viasna on patreon

“Справа Алейніка” жыве і перамагае: з ГДУ адлічылі студэнта-выдатніка

2007 2007-09-13T09:57:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дэкан матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Сяргей Жогаль уручыў студэнту-выдатніку 3 курсу Зьміцеру Жалезьнічэнку выпіску з загаду рэктара Аляксандра Рагачова пра адлічэньне з унівэрсытэту. Афіцыйна ў загадзе напісана: “за сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку ўнівэрсытэту”.

Зьміцер навучаецца ва ўнівэрсытэце па спэцыяльнасьці “Праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгіяў”. Ён ня ведае дакладна, у чым выявілася ягонае “сыстэматычнае парушэньне Правілаў…”. На паседжаньне прэзыдыюму прафкаму студэнтаў, які даў згоду на адлічэньне, спадара Жалезьнічэнку ня запрашалі. Зьмест дакладной запіскі дэкана Жогаля на імя рэктара яму таксама ня вядомы.

Усе экзамэнацыйныя сэсіі за два папярэднія курсы Зьміцер здаў зь сярэдняй адзнакай “9” пры існуючай дзесяцібальнай сыстэме ацэнкі ведаў. За пасьпяховасьць нават атрымліваў падвышаную стыпэндыю. У мінулым годзе прапусьціў толькі 20 вучэбных гадзін. За гэта, праўда, меў заўвагу, якая пасьля абярнулася вымовай.

У дэканаце Жалезьнічэнка проста заявіў, што “падумае пра напісаньне тлумачальнай запіскі” наконт сваіх пропускаў, бо ведаў, што побач навучаюцца студэнты, якія маюць трохзначныя лічбы пропускаў. Адлічваюць жа зь унівэрсытэту, паводле Правілаў, за 60 прапушчаных гадзінаў.

“Сапраўднаю прычынаю майго адлічэньня з унівэрсытэту стала мая актыўная грамадзянская пазыцыя. Таму я буду ў судзе абскарджваць загад рэктара”, – сказаў Зьміцер Жалезьнічэнка.

У апошнія гады Зьміцер сапраўды актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх моладзевых імпрэзах у абарону беларускай мовы, культуры, гісторыі, сувэрэнітэту Беларусі, не цураўся акцыяў салідарнасьці са сваякамі зьніклых палітыкаў “Запалі свечку!”. Студэнта ня раз выклікалі на прафіляктычныя размовы супрацоўнікі рэгіянальнй управы КДБ.

Улетку Зьміцер Жалезнічэнка браў удзел у арганізацыі канцэрту беларускамоўных бардаў. Гаспадарчы суд аштрафаваў Жалезьнічэнку разам зь іншымі актывістамі на 310 тысяч рублёў – нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Сьведкамі ў гэтай справе выступалі трэцякурсьнікі гістарычнага факультэту ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, дзе й навучаўся спадар Жалезьнічэнка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства