Юрыя Бандажэўскага перавялі на вольнае пасяленьне

2004 2004-06-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыя Бандажэўскага на гэтым тыдні перавезьлі зь менскай турмы на так званае вольнае пасяленьне ў адну з былых вайсковых казармаў, што на Гарадзеншчыне. Пра гэта паведаміла жонка прафэсара Галіна. Везьлі яго ў цягніку “па этапу” ажно тры дні, цягам падарожжа тры разы правяралі рэчы. Але калі спадар Бандажэўскі выйшаў з вагона, то ледзьве не заплакаў: яго сустракаў на станцыі афіцэр, а не канвой з аўтаматамі й сабакамі, як звычайна. Рэжым утрыманьня Юрыя Бандажэўскага аблегчаны ў адпаведнасьці з заканадаўствам, бо ён адбыў у турме палову свайго васьмігадовага тэрміну зьняволеньня. Камітэт выкананьня пакараньняў мог перавесьці яго на пасяленьне яшчэ ў пачатку году, але дацягнуў да лета.

“Гэтая сыстэма створаная для таго, каб зламаць чалавека”, — зазначыла ў сувязі з гэтым Галіна Бандажэўская. У аўторак яна ўжо мела спатканьне з мужам на новым месцы, прывезла яму харчы, посуд, бялізну. У пакоях спэцустановы разьмешчана па 12 асобаў, якія адбываюць пакараньне, умовы жудасныя, кажа спадарыня Бандажэўская, халодная вада паступае зь перабоямі, але ўсё ж там лепей, чым у адзіночнай турэмнай камэры. Прафэсар цяпер можа больш-менш вольна хадзіць па тэрыторыі і дыхаць чыстым лясным паветрам. Галіна Бандажэўская апісала стан здароўя свайго мужа як здавальняючы, ён актыўна займаецца фізкультурай. Хаця сёлета ў студзені ён ледзьве не загінуў, калі турэмныя лекары няправільна паставілі яму дыягназ пры запаленьні апэндыцыту, якое перарасло ў пэрытаніт, і ў кішэчніку разьліўся гной, — паведаміла жонка былога рэктара Гомельскага мэдінстытуту.

Спадарыня Бандажэўская шкадуе, што і цяпер шанцаў на вяртаньне яе мужа да навуковай дзейнасьці няма. Але яна разьлічвае ўсё ж на датэрміновае вызваленьне Бадажэўскага, калі пройдзе дзьве траціны тэрміну, гэта чакаецца ўжо празь сем месяцаў.

Пасьля апошняй сустрэчы з мужам Галіна Бандажэўская адбыла ў Францыю зь вялікай групай чарнобыльскіх дзяцей, якія накіраваліся на аздараўленьне. Тым часам у Францыі праходзіць грамадзкая акцыя ў падтрымку прафэсара Бандажэўскага. Болей за 14 тысяч чалавек падпісалася пад маніфэстам з патрабаваньнем да беларускіх уладаў вызваліць прафэсара, як мага хутчэй даць яму магчымасьць вярнуцца ў навуковую супольнасьць і працягваць дасьледаваньні ў галіне ўплыву радыяцыі на здароўе чалавека.

Францускія праваабаронцы зазначаюць, што спадар Бандажэўскі мае права на агульную амністыю, якая нядаўна была абвешчаная ў Беларусі. Цяпер яны распачалі новую акцыю — рассылкі электронных лістоў пад назвай “Прафэсар Бандажэўскі ў турме” з мэтай дадатковага ціску на беларускія ўлады. Пакуль спадар Бандажэўскі быў у турме, яго абралі ганаровым грамадзянінам францускага гораду Клермон-Фэрана, пабраціму Гомеля.

Прафэсар Юры Бандажэўскі і ягоны калега прарэктар Гомельскага мэдінстытута Ўладзімер Раўкоў былі асуджаны ў 2001 годзе за хабар, які нібыта атрымалі ад бацькоў абітурыентаў Гомельскага мэдінстытуту. Падчас судовага працэсу праваабаронцы зафіксавалі восем парушэньняў дзейнага беларускага заканадаўства. Міжнародная і беларуская грамадзкасьць лічыць Бандажэўскага вязьнем сумленьня, які пацярпеў за тое, што паведамляў праўдзівую навуковую інфармацыю пра нэгатыўны ўплыў радыяцыі на здароўе людзей і крытыкаваў палітыку ўладаў у гэтай галіне. Аднак спробы грамадзкасьці дабіцца адмены прысуду спадару Бандажэўскаму плёну не прынесьлі.
Радыё Свабода

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international