Пракуратура абвінавачвае журналіста ў бойцы з ахоўнікам Галоўпаштамту

2005 2005-01-28T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура Ленінскага раёна Менску накіравала ў суд справу журналіста “Белорусской газеты” Кірыла Жываловіча. Яго абвінавачваюць у бойцы з ахоўнікамі будынку Галоўпаштамту, -- паведаміла Радыё Свабода.

Сьледчы Юры Варанко азнаёміў журналіста з канчатковым абвінавачаньнем паводле 363 артыкулу часткі другой Крымінальнага Кодэксу (супраціўленьне міліцыянту альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, з ужываньнем сілы). Згодна з тэкстам абвінавачаньня, 10 сьнежня Кірыл Жываловіч знаходзіўся ў будынку “Белпошты” ў нецьвярозым стане. Пацярпелым прызнаны супрацоўнік аховы Юры Назарчук. Ён паскардзіўся, што журналіст нібыта галавой ударыў яго ў твар, разьбіў яму нос і вусны.

Кірыл Жываловіч абвяргае абвінавачаньні. Ён заявіў Радыё Свабода: “У абвінавачаньні лжывая інфармацыя, у прыватнасьці, сьцьвярджэньне аб тым, што я знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня і нанёс пабоі, мэдычная экспэртыза не пацьвердзіла. Я падаў заяву ў пракуратуру Ленінскага раёну, каб крымінальную справу супраць мяне спынілі з-за адсутнасьці складу злачынства. Юры Назарчук даў камэнтар агенцыі БелаПАН. На маю думку, гэта ёсьць ціскам на сьледзтва і распаўсюдам ілжывай інфармацыі, якая шкодзіць маёй дзелавой рэпутацыі. Калі я дачакаюся судовага разьбіральніцтва, то падам пазоў у суд аб абароне гонару і годнасьці”.

Калі суд прызнае віну Кірыла Жываловіча, яго могуць пакараць абмежаваньнем альбо пазбаўленьнем волі да пяці гадоў. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, суд можа скарыстацца тым, што журналіст раней да крымінальнай адказнасьці не прыцягваўся і пакараць яго ўмоўна, альбо з адтэрміноўкай выкананьня прысуду.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international