Мінчука асудзілі да 5 гадоў калоніі за падрыхтоўку ва ўдзеле ў масавых беспарадках

2021 2021-02-03T13:38:49+0300 2021-07-03T18:51:42+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/harlovich_90_viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска асудзіў 3 лютага 30-гадовага Мікіту Харловіча да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках шляхам вырабу кактэйлей Молатава. Яго дзеянні кваліфікавалі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 295-3 і арт. 13 ч. 2 арт. 293. Мікіту затрымалі 27 верасня супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Курасоўшчыне каля лесапаласы: у хлопца з сабой былі дзве бутэлькі-кактэйлі Молатава — ён накіроўваўся іх тапіць у тэхнічным вадаёме, але не паспеў. Хлопец на судзе заявіў, што ў аддзяленні ГУБАЗіКа яго збівалі, каб атрымаць "патрэбныя паказанні" для відэароліка. 

Мікіта Харловіч у судзе 3 лютага. Фота: spring96.org
Мікіта Харловіч у судзе 3 лютага. Фота: spring96.org

У чым абвінававацілі хлопца?

30-гадовага Мікіту Харловіча абвінавацілі ў тым, што 27 верасня "знаходзячыся паблізу дома па вул. Казінца, 117 і ў іншых неўстаноўленых месцах па выкананні публічных заклікаў пасля праведзеных выбараў прэзідэнта Беларусі да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках з наступным удзелам у масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады", вырабіў два гаручых прадмета – кактэйлі Молатава, якія захоўваў у сябе ў хляве, а 27 верасня ўзяў іх з сабой і накіроўваўся на пратэст, "аднак злачынства не было даведзена да канца па незалежных ад яго абставінах па прычыне спынення злачыннай дзейнасці супрацоўнікамі органаў МУС".

Хлопца затрымалі ўвечары 27 верасня недалёка ад лесапаласы ў Курасоўшчыне. На месцы супрацоўнікі ГУБАЗіКа знайшлі ў яго ў заплечніку і ў чорным пакеце дзве шкляныя бутэлькі, у горлышкі якіх былі ўстаўленыя кускі тканіны. Па словах хлопца, у момант затрымання ён накіроўваўся тапіць бутэлькі ў тэхнічным вадаёме. Ён кажа, што гэта быў самы бяспечны спосаб пазбавіцца ад іх.

Мікіта Харловіч па ч. 1 арт. 295-3 КК сваю віну прызнае цалкам і раскайваецца, але не прызнае віну па арт. 13 ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса: ён не збіраўся ўдзельнічаць у масавых беспарадках.

Што адбывалася на судзе?

На судзе праз скайп, са змнененым голасам і ў балаклаве дапыталі знаёмага Мікіту, які сведчыў супраць яго. Харловіч заявіў, што гэтыя паказанні сведкі-знаёмага – "поўны паклёп і хлусня":

"Я ніколі не казаў Сашы [Качанаву], што хачу прымяніць дзесць кактэйлі Молатава на нейкіх акцыях пратэсту. Я яму і не казаў, што я вырабляў іх. Аб гэтым гутаркі наогул не ішло. Саша быў затрыманы 9-12 жніўня. І я не ведаю, што ён цяпер адпрацоўвае перад супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, якія ён грахі замальвае. Лічу, што гэта заведама ілжывыя паказанні супраць мяне”.

Таксама на судзе абвінавачаны распавёў пра збіванні яго супрацоўнікамі ГУБАЗіКа:

"Пасля гутаркі з аператыўнікамі, яны, мабыць, раззлаваліся чымсьці, пачалі лаяцца і казаць, што я зусім абарзеў, што я "самы разумны". Я глядзеў у падлогу. Мяне ўдарылі ў галаву. У мяне пацямнела ў вачах, мяне працягвалі збіваць. Калі гэта ўсё спынілася, то сказалі: “Утры яму [Харловічу] сліны”. Мне сказалі, што, калі не хачу паўтарэння [збіцця], то я павінен сказаць, што хацеў кінуць бутэлькі на дарогу, каб затрымаць нейкі транспарт, каб яны не патрапілі на працу і пачалі забастоўку. Я быў спалоханы і падаўлены. Я сказаў, што яны прасілі. Я ледзь не плакаў, калі гэта казаў. Гэта ўсё здымалі на мабільны тэлефон. У канцы я ўсё роўна сказаў, што на самой справе было, але яны прыбралі ўжо камеру. Але, мабыць, гэта ім не трэба было. Яны дадалі, што “гэта выдатны ролік для прэс-службы".

Харловічу таксама інкрымінавалі радыкальную перапіску ў тэлеграм-чаце "Мінск 97", што нібы падцвярджае яго намер удзельнічаць у масавых беспарадках, але Мікіта адмаўляе, што ён пісаў гэта. Адвакат выявіў у телеграме карыстальніка дакладна з такім жа нікам, як і ў Харловіча. 

На крымінальным працэсе ў судзе мінчук заявіў пра збіццё ў ГУБАЗіКу для атрымання “патрэбных паказанняў”

Суд Першамайскага раёна Мінска разглядае крымінальную справу супраць 30-гадовага Мікіты Харловіча. Яго абвінавачваюць у тым, што ён рыхтаваўся да ўдзелу ў масавых беспарадках і для гэтага вырабіў два кактэйлі Молатава.

Пяць гадоў за дзеянні, якія не нанеслі ніякай шкоды?

Дзяржаўная абвінаваўца Кулеш запрасіла ў суда для Харловіча пакаранне ў выглядзе пяці год калоніі ўзмоцненага рэжыму.  Абаронца Харловіча Сяргей Кротаў падкрэсліў, што цяпер на судах, звязаных з пратэстнай дзейнасцю, людзі атрымліваюць 5 гадоў пазбаўлення волі, калі нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, то бок калі нанеслі шкоду. У Харловіча ж усё знаходзілася на "зачаткавым узроўні".

У судовых спрэчках таксама адвакат заявіў, што ператрусы ў Харловіча 27 і 28 верасня былі праведзеныя незаконна без афіцыйнага дазволу пракурора. Больш за тое, як адзначыў адваката, незаконна правёўшы ператрус, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі прадметы, якія не адносяцца да матэрыялаў справы.

Харловіч: Я зрабіў тое, чаго сам спалохаўся

Мікіта Харловіч у судзе 3 лютага. Фота: spring96.org
Мікіта Харловіч у судзе 3 лютага. Фота: spring96.org

Мікіта Харловіч 2 лютага выступіў з апошнім словам:

"Я спадзяюся на справядлівасць і сумленнасць. Не было і дня, каб я не думаў аб сваім учынку. Усё жыццё я стараўся дапамагаць людзям і нават мая прафесія мае на ўвазе "несці ў свет нешта добрае". Усё, чаго я дабіўся – было дасягнута самастойнай і сумленнай працай. Я заўсёды глядзеў негатыўна на агрэсію і яе праявы. Заўсёды адразу вырашаў усе мірна.

Будучы эмацыйна прыгнечаным, перажываючы за навакольных я зрабіў тое, чаго сам спалохаўся. І ў выніку вырашыў, што ніколі і ні пры якіх абставінах не прымяню гэта [кактёйлі Молатава]. Маёй галоўнай мэтай стала пытанне ўтылізацыі гэтага. І калі б маё затрыманне не адбылося б, то злачынства, якое ставіцца мне ў віну,  ніколі б не адбылося па маёй уласнай ініцыятыве і перакананнях. Зараз жа я ўбачыў абсалютна чужое для мяне жыццё: як кашмарны сон. Прашу вас разабрацца ў гэтай няпростай сітуацыі, звярнуць увагу на довады і аргументы, разглядзець ў ва мне не агрэсіўнага злачынца, а, у першую чаргу, чалавека, які перажывае не толькі за сябе, але і за навакольных.

Я здзейсніў памылку, паддаўшыся эмоцыям, але ўсвядоміў, што гэта непрымальна. Распачаў спробу, хоць не ўдалую. Такія б думкі ніколі не выявіліся далей за словы. Я вельмі хачу вярнуцца да свайго паўнавартаснага жыцця, да сваёй працы і блізкіх. Прашу вас пачуць мяне, зразумець сітуацыю і прыняць справядлівае рашэнне. Дзякуй за выдаткаваны час".

Чым усё скончылася

Суддзя Максім Трусевіч 3 лютага асудзіў хлопца па двум артыкулам Крымінальнага кодэкса (ч. 1 арт. 295-3 і арт. 13 ч. 2 арт. 293) і асудзіў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства