viasna on patreon

Таварны знак "Народная воля" аддалі С. Атрошчанку

2004 2004-07-02T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Таварны знак "Народная воля" належыць прадпрымальніку Сяргею Атрошчанку. Гэта пацвердзіла 1-га ліпеня апеляцыйная рада пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці, пакінуўшы ў сіле сваё рашэнне, прынятае ў снежні 2003 г.

Такім чынам, С. Атрошчанка цяпер можа запатрабаваць ад "Народнай волі" змяніць назву. Аднак галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч рашуча заяўляе, што не дазволіць насіць гэтае імя "ніводнаму нягодніку". Прадстаўнікі УП "Народная воля" збіраюцца аспрэчваць гэтае рашэнне ў вышэйшых інстанцыях.
Разгляд скаргі распачаўся 30-га чэрвеня. Прадстаўнікі УП "Народная воля" - патэнтны павераны Эдуард Свідэрскі і камерцыйны дырэктар УП Яўгенія Церахава - заявілі, што лічаць рэгістрацыю таварнага знаку памылкай. "Гэта - фірмовае найменне, якое абараняецца ў адпаведнасці з артыкулам 50 Грамадзянскага кодэкса, - падкрэслівае Э. Свідэрскі. - Паводле гэтага артыкула, Сярэдіч мае выключнае права на фірмовае найменне. У іерархііі заканадаўчых актаў Грамадянскі кодэкс стаіць вышэй за Закон аб таварных знаках".

"Народная воля" была зарэгістраваная Іосіфам Сярэдзічам як сродак масавай інфармацыі амаль 9 гадоў таму, і за гэты час ніхто не аспрэчыў яго аўтарства. Тое, што С. Атрошчанка ведаў пра існаванне гэтага "брэнду" на момант рэгістрацыі таварнага знаку, у прадстаўнікоў "Народнай волі" не выклікае сумневаў: прадпрымальнік ужо тады падаў некалькі судовых зыскаў супраць газеты. Акрамя гэтага, выданне распаўсюджваецца вялікім накладам па ўсёй краіне; неаднаразова яго публічна ўзгадваў А. Лукашэнка.

Паводле новага Закона "Аб таварных знаках", які пачаў дзейнічаць з 1-га студзеня 2004 г., С. Атрошчанка не змог бы зарэгістраваць "брэнд" "Народная воля" на сябе: Закон забараняе рэгістраваць таварны знак, які супадае з назвай СМІ, без згоды яго заснавальніка. У папярэднім дакуменце такой нормы не было. Прадстаўнікоў "Народнай волі" насцярожвае тое, наколькі аператыўна сп-р Атрошчанка паспеў скарыстаць стары Закон: рэгістрацыя заняла ў яго 3 дні, тады як у іншых выпадках заключэння экспертнай камісіі даводзіцца чакаць каля года.
"Іміджу газеты нанесены істотныя страты, таму што ўладальнік таварнага знаку цяпер можа звярнуцца ў адпаведныя органы, каб спыніць выхад газеты з назвай "Народная воля", - кажа кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Міхаіл Пастухоў. Ён лічыць рашэнне апеляцыйнай рады палітычна матываваным.

"Цяпер, па аналогіі з гэтай працэдурай, вы можаце пайсці і зарэгістраваць, напрыклад, таварны знак СNN альбо Forbes - і не пусціць сюды гэтыя CМІ, - папярэджвае патэнтны павераны Э. Свідэрскі. - Калі ў вас на руках пасведчанне на таварны знак, то вы можаце каго заўгодна выперці з гэтага рынку..." (Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў")

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства