Затрыманні працягваюцца па ўсёй Беларусі 20-21 верасня Дапоўнена

2021 2021-09-21T14:57:00+0300 2021-09-21T17:12:55+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/silaviki_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 20 і 21 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У палітзняволенага дудара Змітра Шыманскага дома адбываецца ператрус

Зміцер быў затрыманы 2 жніўня разам з іншымі музыкамі і знаходзіцца на Акрэсціна, паведамляе @by_culture.

Ператрус адбываецца ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюза «Нафтана»

@naftanStachka паведамляе, што праходзіць ператрус у офісе Беларускага Незалежнага прафсаюза першаснай арганізацыі ААТ "Нафтан". 


Лунінецкае выданне «Информ-прогулка» аштрафавалі за шкоду нацыянальным інтарэсам. У чым шкода, не сказалі 

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці 16 верасня аштрафаваў незалежнае выданне з Лунінца «Информ-прогулка» на 2900 рублёў. Яго прызналі вінаватым у нанясенні шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Рэдактар выдання Андрэй Вышынскі кажа, што ніякіх тлумачэнняў не атрымаў, паведаміла БАЖ

Ператрус у Наваполацку

У Наваполацку 21 верасня КДБ прыйшоў з ператрусам у кватэру старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза «Нафтана» Вольгі Брыцікавай, паведамляе «Рабочы Рух».


Затрыманні ў Віцебску

20 верасня ў Віцебску затрымалі мінімум восем чалавек. Сярод затрыманых – Канстанцін Бадэ, Дзмітрый Карнеенка. Вядома, што некаторыя з затрыманых раней прыцягваліся да адказнасці па адміністрацыйным артыкуле 24.23 КаАП. Прычыны затрымання высвятляюцца.


Затрыманне ў Бабруйску

18 верасня ў Бабруйску ў сябе дома затрымалі 30-гадовага Арцёма Мархасёва. Таксама ў яго кватэры быў праведзены ператрус. Пазней у інтэрнэце з'явілася "пакаяльнае відэа" з ім. Вядома, што яго абвінавачваюць у адміністраванні тэлеграм-чата «Бобруйск Белая церковь».


Семярых мінчукоў, якіх затрымалі за размаляваныя цюкі з сенажом, узялі пад варту і змясцілі ў турму. Сярод іх сям’я і бацькі непаўнагадовых дзяцей

2 верасня прэс-служба МУС паведаміла, што каля трасы М1 ноччу былі затрыманыя чатыры мужчыны і тры жанчыны з Мінска ва ўзросце ад 27 да 51 года. Прычынай затрымання стала размалёўванне на полі больш за 80 цюкоў з сенажом. Супраць затрыманых распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства).

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што затрыманыя Аляксандр Бабко, Ігар Мыслівец, Алена Дзядзюля, Вольга Дубовік, муж і жонка Андрэй і Кацярына Арыко, Максім Дубешка.

Пасля затрымання іх даставілі ў Дзяржынскі РАУС, дома ў іх былі праведзеныя ператрусы. Да суда ім усім абралі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту і змясцілі ў жодзінскую турму №8. Ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. У некаторых затрыманых ёсць непаўнагадовыя дзеці.


На выходных былі затрыманыя работнікі «Гродна Азот»

Пагерыла Андрэй і Жураўкоў Уладзімір знаходзяцца ў ІЧУ, Шэлест Сяргей паспеў пакінуць краіну. Усе гэтыя хлопцы працавалі ў адным з асноўных цэхаў заводу – Аміяк-3.

У 2020 годзе Уладзімір заявіў у відэа пра сыход у стачку. Шэлест і Пагерыла вывесілі нацыянальны сцяг Беларусі на тэлевізійнай вышцы ў Горадні на вышыні 150 метраў, за што былі затрыманыя, звольненыя і адседзелі суткі. Чаму мужчынаў затрымалі цяпер – не вядома.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства