Лаўрэатам прэміі “За свабоду думкі” імя Сахарава названая дэмакратычная апазіцыя Беларусі

2020 2020-10-22T13:14:00+0300 2020-10-22T13:30:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/euraparlament-2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу.

Будынак Еўрапарламента ў Страсбургу.

Прэзідыум Еўрапейскага парламента назваў 22 кастрычніка лаўрэата прэміі "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава за 2020 год. Прэмію сёлета атрымала дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці

У шорт-ліст прэміі "За свабоду думкі" ў гэтым годзе ўвайшлі:

  • “Дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці”;
  • Абаронцы навакольнага асяроддзя Гуапінола і Берта Касерэс з Гандураса;
  • Арцыбіскуп Наджыб Муса Міхаэль з Іраку.

У складзе “Дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, прадстаўленай Каардынацыйнай радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці” 10 вядомых асоб:

Святлана Ціханоўская, былая кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі;

Святлана Алексіевіч, пісьменніца і нобелеўская лаўрэатка ў галіне літаратуры;

Марыя Калеснікава, палітычная дзяячка, сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штаба Віктара Бабарыкі, палітвязень;

Вольга Кавалькова, грамадска-палітычная дзеячка; сустаршыня БХД, сябра Каардынацыйнай Рады;

Вераніка Цапкала, грамадская актывістка, палітык, прадстаўнік аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай;

Сяргей Ціханоўскі, відэаблогер, аўтар YouTube-канала «Страна для жизни», грамадскі дзеяч, палітвязень;

Алесь Бяляцкі, грамадскі дзеяч, праваабаронца, былы палітвязень і вязень сумлення

Сяргей Дылеўскі, лідар стачкама Мінскага трактарнага завода, сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады;

Сцяпан Пуціла, журналіст, аўтар папулярных грамадска-палітычных каналаў у Беларусі;

Мікалай Статкевіч, грамадскі дзяяч, палітык, палітвязень.

Афіцыйнае ўручэнне прэміі адбудзецца 16 снежня ў Страсбургу.

Сябры Еўрапейскага парламента могуць вылучаць кандыдатаў на прэмію Сахарава ў верасні кожнага года. Кожны кандыдат павінен заручыцца падтрымкай як мінімум 40 членаў парламента, і кожны асобны дэпутат можа падтрымаць толькі адну кандыдатуру.


Прэмія "За свабоду думкі", названая ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, была заснавана ў Еўрапейскім парламенце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, якія вызначыліся ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў. Раней прэмію імя Андрэя Сахарава сярод беларускіх арганізацый і асоб атрымалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (2004) і палітык Аляксандр Мілінкевіч (2006).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства