У краму Symbal.by прыйшлі з праверкай, цікавяцца сайтам orsha.eu і іншыя факты палітычнага пераследу за 30 студзеня Дапоўнена

2021 2021-01-30T15:47:19+0300 2021-01-31T10:10:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/symbal.by.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Крама Symbal.by

Крама Symbal.by

30 студзеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

 У памяшканне крамы symbal.by на праспекце Машэрава 18, у Мінску прыйшла праверка з АБЭЗ РУУС Савецкага раёна. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведамляе Павел Белавус.

«У наша памяшканне, дзе раней была афлайн-крама і якое мы зараз выкарыстоўваем як офіс, прыйшлі каля 12:00 працаўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РУУС», – паведаміў дырэктар крамы Павел Белавус.

Паводле яго, у офісе знаходзіліся два працаўнікі. Зараз туды накіроўваюцца бухгалтар і намеснік дырэктара. Цягам гадзіны плануе прыехаць і сам Павел.

«Дакладнай інфармацыі, з якой прычыны прыехалі, у мяне няма, бо папрасілі супрацоўнікаў выключыць тэлефоны. Але, хутчэй за ўсё, як і да ўсіх, да каго ў апошнія дні прыязджалі, гэта звязана з прадукцыяй з бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоняй», – адзначыў дырэктар symbal.by.

4 супрацоўнікі symbal.by ў РУУС Савецкага раёна, АБЭЗ вынеслі з памяшкання на пр-це Машэрава, 18 усю тэхніку і тавар кампаніі: у 13.00 завезлі ў Савецкі РУУС намесніка дырэктара Мікіту Броўку і бухгалтарку Ксенію Міклашэўскую, у 19.30 пасля сямігадзіннага апісвання маёмасці і тавараў у Савецкі РАУС павезлі разам з затрыманымі рэчамі супрацоўніц Вольгу Ігнатовіч і Анастасію Трафімчык.


У ДФР зацікавіліся працай Аршанскага парталу orsha.eu.

У Дэпартамент фінансавых расследаванняў 29 студзеня былі выкліканыя на допыт у якасці сведак некалькі чалавек. Гэтых людзей аб'ядноўвае той факт, што ўсе яны мелі дачыненне да сайта. Усе яны падчас допыту падпісалі распіску пра неразгалошванне таямніцы следства.

Уладальнікам рэгіянальнага сайта orsha.eu з'яўляецца Ігар Казмерчак. Таксама ён валодае крамай сувеніраў "Цудоўная крама". Увосень на працягу трох месяц ДФР праводзіў праверку аб нявыплаце падаткаў, аднак парушэнняў не было выяўлена.


У Менску затрымалі чарговага адміністратара раённых тэлеграм-каналаў. Затрыманы 31-гадовы мужчына кіраваў чатамі «Жудро-суседзi» ды «Тарасава». ГУБАЗіК правёў у яго ператрус, забраў камп'ютар, 4 тысячы ўлётак, сцягі, налепкі, плакаты і 6 балонаў з фарбай для малявання графіці, паведамляе @pressmvd.

Мужчыну даставілі ў Фрунзенскае РУУС, у дачыненні да яго складзены адміністрацыйны пратакол за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, таксама вынесена афіцыйнае папярэджанне ў адпаведнасці з законам «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».


Учора ўвечары ў мінскай Малінаўцы сілавікі затрымалі сем пенсіянерак. Уначы адпусцілі толькі адну з іх, 68-гадовую з інваліднасцю. Пра гэта паведаміў сын вызваленай жанчыны, Дзмітрый Кавалгін. З яго слоў, пенсіянеркі сустрэліся, каб сабраць грошы для хворага дзіцяці. Сярод затрыманых:

Свірыдовіч Ларыса;

Сянкевіч Таццяна;

Кавалгіна Ніна;

Лядак Таццяна;

Курацкая Ірэна.


Праваабаронцам таксама стала вядома, што сёння на Гарадскім Валу ў Мінску сілавікі затрымалі дзяўчыну ў срабрыстай куртцы і аранжавай шапачцы. Яе завялі ў бусік, які мае нумар 0841-7 АС і звезлі.

Будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства