сям'я мусіць існаваць за адну зарплату, і здымаць сабе жытло. А аднапакаёўка ў Менску каштуе ня менш за 200 даляраў у месяц. На сёньняшні дзень любая сям'я, у якой ёсьць дзеці, клапоціцца пра тое, каб выжыць.

Пікет у Берасьці супраць адмены льготаў для дзяцей заплянаваны на 1 чэрвеня на стадыёне “Лакаматыў”, які зьяўляецца адзіным месцам у горадзе, дзе дазволеныя падобныя акцыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international