Суд аштрафаў мінчука, які спісаў сцены дома супрацоўнікаў АМАПу

2020 2020-12-03T09:55:30+0300 2020-12-04T19:34:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zapis_amapap.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Першамайскага раёна Мінска 3 снежня аштрафаваў 25-гадовага мінчука Германа Кузняцова на 200 базавых велічыняў (5400 рублей) па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за нанясенне "цынічных надпісаў" на сцяне дома па вуліцы Герояў 120-й дывізіі, дзе жывуць супрацоўнікі АМАПа і на трансфарматарнай будцы недалёка ад базы АМАПа. "Вясна" распавядае пра крымінальную справу мінчука.

Надпісы, зробленыя мінчуком 6 кастрычніка. Фота: прэс-служба МУС
Надпісы, зробленыя мінчуком 6 кастрычніка. Фота: прэс-служба МУС

Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч. Пацярпелымі па справе прызнаныя РУП Мінскэнерга і ГУУС Мінгарвыканкама, якія ацанілі маёмасную шкоду амаль у 260 рублёў. Такая сума ставілася ў віну хлопцу. Кузняцоў ўжо аплаціў усю суму шкоды. Аднак пазней гэтая сума была зменшана.

У чым абвінавацілі 25-гадовага мінчука?

Паводле абвінавачання, 25-гадовы Герман Кузняцоў 6 кастрычніка «фарбай ружовага і чорнага колераў учыніў на фасадзе будынка жылога дома №46 па вуліцы Герояў 120-й Дывізіі і на фасадзе трансфарматарнай падстанцыі, размешчанай па адрасе 44Б на вуліцы Герояў 120-й дывізіі грубыя і цынічныя надпісы, якія абражаюць гонар і годнасць грамадзян, якія дэманструюць грэбаванне да маральных каштоўнасцяў і грамадскага парадку, выклікаўшы тым самым у грамадзян пачуцця абурэння, прывёўшы ў непрыдатнасць фасады дома і трансфарматарнай падстанцыі, якія нельга выкарыстоўваць без ажыццяўлення рамонту, гэта значыць пашкодзіў маёмасць РУП Мінскэнерга і ГУУС Мінгарвыканкама, прычыніўшы матэрыяльную шкоду на суму 88 рублёў 2 капейкі і 128 рублёў адпаведна, пасля чаго схаваўся з месца здзяйснення злачынства і быў затрыманы відавочцамі дадзенага злачынства. Такім чынам, Герман Кузняцоў здзейсніў апаганьванне будынка цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах, гэта значыць злачынства, прадугледжанае артыкулам 341 Крымінальнага кодэкса". 

Віну Герман Кузняцоў прызнаў цалкам і раскаяўся, але пры гэтым адзначыў:

"Я, вядома, парушыў закон, але з іншага боку, не лічу ўсё ж такі, што я здзейсніў больш, чым адміністрацыйнае правапарушэнне. Але, напэўна, з-за палітычнай сітуацыі на мяне распачалі крымінальную справу".

Што адбылося ноччу 6 кастрычніка на вуліцы Герояў 120-й дывізіі?

Як распавядае Герман Кузняцоў, у двары на вуліцы Герояў 120-й Дывізіі ён прыехаў ноччу на ровары. Хлопец узяў з сабой два балончыка чырвонага і чорнага колераў. У матэрыялах справы напісана, што гэта фарба ружовага колеру. Калі прыехаў, адразу ў кустах пераапрануўся ў «брудную» вопратку.

"Гэта на выпадак таго, калі выпацкаюся або каб не даведаліся пасля. Таксама была балаклава каб схаваць свой твар ад камер, але я яе не паспеў выкарыстаць, яна ў мяне была на галаве проста", — распавёў абвінавачаны.

«Мне здалося, што там самае вялікае скопішча маіх будучых гледачоў»

25-гадовы мінчан распавёў на судзе таксама пра матывы сваіх дзеянняў ноччу:

«Пад ціскам усіх навін і СМІ, што адбывалася ў той час, унутры проста нахлынула нейкая эмоцыя. Я ўбачыў у телеграм-каналах адрасы дамоў, дзе размешчаны кватэры супрацоўнікаў АМАП. У мяне з'явілася ідэя прыехаць на гэтае месца і напісаць сваё меркаванне. Мне здавалася, што адбываецца нешта несправядлівае. Мне хацелася выказаць сваё меркаванне, але я не ведаў, як гэта зрабіць. Я падумаў, што калі пайду і напішу на плоце нешта, то гэта, груба кажучы, нешта зменіць. Я знайшоў адрас — мне здалося, што там самае вялікае скопішча маіх будучых гледачоў».

На жылым доме Герман Кузняцоў напісаў чорнай фарбай: «ОМОН, какого смотреть в глаза своим детям, убийцы?»

Пракурор спытаў, чаму менавіта гэтую фразу напісаў Герман. На што абвінавачаны адказаў, што "шмат неапраўданых забойстваў, неапраўданага гвалту, шмат відэаролікаў з усімі здарэннямі, не магу судзіць, арыгінальныя яно ці не, але ўсё гэта на мяне паўплывала".

На будынку трансфарматарнай падстанцыі Герман напісаў чырвонай фарбай: «ОМОНОВцы, на работе насиловать, дома убивать (зачеркнуто убивать) целовать».

"Хацеў зрабіць нейкую гульню слоў: дома гвалтаваць, а дадому прыходзіць і цалаваць каханую жонку. Па надпісе можна падумаць, што я адмыслова закрэсліў слова "забіваць", але я крыху памыліўся", — распавядае пра гэты надпіс Герман.

Аб затрыманні хлопца паведаміла прэс-служба МУС 

Па словах абвінавачанага, калі ён скончыў апошнюю надпіс, з дома выбеглі «дужыя хлопцы» і пагналіся за ім. Уцячы яму не ўдалося, таму што за ім беглі "бравыя хлопцы". Гэта было каля 4 раніцы.

"Я не супраціўляўся, мяне моцна не білі", распавядае пра затрыманне абвінавачаны.

Германа Кузняцова перадалі іншым супрацоўнікам АМАПу, якія даставілі яго ў Першамайскі РУУС. Пра яго затрыманне хлопца тады паведаміла прэс-служба МУС, якая таксама апублікавала відэа "раскаяння" хлопца. 

«Маладога чалавека затрымалі ўначы 5 кастрычніка самі супрацоўнікі АМАПа, калі той пакінуў чарговую надпіс на сцяне жылога дома», — гаварылася ў паведамленні МУС.

Пры гэтым, па матэрыялах справы, інцындэнт адбыўся не пятага, а шостага кастрычніка.

На яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт 17.1 КаАП Беларусі (хуліганства) за тое, што нібыта лаяўся матам і махаў рукамі. Хоць, як сказаў Герман на судзе, матам не лаяўся і нічога падобнага не рабіў. Па гэтым пратаколе Германа аштрафавалі на 50 рублёў. Таксама на яго была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса. У межах узбуджанай крымінальнай справы Германа Кузняцова пратрымалі ў ізалятары на Акрэсціна трое сутак, але потым адпусцілі на волю. З 10 кастрычніка да суда ён знаходзіўся пад хатнім арыштам.

Сведкі — супрацоўнікі АМАПа, якія ажыццяўлялі затрыманне Германа, у якасці сведак у суд не з'явіліся.

У бутэльцы не мача, а травяны чай

У матэрыялах крымінальнай справы пазначана, што на ровары Германа знойдзена таксама бутэлька з мочой.

"Я не ведаю, адкуль гэта інфармацыя. Гэта травяны чай. Гэта не мача, гэта памылка нейкая, не можа быць такога. Можа быць ён стаяў месяц у следчага і запах, але я з сабой браў гарбату, каб папіць", — патлумачыў Герман.

Суд не прыняў прапанову пракурора

У санкцыі артыкула 341 Крымінальнага кодэкса прадугледжаны такія віды пакарання як грамадскія працы, штраф або арышт. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіла суд пакараць Германа Кузняцова арыштам тэрмінам на адзін месяц. Але суддзя Максім Трусевіч не пагадзіўся з пракурорам і аштрафаваў Кузняцова на 5400 рублёў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства