Заява ў сувязі з узмацненнем рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў у Беларусі і пазбаўленнем Дзмітрыя Лаеўскага адвакацкага статусу

2021 2021-08-02T18:54:12+0300 2021-08-02T18:59:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dmitrii_laevskii.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за 50 вядучых арганізацый, якія аб'ядноўваюць юрыстаў і адвакатаў, што прасоўваюць стандарты вяршэнства права і правоў чалавека, падпісалі адкрытую заяву ў сувязі з узмацненнем рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў у Беларусі і пазбаўленнем Дзмітрыя Лаеўскага адвакацкага статусу.

Заява была падрыхтаваная Хельсінкскім фондам па правах чалавека, Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў, Артыкль 19 у партнёрстве з Саветам юрыдычных і адвакацкіх супольнасцяў Еўропы (CCBE). Яе падтрымалі таксама розныя арганізацыі і супольнасці, якія аб'ядноўваюць беларусаў за мяжой.

У заяве адзначаецца, што з пачатку мірных пратэстаў, якія ўспыхнулі ў 2020 годзе пасля асуджаных міжнароднай супольнасцю прэзідэнцкіх выбараў, закон у Беларусі ператварыўся ў інструмент палітычных рэпрэсій, а адвакаты – ў ахвяраў палітычнага пераследу. Адвакаты, якія выказваюць погляды, адрозныя ад поглядаў дзеючых уладаў, ці якія прадстаўляюць у судах удзельнікаў пратэстаў ці дзеячаў апазіцыі, падвяргаюцца пастаяннаму ціску. Рэпрэсіі супраць адвакатаў прымаюць розныя формы, уключаючы крымінальны пераслед, адміністрацыйныя арышты, дысцыплінарныя спагнанні. За дзесяць месяцаў больш за дваццаць адвакатаў з актыўнай прафесійнай і грамадзянскай пазіцыяй у Беларусі былі пазбаўленыя права на прафесію. З глыбокім жалем варта канстатаваць факт, што галоўныя органы адвакацкага самакіравання ў Беларусі самі сталі праваднікамі цэнзуры і іншых рэпрэсіўных практык, а таксама ўзялі на сябе абавязак па "чыстцы шэрагаў" ад непажаданых адвакатаў. Яркай ілюстрацыяй таму служаць падзеі апошняга перыяду.

Арганізацыі-падпісанты заклікаюць усіх, хто верыць у каштоўнасці вяршэнства права, выказаць салідарнасць з Дзмітрыем Лаеўскім і іншымі адвакатамі, якія выконваюць місію па аднаўленні праўды і справядлівасці, а таксама па прадухіленні трансфармацыі закона ў інструмент аўтарытарнай палітыкі. Заклікаюць таксама:

  • асудзіць як акты палітычнага пераследу рашэнні аб выключэнні адвакатаў, прынятыя за апошнія 10 месяцаў Беларускай рэспубліканскай калегіяй адвакатаў, Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў, Мінскай абласной калегіяй адвакатаў, а таксама рашэнні аб пазбаўленні ліцэнзій Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі;
  • спыніць супрацоўніцтва з кіруючымі органамі вышэйзгаданых калегій у іх цяперашнім складзе ў сувязі з выкананнем рэпрэсіўных функцый, і не легітымізаваць іх як прадстаўляючых інтарэсы беларускіх адвакатаў да моманту, у якім іх дзеянні можна будзе прызнаць як адвакатуры, што рэальна адстойваюць незалежнасць;
  • аказаць падтрымку асабіста Дзмітрыю Лаеўскаму, Андрэю Мачалаву, Кацярыне Жалтанозе і ўсім іншым пазбаўленым прафесіі за актыўную пазіцыю і выказванне меркавання адвакатам, уключаючы адваката і палітычнага зняволенага Максіма Знака, які знаходзіцца ў следчым ізалятары.

Важна адзначыць, што крымінальная справа па палітычна матываваным абвінавачванні адваката Максіма Знака, а таксама Марыі Калеснікавай пачне разглядацца ў судзе 4 жніўня 2021 года. Справа будзе разгледжаная ў закрытым рэжыме, што толькі падкрэслівае карны характар гэтага працэсу.

Поўны тэкст заявы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства