viasna on patreon

«Чалавек, які носіць сонечнае святло ў кішэнях паліто». Маналогі блізкіх пра палітвязня Аляксея Мінава

2021 2021-09-26T13:05:59+0300 2021-09-27T14:18:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/photo_2021-09-22_21-50-49.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У жніўні ў Мінску затрымалі маладога настаўніка Аляксея Мінава. Выпускнік філфака БДУ, ён пачаў працаваць у сярэдняй школе яшчэ падчас навучання. Дзень затрымання мусіў стаць ягоным першым днём работы ў Ліцэі БДУ, куды ён пераразмеркаваўся на апошні год сваёй адпрацоўкі.

Мы папрасілі распавесці гісторыі пра Алеся трох ягоных сябровак і ягоную маці – маналогі чатырох жанчын склаліся ў вобраз мужчыны, які апынуўся за кратамі праз палітычны пераслед. Таксама мы папрасілі паказаць фотаздымак Алеся, які больш за ўсё адлюстроўвае яго такім, якім яны яго бачаць – і вось што ў нас атрымалася.

Сяброўка Жэня

Пра Алеся як сябра лепей за мяне распавядзе адна маленькая дэталь. Яшчэ ў пачатку нашага знаёмства недзе ў 2018 годзе мы пайшлі на лекцыю пра беларускую літаратуру, дзе (не памятаю, навошта) я паклала яму ў кішэню невялічкую ракавінку, якая ляжала ў мяне ў заплечніку з паездкі на мора. А ўжо пасля ягонага затрымання мы прыбіраліся з бацькамі Алеся ў ягоным пакоі. Я пацягнулася працерці кніжную паліцу – і знайшла гэтую ракавінку! Ён вельмі пяшчотна і сентыментальна ставіцца да ўспамінаў і да рэчаў, якія гэтыя ўспаміны ўвасабляюць.

Алесь вельмі любіць літаратуру, асабліва паэзію – і асабліва Уладзіміра Някляева. Ён абараніў дыплом па ягонай творчасці, а ў дзень затрымання пайшоў у РАУС, каб забраць ягоны зборнік – астатнія рэчы яго не так цікавілі. Апошні раз, калі мы бачыліся – гэта было за дзень да затрымання – ён доўга-доўга чытаў мне ўслых «Турму» Някляева. Такі вось сумны сымбалізм. Таксама ён вялікі аматар беларускай музыкі – менавіта ён пазнаёміў мяне з гуртамі, якія зараз складаюць адсоткаў восемдзесят майго плэйліста: «Новае неба», «Народны альбом», Шалкевіч і Вайцюшкевіч. Апошнім часам таксама захапіўся шыццём – забраў у бабулі швейную машынку, і як пачалося! Я і зараз хаджу з сумкай-шоперам, якую ён мне пашыў.

Напэўна, больш  за ўсё я люблю Алеся за яго абсалютна шалёную гатоўнасць заўсёды штосьці рабіць, кудысьці бегчы і нешта прыдумляць. Ён менавіта той чалавек, якому можна патэліць ноччу і паклікаць шпацыраваць па горадзе. Апроч таго, ён неверагодна ўпарты – калі нешта прыйдзе ў галаву, будзе рабіць усё магчымае і немагчымае, каб ператварыць гэта ў жыццё. Калі Алесь вучыўся ў школе і толькі пачынаў цікавіцца беларушчынай, ён вырашыў, што трэба пераходзіць на родную мову цалкам – вельмі пільна сачыў за сабой, увесь час шукаў цікавыя словы, вядома, шмат чытаў, а потым і пісаў сам.

Калі мы размаўлялі пра затрыманні, Алесь вельмі спакойна тлумачыў мне, што гэта – не канец, што нават за кратамі можна заставацца свабодным, і калі такое раптам адбудзецца – трэба браць сябе ў рукі і быць моцнымі. Тады я злавалася на тое, што можна так спакойна пра гэта казаць, а зараз ўдзячная яму: тыя размовы падтрымліваюць мяне маральна нават тады, калі яго няма побач.

Пра ягонае затрыманне я даведалася амаль адразу – мы перапісваліся і размаўлялі па тэлефоне, пакуль ён ішоў да РАУСа забіраць рэчы. Я хвалявалася за яго, прасіла патэліць, як выйдзе адтуль. Ён не патэліў. Наступныя два тыдні ў мяне і дагэтуль нібыта ў тумане. Адзінае, што ўрэзалася ў памяць, – неймаверная падтрымка са ўсіх бакоў: мы з сябрамі і бацькамі Алеся арганізавалі міні-штаб на ягонай былой кватэры – прыбіраліся, даглядалі ягонага коціка, проста збіраліся амаль кожны вечар, каб быць побач.

Сувязь з Алесем усталяваць аказалася даволі цяжка – першыя тры тыдні ведалі, што з ім і як, толькі праз адваката. Потым пачалі прыходзіць лісты – але іх пакуль вельмі мала. У першым лісце бацькам Алесь піша, што «упарта чакае» карэспандэнцыі. Я вырашыла, што буду так жа ўпарта пісаць –  і тады штосьці абавязкова атрымаецца. Канешне, вельмі страшна за яго, часам невыносна сумна, але я веру ў ягоную мужнасць і упэўненая, што ён зможа захаваць у сабе тую самую ўнутраную свабоду, якую заўсёды цаніў больш за ўсё.

Сяброўка Арыша

Алесь – неардынарная асоба: жыццярадасная, экспрэсіўная і месцамі – выбухная. Ён гатовы аддаць Беларусі ўсё без рэшткаў: вельмі рана зацікавіўся беларускай нацыянальнасцю і цалкам самастойна вывучаў тэматыку. Мяне заўсёды захапляла, як ён разбіраецца ва ўсім, што адбываецца ў Беларусі – астатні свет яго не так цікавіць. Ён глядзіць фільмы пра выбары розных гадоў у Беларусі, чытае Статкевіча, Севярынца, вершы расстраляных паэтаў, вывучае відэа пра беларускія дыялекты, ходзіць у беларускамоўныя тэатры… Няма чагосьці аднаго, чым ён цікавіцца ў кантэксце краіны – яго цікавіць Беларушчына цалкам.

У кампаніі Алесь той чалавек, які заўсёды стварае варушнякі: творчыя, адукацыйныя і кулінарныя вечары, Гуканне вясны і Купалле ў сябе на лецішчы... А нядаўна ён зладзіў Клуб садаводаў: сажаў расліны ў кантэйнеры з-пад яек, а мы з сябрамі прыходзілі, слухалі музыку і дапамагалі яму. Калі б ягоны кот Зянон, якога мы забралі з вуліцы, вылечылі, а Алесь яго прытуліў, усё не разбурыў, яно б і дагэтуль квітнела. Яго заўсёды лёгка выцягнуць у любыя паездкі па Беларусі: мы аб’ездзілі Полацк, Магілёў, Бабруйск. Больш за тое – у яго ёсць суперздольнасць збіраць вакол сябе добрых людзей і заставацца Алесем. Ён можа прапусціць нешта важнае – напрыклад, аднойчы ён праспаў мой Дзень народзінаў – але ў кампаніі менавіта ён той ланцужок, які ўсіх звязвае. Зараз я разумею, што ў ягоных сяброў няма агульнай патрэбы збірацца, гэта цяжка: усе збяруцца, а Алеся не будзе – і гэта неяк дзіўна.

Яго вельмі любяць дзеці: яны адчуваюць, што ён малады, ставіцца да іх лёгка. Не ведаю, як ён усё паспяваў: варушнякі, школа, класнае кіраўніцтва, пастаянныя падпрацоўкі. Ён вельмі радаваўся магчымасці працаваць у Ліцэі, гэта сапраўды ягонае месца. Але здарылася, як здарылася. Ён заўсёды казаў, што не хоча з’язджаць: любімая праца, кот, новая здымная кватэра – жыццё наладзілася. Але я спадзяюся, што там ён напіша шмат добрых твораў, бо апошнім часам мала пісаў: думаю, будзе расціць свайго паэтычнага генія зараз. Мы з сябрамі жартуем, што спадзяемся, што ён па старой памяці прысвяціць пару радкоў і нам. Я ўпэўненая, што ён знойдзе там аднадумцаў, але не дасць сябе зламаць: знутры ён вельмі ўпарты.

Сяброўка Наста

Мы пазнаёміліся з Алесем, калі я адмывала ягоны твар ад крыві: я ўбачыла ў школьным двары хлопца ў белай кашулі з разбітым тварам, які стаяў і ўсміхаўся. Мне было дзіўна! Яму разбілі нос, а ён вясёлы! З таго часу мы пачалі стасавацца. Мабільнікаў яшчэ не было, мы кожны дзень сустракаліся на прыпынку трамваяў і ехалі ў свае школкі. Не было ні адзінага дня, калі ён быў бы сумным. Мне здаецца, што ён заўсёды носіць сонечнае святло ў кішэнях паліто. Калі я была малой, я называла яго Чашырскім катом.

З самага дзяцінства ён адрозніваўся ад іншых дзяцей: цікавіўся рэчамі, якімі не цікавіліся іншыя дзеці ў яго ўзросце. Напрыклад – гісторыяй Беларусі, ягонымі кумірамі былі Янка Купала і Якуб Колас. Яшчэ гадоў у 15 мы абмяркоўвалі стасункі і заўсёды казалі, што Алесь улюбёны ў Беларусь. Калі зараз гэта здаецца не такім дзіўнымі, то тады былі іншыя часы, Беларушчына была нямодным атавізмам.

Алесь заўсёды збірае ў сваім коле сяброў – і нібыта стварае свой уласны піянерлагер. Мы чытаем адзін аднаму вершы, распавядаем гісторыі і абмяркоўваем кнігі, якія прачыталі. Потым ён пачаў размаўляць выключна па-беларуску, і гэта было цалкам натуральна. Шмат хто са знаёмых камунікуе на беларускай толькі з Алесем, я таксама размаўляю на мове толькі дзякуючы яму. І хаця ён не навязвае гэта, ты назіраеш за ягонымі паводзінамі, разумееш, што гэта цікава – і захапляешся. Яму важна дзяліцца інфармацыяй, якую ён знаходзіць. І ён заўсёды нешта выкладаў нам, нават калі не быў настаўнікам: магчыма, ён не ведае гэтага, але першай ягонай вучаніцай была я.

Адна з ягоных цікаўнасцей – беларуская паэзія. Алесь ходзіць на паэтычныя мерапрыемствы, дзе слухаў і чытаў вершы – у тым ліку, і свае. Калі ўлетку яго пасадзілі на суткі, а нам засталося толькі сядзець і чакаць інфармацыю, я ўсю ноч не магла заснуць і проста перапісвала ў свой нататнік з малюнкамі ягоныя вершы – так мне здавалася, што я з ім размаўляю. А ранкам аказалася, што дзякуючы таму, што я не спала, я хутчэй за ўсіх даведалася пра час суда, і мы ўсе паспелі на яго.

У адным з ягоных вершаў быў радок: «Божа, дай кожнаму верніку па салодкаму перніку». Ён вельмі любіць касцёлы і заўсёды нас цягае па іх, яму важна там прысутнічаць. Я думаю, што Алеся цікавіць іх гісторыя, мне заўсёды здавалася, што ён прыходзіць у касцёлы, каб апынуцца ў тым стагоддзі, у якім ён жыве. Бо яму больш пасуе іншае стагоддзе – напрыклад, час расстраляных паэтаў, якіх ён так любіць. Але больш за ўсё ён цэніць прозу Быкава: аднойчы ў нас была вялікая дыскусія, усе прапаноўвалі розныя варыянты і не маглі абраць, а ён сказаў, што Быкаў – адзінае, што маналітна.

Ва ўсім, што робіць Алесь, ёсць свая гісторыя. Ты прыходзіш да яго ў госці – а там ён усё нешта варыць, парыць, і кажа: «Мая бабуля выразала з газеты рэцэпт печыва, якое гатаваў папа Францыск, зараз будзем яго рабіць».

Алесь вельмі цярплівы сябра. Мы маглі доўга не стасавацца, але ён ніколі не абражаўся: мог патэліць праз некалькі месяцаў маўчання і паклікаць гуляць. Калі яго затрымалі, мне здалося, што нібыта затрымалі анёла-ахоўніка Беларусі. Думаю, што зараз ён там усміхаецца, бо нават пасля цяжкіх «сутак» ён распавядаў нам не пра выпрабаванні, а пра добрых людзей за кратамі. Мяркую, гэта пра вялікую моц, свабоду і волю ўнутры, калі ты не дазваляеш казаць сабе, што ты стаміўся і больш не вытрываеш.

Маці Ірына

Аляксей з дзяцінства жывы і неўтаймаваны, заўсёды ўсім цікавіцца. У нас рускамоўная сям’я, але Лёша пачаў самастойна вывучаць беларускую мову ў класе 6-7: гэта быццам было ў яго ў крыві. Мы яшчэ лагодна ўсміхаліся – так у яго пацешна атрымоўвалася. У яго добра развітыя і матэматычныя здольнасці. Але ў старэйшых класах ён ужо добра размаўляў па-беларуску, і ён абраў для вывучэння славянскую філалогію. Конкурс быў практычна нерэальным, я казала, што ён не паступіць. А ён быў упэўнены, бо хацеў вучыцца толькі там. Так і апынулася.

Потым ён працаваў з трэцяга курса, не ведаю, як усё паспяваў: вучыцца, працаваць, пісаць дыплом, займацца грамадскімі пытаннямі. Для яго няважнае пытанне грошай, яму цікава з дзецьмі. Ён быў класным кіраўніком у 5-7 класах, і я бачыла, колькі салідарнасці было ад ягоных дзяцей, калі яго затрымалі на «суткі»: бацькі дзетак і тады, і зараз моцна падтрымалі мяне. Адна маці сказала, што ніколі не бачыла Лёшу, але яе сын распавядае пра яго захлёбваючыся. Я ўпэўненая: ён пайшоў працаваць па пакліканні сэрца. Нават не верыцца, што ён стаў такім строгім настаўнікам: у школе ў ягоным дзённіку было больш чырвоных пазнак ад настаўнікаў, чым чырвоных запісаў. Зараз яму далі весці той самы 10-11 клас – дарослых, пра якіх ён так марыў. Але ў першы працоўны дзень яго затрымалі.

У Лёшы вельмі лагічнае мысленне: калі ён разважае аб нечым, з ім немагчыма не пагадзіцца. Ён таксама цікавіцца літаральна ўсім – гісторыяй Беларусі і іншых краін, палітыкай, эканомікай, тэатрам, літаратурай – у яго агромністая бібліятэка. Яго эрудыцыя сапраўды ўражвае. Вельмі любіць падарожжы – толькі не зімні і пляжны адпачынак. Мы ездзілі ў Карпаты, скарылі гору, яму вельмі спадабаўся Львоў і Івана-Франкоўск, Вільнюс. З сябрамі яны аб’ездзілі ўсю Беларусь. Сын вельмі добры і мірны: Аляксей і агрэсія – два несумяшчальныя паняцці. У яго вельмі вострае пачуццё справядлівасці, ён вельмі перажываў праз падзеі ў жніўні, а калі арыштавалі Статкевіча, я бачыла, як некалькі дзён ён быў сам не сваім: хваляваўся, што не можа змяніць нічога. Ён вельмі любіць Беларусь. Калі ўзнікла пытанне, ён сказаў: «Мама, я нікуды адсюль не паеду».

Лёша – шыкоўны кухар. У яго атрымліваецца ўсё, за што б ён не браўся: украінскі боршч, блінчыкі, салаты, чызкейкі, запечанае мяса. Ён заўсёды заняты, але калі ў яго з’яўляецца жаданне – бярэцца за справу і вырашае яе. Я з дзяцінства магла спадзявацца на яго ў розных побытавых справах: дапамагчы адвезці некуды дакументы, прыгатаваць ежу, прасачыць за сабакам ці кошкамі. Лёша вельмі любіць сваіх бабуль, а яны – яго. З дзяцінства яны бавілі шмат часу разам, бо мы з татам былі занятыя на працы. А калі падрос, Лёша заўсёды дапамагаў бабулям. Зараз адна з іх купіла руска-беларускі слоўнік, бо ў лістах ён просіць вучыць мову.

Сын – вельмі добры чалавек. Ён ніколі не зробіць подласць, але не будзе трываць яе ад іншых. Памятаю, у класе восьмым Лёша ўладкаваўся падпрацаваць расклейваць аб’явы ў лістападзе. Было вельмі халодна. А ў снежні ён купіў мне на дзень народзінаў 30 агромністых чырвоных руж – у нас нават вазы такой не было. Тады ён купіў і вялікую вазу, якая ставіцца на падлогу… Зараз мяне вельмі ўражвае, што сябры хвалююцца за яго ўсім сэрцам і дапамагаюць ва ўсім. І нават незнаёмыя людзі прыйшлі на дапамогу: напрыклад, адзін чалавек поўнасцю аплаціў Лешыну растэрміноўку за тэлефон. Ён сказаў, што сын – шчыры Беларус, а такім трэба дапамагаць. Чалавеку толькі споўнілася 23 гады, а вакол яго людзі, якія перажываюць за яго ўсёй душой: як маці, мне больш проста перажываць усё гэта. Атрымала ліст – і стала лягчэй: я бачу, што ён ставіцца да сітуацыі з гумарам. Зараз ён піша, што ў яго атрымалася досыць цікавая экскурсія ўнутры Пішчалаўскага замка. Ён ведае, як мы яго любім. Азіраючыся назад, здаецца, што была б з ім кожную вольную хвілінку. 

minau_8.jpg
Алесь з бацькамі

Падтрымаць Алеся лістамі салідарнасці, тэлеграмамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220030

Аляксею Васільевічу Мінаву

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства