Суд прыпыніў высылку актывіста, якога ўжо прымусова вывезлі з краіны

2021 2021-01-05T20:06:24+0300 2021-01-05T20:06:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/malashhenko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алег і Таццяна Малашчанка. Фота з сямейнага архіва

Алег і Таццяна Малашчанка. Фота з сямейнага архіва

Як піша intex-press.by, Алегу Малашчанку ў пачатку новага года прыйшла позва з'явіцца ў суд 14 студзеня, але ён знаходзіцца за мяжой.

Баранавіцкі актывіст Алег Малашчанка быў затрыманы міліцыяй і гвалтоўна дэпартаваны з Беларусі 30 снежня. Да гэтага, яшчэ 1 снежня, ён адправіў апеляцыйную скаргу на рашэнне аддзела па грамадзянстве і міграцыі Баранавіцкага ГАУС ва УУС Брэсцкі аблвыканкама, але да дэпартацыі адказу так і не атрымаў. Таксама загадзя ён напісаў у Баранавіцкі ГАУС ліст аб тым, што ён не можа выканаць патрабаванні аддзела па грамадзянстве і міграцыі, пакуль не прыйдзе адказ з упраўлення па грамадзянстве і міграцыі Брэсцкага аблвыканкама.

Праз некалькі дзён пасля дэпартацыі, 4 студзеня, на адрас, дзе пражываў Алег Малашчанка, прыйшло вызначэнне Баранавіцкага суда, у якім сказана, што справа аб высылцы мужчыны прыпыненая, распавяла Intex-press яго жонка Таццяна Малашчанка.

– Суд вызначыў распачаць грамадзянскую справу па скарзе мужа на пастанову АУС Баранавіцкага гарвыканкама аб высылцы з краіны. Алегу таксама прыйшла позва з'явіцца ў суд 14 студзеня. Але як гэта магчыма, калі цяпер муж за межамі Беларусі, – распавяла Таццяна Малашчанка. – Я мяркую, што аддзел грамадзянства і міграцыі Баранавіцкага ГАУС спецыяльна выслаў мужа з краіны да таго, як мы атрымалі дакумент з суда.

Алег Малашчанка — ураджэнец Баранавічаў. З сям'ёй ён жыве ў горадзе з 2004 года. У яго двое непаўналетніх дзяцей, жонка і 85-гадовая маці. Мужчына — былы афіцэр, заканчваў ваенную службу ў Расіі, таму аўтаматычна атрымаў расійскае грамадзянства. Пасля службы пераехаў на радзіму, некалькі гадоў быў уладальнікам крамы "Вадзянік", а пазней уладкаваўся працаваць на авіязавод.

Сям'я Малашчанкі актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці горада Баранавічы. Муж і жонка дамагліся адкрыцця ў горадзе беларускамоўных класаў, удзельнічалі ў нацыянальных праектах і папулярызацыі беларускай культуры, неаднаразова былі назіральнікамі на выбарах.

На думку жонкі Алега, Таццяны Малашчанкі, мужа выслалі з краіны з-за таго, што ўлады лічаць мужчыну адным з завадатараў пратэстаў у ААТ "558 авіяцыйны рамонтны завод", якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства