viasna on patreon

Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што на Фралова напалі звычайныя рабаўнікі

2004 2004-07-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Валерыя Фралова і кіроўцу ягонага аўтамабіля зьбілі 1 ліпеня ў 23.20 у пад’езьдзе дому па Казарменным завулку ў Менску, дзе знаходзіцца службовая кватэра дэпутата. Як толькі Фралоў і ягоны кіроўца ўвайшлі ў пад’езд, на іх кінуліся невядомыя ў аднолькавых чорных масках. Білі па галаве, твары, нырках, рэбрах. Падчас бойкі скінулі на падлогу паштовую скрынку. Кіроўцы выбілі зуб, у Фралова адабралі партфэль, у якім знаходзіліся дакумэнты і кнігі, партманэ і пашпарт. Хто мог арганізаваць напад і зьбіцьцё? Вось як адказвае на гэтае пытаньне сам дэпутат: “Калі сёньня раніцай, да пятай гадзіны, мы былі ў міліцыі, нас спыталі: а ці былі на ваш адрас пагрозы? Я адказаў: “Так, былі. Летась Аляксандар Рыгоравіч сказаў мне, што месца мне ў Беларусі ня будзе, што парубім як капусту”. Я думаю, што гэтыя пагрозы пачалі ператварацца ў жыцьцё. Мабыць, гэта рэалізацыя ягоных словаў. Але мы зусім не зьдзіўляемся, таму што за намі ўвесь час сочаць, праслухоўваюць”.

Паводле спадара Фралова і кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца, зь якім генэрал 1 ліпеня лётаў у Маскву, і ў сталіцы Расеі іх адсочвалі чатыры чалавекі ў цывільным з тэлекамэрай. За два дні да гэтага Валерыя Фралова папярэдзілі, што супраць яго рыхтуецца правакацыя, раілі ўзяць ахову. Аднак зноў завесьці ахову дэпутат не пасьпеў.

Пракуратура Ленінскага раёна Менску ўзбудзіла крымінальную справу па факце нападу на дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова і ягонага кіроўцу. Справа заведзеная па артыкуле 206 частка другая (рабаваньне).

Як цьвердзіць міліцэйская зводка, 1 ліпеня ў 22.35 у Ленінскае раённае ўпраўленьне міліцыі зьвярнуўся генэрал Фралоў і заявіў, што паўгадзіны таму ў пад’езьдзе ягонага дома па Казарменным завулку група невядомых напала на яго і на кіроўцу. З выкарыстаньнем фізычнай сілы яны адабралі ў Фралова скураны партфэль, дзе было 200 даляраў, колькі кніг мастацкай літаратуры, асабістыя рэчы і ключы ад аўтамабіля. Сур’ёзных пашкоджаньняў пацярпелыя не маюць.

Супрацоўнікі міліцыі мяркуюць, што гэты напад ня можа быць кваліфікаваны як разбойнае нападзеньне. Зламысьнікі, відаць, хацелі проста напалохаць дэпутата і адабраць ягоныя рэчы. Пакуль міліцыя праводзіць папярэдняе расьсьледаваньне. Выконваючы абавязкі начальніка аддзела папярэдняга расьсьледаваньня Ігар Паўлючэнка адмовіўся паведамляць падрабязнасьці наконт гэтай справы.

Паводле начальніка ЖЭС №4 Аляксандра Лазарэвіча, дом па Казарменным завулку, 4, дзе жыве Валерый Фралоў, нікім не ахоўваецца. Апроч таго, там няма ніякай агароджы. Аднак на пад’ездах ёсьць мэталічныя дзьверы з дамафоннай сыстэмай, якія на момант злачынства былі абсалютна спраўныя. Ніхто ня ведае, як зламысьнікі маглі пранікнуць у пад’езд.

Паводле начальніка ЖЭСа, гэта першы выпадак, калі з дэпутатамі на Казарменным здарыўся падобны інцыдэнт, ніякіх іншых выпадкаў дагэтуль не было.

Тым часам, у прэс-службе Палаты прадстаўнікоў нічога ня ведаюць пра напад на дэпутата Валерыя Фралова і не зьбіраюцца рабіць прэс-рэліз з гэтай нагоды. (Паводле Радыё Свабода)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства