Моладзь пратэстуе супраць прымусовага ўступлення ў БРСМ

2007 2007-09-21T16:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Два жыхары Магілёва накіравалі свае заявы на адрас Аляксандра Лукашэнкі і Генеральнага пракурора краіны з просьбай абараніць іх ад прымусовага ўступлення ў БРСМ. Сяргей Бародзіч вучыцца ў адзінаццатым класе СШ № 33. Павел Чэрвінскі – студэнт другога курсу Магілёўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Абодва пражываюць у адным раёне, і абодвух хвалюе адна праблема: прымус адміністрацый іх навучальных устаноў да ўступлення ў БРСМ.

Тое, што ў нашай краіне гэтая моладзевая арганізацыя навязаная ўладай і ёй жа фінансуецца даўно вядома. Таму стаўленне да яе ў моладзі даволі скептычнае. Але выказаць сваё негатыўнае стаўленне да арганізацыі здольныя не ўсе, піша Bulletinonline.org.

Для прыцягнення маладых людзей у арганізацыю ў поўную сілу задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс. «Калі б усё было насамрэч на добраахвотнай аснове, то праз пару дзён ад гэтай арганізацыі застаўся б адзін назоў», – лічыць Павел Чэрвінскі.

Хлопцы не хочуць быць сябрамі арганізацыі, якая заснаваная на ідэалогіі асобных службоўцаў і не адказвае іх інтарэсам. Ім не падабаецца, што на членскім білеце дагэтуль стаіць партрэт Леніна і ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Маладыя людзі лічаць, што пры жаданні сёння можна ўступіць у любыя нефармальныя арганізацыі, якія створаныя моладдзю знізу. Сяргей і Павел хочуць самастойна выбіраць і ўступаць у тую грамадскую арганізацыю, якая найбольш адпавядае іх інтарэсам, і дзе яны змогуць ужываць і развіваць свае здольнасці.

Таму яны і напісалі лісты Лукашэнку і Генеральнаму пракурору з просьбай абараніць іх ад прымусовага ўступлення ў БРСМ. У канцы сваіх зваротаў, абгрунтавана чакаючы пераследу з боку адміністрацый навучальных устаноў за выказанае імі негатыўнае стаўленне да БРСМ, маладыя людзі просяць абараніць іх ад любых такіх дзеянняў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства