viasna on patreon

Гарадзенскіх журналістаў не пусцілі на нараду па ідэалогіі.

2004 2004-02-16T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12-га лютага гарадзенскіх журналістаў Анджэя Пісальніка і Ірыну Чарняўку выдалілі з залі, дзе праходзіла нарада Упраўлення інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкама з удзелам намесніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Карэспандэнтку Юлію Дарашкевіч увогуле не пусцілі ў памяшканне, дзе праходзіла мерапрыемства. Журналісты рыхтуюць скаргу ў пракуратуру на дзеянні чыноўнікаў. За апошні тыдзень гэты ўжо другі выпадак у Гродне, калі чыноўнікі Упраўлення перашкаджаюць прадстаўнікам недзяржаўнай прэсы выконваць прафесійныя абавязкі.
На нарадзе 12-га лютага абмяркоўваўся план мерапрыемстваў па ідэалагічнай рабоце на бягучы год. Акрамя супрацоўнікаў Упраўлення інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкама, на сустрэчы прысутнічалі галоўны рэдактар газеты "Вечерний Гродно" Аляксандр Кучынскі, дырэктар Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі "Гродна" Уладзімір Пярцоў, карэспандэнт агенцтва БелТА Рычард Салата, а таксама рэдактары дзяржаўных газет і кіраўнікі аддзелаў інфармацыі райвыканкамаў вобласці - агулам каля 50 чалавек.

На ўваходзе ў залю паседжанняў аблвыканкама Анджэя Пісальніка (газета "День") і Ірыну Чарняўку ("Белорусская газета") затрымаў намеснік кіраўніка Упраўлення інфармацыі Павел Скрабко, які заявіў, што гэта - "унутранае мерапрыемства" і запатрабаваў, каб тыя пакінулі будынак аблвыканкаму. Аднак журналісты спаслаліся на закон аб друку, які дае ім права прысутнічаць на гэткіх сустрэчах без запрашэння, і прайшлі ў залю.

Праз пэўны час П. Скрабко выклікаў міліцыянта з аховы будынка аблвыканкаму, па патрабаванні якога журналіст Анджэй Пісальнік пакінуў залю. Ірына Чарняўка заставалася ў памяшканні да пачатку паседжання. Тады кіраўнік Упраўлення інфармацыі Уладзімір Амелька прапанаваў прысутным прагаласаваць за выдаленне журналістаў з залі. Прапанову падтрымалі сем чалавек, аднак сп. Амелька абвесціў, што рашэнне прынята "адзінагалосна". Ірына Чарняўка падпарадкавалася, папярэдзіўшы, што запатрабуе выпіску з пратакола з вынікамі галасавання.
Служба маніторынга ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства