Хроніка палітычнага пераследу за 12 і 13 студзеня Дапоўнена

2021 2021-01-13T10:40:00+0300 2021-01-13T21:40:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dvor_marsh_12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дваровы марш у Фрунзенскім раёне 12 студзеня. Скрыншот відэа

Дваровы марш у Фрунзенскім раёне 12 студзеня. Скрыншот відэа

12 і 13 студзеня праваабаронцы "Вясны" працягваюць фіксаваць факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні і іншыя формы ціску на грамадзянаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволеннасць дзеяннямі ўладаў. 

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 13 студзеня

Раніцай 13 студзеня там падчас шпацыру са скандынаўскімі палкамі ў Шпілёўскім лесе ў Віцебску былі затрыманыя шэсць жанчын:

  • Таццяна Севярынец (маці Паўла Севярынца, адпусцілі),
  • Раіса Кухто,
  • Людміла Фамінская,
  • Людміла Валаткевіч,
  • Алена Каснова,
  • Тамара Ільіна.

Усе яны цяпер у Першамайскім РАУС Віцебску. Пра гэта паведаміла Ганная Севярынец на сваёй старонцы ў фэйсбуку.


Журналіста з Магілёва Уладзіміра Лапцэвіча выклікаюць у РАУС Ленінскага раёна ў якасці сведкі па невядомай крымінальнай справе, піша  тэлеграм-канал MAYDAY.


Стала вядома, што журналіст Андрэй Аляксандраў затрыманы і ўтрымліваецца ў РУУС Кастрычніцкага раёна г. Мінск. Прычына затрымання - невядомая. Пра гэта паведамляе БАЖ.

Дапоўнена: Андрэя Аляксандрава наведала адвакатка, стала вядома што журналіст затрыманы ў межах нейкай крымінальнай справы. Аднак, што за справа і ў якім статусе знаходзіцца затрыманы, адвакатка паведаміць не змагла, бо дала падпіску аб неразгалошванні. 

Пазней Следчы камітэт афіцыйна заявіў, што Аляксандраў затрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе, узбуджанай па арт. 342 КК - "Дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак".

Дзяўчына Аляксандрава - стваральніца кветкавага birdieshop Ірына Злобіна, з якой таксама не было сувязі з учорашняга дня, знайшлася ў сталічным ЦІП на Акрэсціна.


Дызайнера Анатоля Лазара, вядомага як Wiecier Mechaniczny, раніцай 13 студзеня забралі ў фінансавую міліцыю разам з кампутарам, піша Еўрарадыё. Жонцы сказалі — каб праверыць, ці сплаціў падаткі.

Вецер — культавы дызайнер. Ён працаваў над дзясяткамі прабеларускіх праектаў, ад цішотак да сайтаў.


Сілавікі прыйшлі таксама да Генадзя Вінярскага, кіраўніка выдавецтва "Кнігазбор". Забралі кампутар, тэлефон і самога Генадзя. Паводле інфармацыі Беларускага ПЭН-цэнтра, гэтым займаюцца супрацоўнікі АБЭП.


Больш за суткі на сувязь з блізкімі не выходзіць валанцёр штаба Валерыя Цапкала Ілля Бягун, паведамляецца ў тэлеграм-канале "Краіна для жыцця". 

Пасля падзей 9 жніўня, хаваючыся ад пераследаў уладаў, былы супрацоўнік Epam Ілля Бягун выехаў у Літву, дзе знаходзіўся да пачатку студзеня. Па словах сваякоў, у Мінск Ілля вярнуўся каля тыдня таму для афармлення важных дакументаў.

Мужчына перастаў выходзіць на сувязь 12 студзеня ў раёне 14:00. У абед у яго была прызначаная сустрэча ў цэнтры, куды ён не даехаў.  Праваахоўныя органы не пацвярджаюць факт затрымання Іллі Бегуна.


Пераслед 12 студзеня

Увечары ў дварах Мінска былі затрыманыя людзі, якія вышлі на вечаровы шпацыры. Праваабаронцам вядома пра затрыманні на вул. Варанянскага і Матусевіча, а таксама ў двары "Плошчы Перамен", дзе сабраліся людзі, каб успомніць загінулага Рамана Бандарэнку

Сярод затрыманых: 

  1. Барысюк Алена
  2. Вараб'ева Таццяна
  3. Зубовіч Кацярына
  4. Каляда Іван (забралі з дома, асудзілі на 25 сутак)
  5. Кісленка Раман
  6. Новікава Кацярына
  7. Пазняк Яўген
  8. Сарапулаў Герман
  9. Чудук Віталь
  10. Чабатарова Наталля (Гродна)

13 студзеня рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына паведаміла, што з 14:00 12 студзеня знікла сувязь з журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым.


Вечаровыя затрыманні адбыліся і ў Горадні, паведамляюць чытачы Белсат.

«У Горадні на раёне Вішнявец павінен быў прайсці марш. Сабралася каля 100 чалавек, толькі пачалі рухацца, як пачаліся затрыманні. Унутры калоны былі ціхары, яны пачалі выбягаць з яе і крычаць «працуем». Як мінімум чацвярых чалавек затрымалі і павезлі ў Кастрычніцкі РАУС».


У Гомелі 68-гадоваму пэнсіянэру МУС, актывісту АГП Уладзімеру Няпомняшчых у дадатак да першага абвінавачаньня — «пагроза гвалту» ў дачыненьні пракуроркі — выставілі яшчэ адно, за яе абразу. Паводле адваката, і ў «новым» абвінавачаньні пакуль няма канкрэтыкі. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода. 


Студэнцкая ініцыятыўная група піша, што студэнтцы БНТУ Настассі Булыбенка працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на 2 месяцы. 

Таксама на адзін месяц працягнулі зняволенне Глебу Фінцэру і Іллю Трахтэнбергу.

Дапоўнена: Тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы працягнулі і Ксеніі Сырамалот, і Алане Гебрэмарыям


Як паведамляе праваабаронца Алег Мацкевіч, у Барысаве за фотоздымак каля інфекцыйнай бальніцы з бчб-сцягам, дзе было напісана "Саша, мы цябе чакаем, але не ў гэтай бальніцы", арыштавана ўжо 4 чалавекі: Аляксандра і Елена Камісаравы, Уладзімір Хомчанка, прозвішча яшчэ аднага высвятляецца. Міліцыянеры шукаюць Івана Самсонава. У тых, каго забіраюць, робяць вобшукі, вынімаюць сімволіку.


Днём у Гарадзенскім дзіцячым хоспісе адбыўся другі ператрус - шукалі другі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, піша "Новы час" са спасылкай на дырэктарку Вольгу Вялічку

"Праводзяць вобшук незаконна, без дакументаў. Прыйшлі ў паліятыўны цэнтр, там, дзе цяпер праводзяцца заняткі з дзецьмі, крычаць, напужалі вучняў, напужалі супрацоўнікаў... Вось такая ў нас сацыяльна-арыентаваная палітыка ў дзяржаве. Калі ў ДФР развязаныя рукі", - напісала жанчына на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Пазней стала вядома, што ператрус у Гродненскім дзіцячым хоспісе раптоўна скончыўся - сілавікі сышлі, нічога не забраўшы. 

Нагадаем, раней у паліятыўны цэнтр ўжо прыходзілі праваахоўнікі, у прыватнасці, яны канфіскавалі тады апарат ШВЛ. Мяркуецца, што гэта адбываецца праз палітычную актыўнасць дырэктаркі хоспісу Вольгі Вялічкі, якая праз гэта была вымушана разам з сям'ёй пакінуць краіну.


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў 12 студзеня быў выкліканы ў цэнтральны апарат Следчага камітэта, каб даць паказанні па крымінальнай справе супраць заснавальнікаў Каардынацыйнай рады, піша Наша Ніва. Гэта ўжо трэці паход Казлова ў СК, але кожны раз ён адмаўляўся даваць паказанні, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі.

У гэты раз палітык таксама нічога не сказаў, але з яго ўсё адно патрабавалі падпісаць паперку аб неразгалошванні. На допыт прыйшоў участковы Партызанскага раёна Мінска, які забраў палітыка і яго адваката ў апорны пункт міліцыі, дзе склаў адміністрацыйны пратакол за адмову даць падпіску аб неразгалошванні. Суд над Мікалаем Казловым па артыкуле 23.4 «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы» прызначаны на 15 студзеня на 11:00.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства