Крыміналка на БелаПАНаўцаў, ліквідацыя БАЖ, новыя затрыманні: хроніка палітычнага пераследу 26-27 жніўня Дапоўнена

2021 2021-08-27T19:41:00+0300 2021-08-30T14:52:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicyja_90-90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйные фота

Ілюстрацыйные фота

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 26-27 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Палітзняволенага Ціхана Осіпава, якога асудзілі да 11 гадоў калоніі, змясцілі ў ШІЗА да 30 жніўня і пазбавілі перадач.


Апеляцыйны суд пакінуў у сіле прысуд палітзняволенаму палітыку Паўлу Севярынцу. Пра гэта паведаміла яго жонка Вольга:

«Апеляцыйны суд пакінуў прысуд Паўлу Севярынцу без зменаў. Адзінае, пералічылі 1 дзень СІЗА за 1,5 дні калоніі, таму Паша ўжо паўтара года адматаў. Засталося 5,5, калі падлічыць, але веру, што Бог падрыхтаваў для нас нешта зусім іншае».

Нагадаем, што Севярынец быў асуджаны на 7 гадоў.


У палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай моцныя праблемы са здароўем. Раней яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні.

Былая журналістка БТ Ксенія Луцкіна 8 месяцаў знаходзіцца за кратамі. Яе звязвалі са «справай Прэс-клуба», але нядаўна на Ксенію завялі новую справу.

Апошнія месяцы яна жыве на абязбольвальных — расце пухліна ў галаўным мозгу, піша «Наша Ніва».

«Дачцэ неабходна кансультацыя, мы дабіваемся, каб яе адвезлі на прыём у цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі, каб зразумець, што і як рабіць далей.

У Ксеніі да 1 верасня пасцельны рэжым. У яе моцныя галаўныя болі, пастаянна колюць абязбольвальныя. Я ёй таблеткі важу кожны панядзелак», — расказвае бацька.

Астатнія фігуранты справы «Прэс-клуба» выйшлі на свабоду: сплацілі ўрон і кампенсацыю, падпісалі прашэнне аб памілаванне на імя Лукашэнкі. 


Следчы камітэт паведаміў, што супраць палітзняволеных супрацоўнікаў беларускага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Ірыны Леўшынай, а таксама іншых асобаў распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры). Яны змешчаныя пад варту.

"Згодна з актам праведзенай праверкі кіраўнікамі БелаПАН у перыяд з чэрвеня 2018 па студзень 2021 года ўносіліся ў падатковую справаздачнасць загадзя ілжывыя звесткі, што пацягнула нявыплату ў бюджэт Рэспублікі Беларусь падаткаў на агульную суму звыш 100 тысяч рублёў", — заяўляюць у ведамстве.


27 жніўня прэс-сакратарка МУС паведаміла, што за ўдзел у масавых беспарадках затрыманы 18-гадовы жыхар Мазыра:

"Аператыўнікі гомельскага абласнога ўпраўлення ГУБАЗіК устанавілі, што ў жніўні мінулага года на тэрыторыі раённага цэнтра хлопец браў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Разам з іншымі пратэстоўцамі ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі, блакаваў рух транспарту, а таксама выкрыкваў пратэстныя лозунгі і кідаў камяні ў аўтамабілі праваахоўнікаў".

macyshenka_90.png
Аляксей Мацюшэнка. Скрыншот з відэа МУС

Праваабаронцам стала вядома, што затрыманы — Аляксей Мацюшэнка. Толькі 19 жніўня яму споўнілася 18 гадоў. Цяпер ён затрыманы і прызнаны падазраваным па раней узбуджанай крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.


У Магілёве затрымалі 29-гадовага Васіля Зайцава. Як распавялі праваабаронцам «Вясны», 25 жніўня хлопец ішоў міма будынку магілёўскага ГУБАЗІКа і наклеіў налепку з БЧБ-сцягам на сцяну. Калі ён ужо павярнуў за кут, да Васіля падышоў міліцыянт і пару чалавек у цывільным. Пасля дзвюх гадзінаў у ГУБАЗІКу ўвечары сілавікі паехалі да Зайцава з ператрусам. Пасля гэтага яго адпусцілі, але сказалі хлопцу прыехаць раніцай на наступны дзень. Калі Васіль прыехаў, яго змясцілі ў ІЧУ. Таксама ў адным з прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў з'явілася "пакаяльнае" відэа з Васілём.

nalepki_90.jpeg


Затрымалі лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара «Маладога фронту» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця. Як піша "Еўрарадыё", Урбановіча падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года. Між тым, па словах знаёмага, Урбановіч у той час быў у Лагойску.


27 жніўня папоўніўся спіс яшчэ 13 «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналамі і чатамі. Сёння экстрэмісцкімі прызналі:

  • «Крупкі Чат. Крупкі для жыцця»;
  • «Смалявічы палітдвіж»;
  • «Гэта Вілейка, дзетка»;
  • «Вілейка для жыцця»;
  • «Бараўляны інфа»;
  • «Бараўляны ЧАТ»;
  • «Заслаўе для жыцця»;
  • «Зялёны бор«;
  • «Калодзішчы ваенны гарадок чат»;
  • «Кобрын для жыцця»;
  • «Кобрын 97%»;
  • «Гродна Азот Чат»;
  • «СТРАЙКАМ АЗОТУ». 

Брэсцкую актывістку Алену Гнаўк пачнуць судзіць за абразу прэзідэнта 2 верасня.Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».

Нагадаем, супраць 64-гадовай брэсцкай актывісткі Алены Гнаўк, якую некалькі месяцаў таму асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» па «справе карагодаў», распачалі крымінальную справу за «абразу прэзідэнта». На разглядзе «карагоднай» справы, дзе жанчына выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: «9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псіхічна чалавек...».

Супраць 64-гадовай актывісткі з Брэста ўзбудзілі крымінальную справу за абразу прэзідэнта

Супраць брэсцкай 64-гадовай актывісткі Алены Гнаўк, якую 2,5 месяцы таму асудзілі па "справе карагодаў", распачалі крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта).

Кірыл Паўлавец пачаў адбываць пакаранне на «хіміі» — ён зноў у спісе палітвязняў. 31-гадовага Кірыла Паўлаўца абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама перашкодзе працы транспарту на «Маршы вызвалення палітвязняў». У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка палітвязню вынеслі прысуд: 3 гады «хіміі». Падчас дачы паказанняў Кірыл заяўляў пра збіццё ў РУУСе пасля затрымання.

З 26 жніўня Кірыл Паўлавец пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №17.


У вілейскага актывіста Паўла Хаванскага адбыўся ператрус.

«У мяне дома ў Вілейцы быў вобшук па крымінальнай справе за абразу Балабы», — напісаў Павел у фэйсбуку.


Ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці

Улады ліквідуюць гомельскую краязнаўчую арганізацыю «Талака». Суд аб ліквідацыі адбудзецца 15-га верасня.

За гады існавання краязнаўчай арганізацыі з яе шэрагаў выйшлі дзясяткі вядомых беларусаў: лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, бард і музыка Зміцер Вінаградаў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў і іншыя. Арганізацыя займаецца адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклору і рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў, паведамляе @shtodzien.

Таксама ліквідуюць арганізацыю, якая праводзіла фестывалі «Лістапад» і ТЕАРТ. Мінгарвыканкам вырашыў ліквідаваць «Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Рашэнне было прынятае 25 жніўня. Арганізацыя штогод праводзіла фестываль тэатральнага мастацтва ТЕАРТ і кінафестываль «Лістапад», якія сталі форумамі еўрапейскага ўзроўню.

У Горадні суд ліквідаваў ТАА «Гродна Лайф медыя». Заснавальнікаў абавяжуць да 30 лістапада ліквідаваць арганізацыю, якой належыць і незалежны партал HrodnaLife, Telegram-канал якога прызнаны экстрэмісцкім.

Мінскі гарвыканкам ліквідуе юрасобу Мінскай урбаністычнай платформы. Прычына такая ж як і ва ўсіх: "неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу дваццаці чатырох месяцаў запар".

Пры гэтым у Мінскай урбаністычнай платформе заяўляюць, што яны па Статуту некамерцыйная арганізацыя з правам ажыццяўлення камерцыйнай дзейнасці і за апошнія паўтара года рэалізоўваюць ужо пяты камерцыйны праект.

Сёння ў Вярхоўным судзе адбываецца працэс па ліквідацыі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Вярхоўны суд задаволіў іск уладаў аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Арганізацыя была зарэгістравана ў 1995 годзе. На цяперашні момант яе сябрамі з’яўляюцца больш за 1300 чалавек.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства