Крымінальных дасье на прызыўнікоў усё болей

2008 2008-05-02T15:06:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нягледзячы на сур'ёзны перасьлед "ухілістаў", іхныя шэрагі толькі павялічваюцца.

Начальнік аддзяленьня прызыву на ваенную службу Маскоўскага ваеннага камісарыяту горада Менска, падпалкоўнік Андрэй Карасёў скардзіцца:

–Толькі сёлета наш ваенкамат перадаў больш як 60 спраў у пракуратуру Маскоўскага раёну. На 48 чалавек узбуджаная крымінальная справа. 24 зь іх ужо атрымалі пакараньні – ад штрафу да арышту на шэсьць месяцаў. Яшчэ 124 прызыўнікі пакараныя штрафам за няяўку у ваенкамат.

Дадзеныя пра агульную колькасьць так званых "ухілістаў" Міністэрства абароны Беларусі не распаўсюджвае. Начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўленьня генэрал-маёр Ігар Глод спасылаецца, што цяпер за прызыў навабранцаў адказвае мясцовая ўлада. Са словаў генэрала, на месцах чыноўнікі прызначаюць свайго прадстаўніка начальнікам прызыўной камісіі. Чыноўнікі загадваюць міліцыянтам адлоўліваць "ухілістаў". Праз суды штрафуюць і судзяць юнакоў прызыўнога ўзросту па месцы жыхарства.

Дзеля чаго ў адной дзяржаве прызыў юнакоў у войска робіць адна рука, а муштруе на службе – іншая?

Беларускі палітык, падпалкоўнік у адстаўцы Мікалай Статкевіч лічыць, што такое разьмежаваньне дзеля ўзмацненьня жандарскай ролі арміі.

Суразмоўца спасылаецца на прыклад утрыманьня пад прымусам у войску Зьміцера Жалезьнічэнкі. Мікалай Статкевіч кажа, што гэты выдатнік матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту быў забрыты ў войска не толькі насуперак уласнаму жаданьню, але з парушэньнямі Закону. Калі ж прызыўнік і ягоная сям’я вылучылі свае прэтэнзіі ў суд, то напароліся на абсурд – раённая камісія распушчаная да наступнага прызыву, а Мінабароны заяўляе: запыт не па адрасу!

Пяты месяц Зьміцер Жалезьнічэнка топча кірзавыя боты ў вайсковай частцы чыгуначных войск у Жлобіне. Тым часам позвы з ваенкаматаў у красавіку атрымалі больш як 35 актывістаў апазыцыі ў Менску і рэгіёнах. Да кожнага зь іх даведзеныя артыкулы Крымінальнага кодэксу за ўхіленьне ад вайсковай службы.

Дарэчы, у базу дадзеных асобаў, якім забаронены выезд за мяжу, цяпер унесеныя і так званыя "ўхілісты". Іх ня выпусьцяць за мяжу, пакуль не ўладкуюць пытаньне ў сваім камісарыяце. Пакуль не адслужыць, у Эўропу ня пусьцяць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international