Дэпутаткі з Літвы, Германіі і Аўстрыі далучыліся да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

2020 2020-10-23T16:07:49+0300 2020-10-23T16:59:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/rasa_jukneviien.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, дэпутаткі Раса Юкнявічэне (Еўрапейскі парламент, Літва), Эва Эрнст-Дзедзіч (Нацыянальная рада, Аўстрыя) і Дэлара Буркхардт (Еўрапейскі парламент, Германія) сталі “хроснымі” беларускіх палітвязняў Юрыя Уласава, Марыны Глазавай і Алега Мазгова.

 

Раса Юкнявічэне з групы ЕНП у Еўрапарламенце стала “хроснай” Юрыя Уласава. Яна заявіла:

“Прымаючы ўдзел у гэтай кампаніі, я хачу запэўніць усіх, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, у тым, што вы не адныя! Лукашэнка можа пасадзіць людзей за краты, але не можа закрыць іх ад свету. Жаданне свабоды не можа быць зачыненае ў турме. Я тут, каб сказаць палітвязням Беларусі, што мы з вамі. Мы бачым вас і чуем, нават калі вы ў вымушанай ізаляцыі”.

Эва Эрнст-Дзедзіч, прадстаўніца парламенцкай групы "Зялёныя" па знешняй палітыцы ў Аўстрыйскай нацыянальнай радзе, заявіла з нагоды свайго рашэння падтрымаць Марыну Глазаву:

“Я выказваю вялізную павагу ўсім грамадзянам Беларусі, якія не дазваляюць сябе запалохаць рэпрэсіямі і якія ўпэўнена адстойваюць свой дэмакратычны голас. Іх мужнасць і непахіснасць уражваюць. Я хацела б выказаць сваю салідарнасць з беларускім дэмакратычным рухам і, такім чынам, стаць “хроснай” палітвязніцы Марыны Глазавай, дзякуючы праваабарончай арганізацыі Libereco. Яна была арыштавана, нягледзячы на тое, што артыкул 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца і Беларусь, відавочна гарантуе права на свабодныя сходы. Таму я заклікаю неадкладна вызваліць Марыну Глазаву і астатніх палітвязняў у Беларусі”.

Дэлара Буркхардт, дэпутатка парламенцкай групы СДПГ у Еўрапарламенце, узяла шэфства над Алегам Мазговым. Яна заявіла:

“Я патрабую вызвалення палітвязня Алега Мазгова! Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіць жорсткія дзеянні супраць апанентаў, штабоў кандыдатаў, блогераў, мірных дэманстрантаў, прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Падчас дэманстрацый адбываюцца шматлікія затрыманні, якія часта суправаджаюцца жорсткім абыходжаннем і катаваннямі. Адзін з іх ахвяраў — 25-гадовы Алег Мазгоў, вызвалення якога я патрабую, а таксама ўсіх іншых незаконна затрыманых”.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” 46 палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Нямецкія і аўстрыйскія дэпутаты ўзялі шэфства над беларускімі палітвязнямі

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou дэпутаты Юрген Хардт (Бундэстаг, Германія), Лукас Мандль (Еўрапарламент, Аўстрыя) і Райнхольд Лапатка (Нацыяльны савет, Аўстрыя) сталі “хроснымі” Ігната Сідорчыка, Дзяніса Кірэшчанкі і Дзяніса Чыкалёва.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства