Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXVI. ДОПЫТЫ, СУСТРЭЧЫ З АДВАКАТАМ

2020 2020-07-07T13:12:44+0300 2020-07-07T13:13:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/taciana_kasynkina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 жніўня сьледчая Тацьцяна Касынкіна прад’явіла мне абвінавачваньне. Перад абедам адчынілася “кармушка”, і дзяжурны кантралёр выгукнуў:

“Бяляцкі, рыхтуемся на выхад да сьледчага!”

Я пераапрануў трэнікі і майку на нагавіцы і кашулю, на ногі ўзьдзеў красоўкі, узяў асадку і чыстую паперу – усё маё канцылярскае майно. Праз некалькі хвілінаў бразгнуў ключ, і дзьверы адчыніліся:

“Бяляцкі, выходзім!”

Я выйшаў у доўгі цёмны калідор, дзе сьмярдзела тухлай капустай і адметным пахам турмы. Чымсьці падобным сьмярдзіць заўсёды на зашмальцаваных чыгуначных станцыях. Неўпрыкмет мы самі і ўсе нашыя рэчы набраліся гэтага турэмнага паху. Нездарма кантралёры і афіцэры, якія працуюць у СІЗА, не шкадуюць для сябе адэкалону. Пах адэкалону ў турме – адваротны бок турэмнай сьмярдоты. Увесь час яны існуюць побач. Я не палю, і тут, у камеры, нюх на пахі стаў яшчэ вастрэйшым, і водар адэкалону, якім шчодра пырскаюцца турэмшчыкі, я адчуваю метры за два.

“Да сьцяны! Рукі за сьпіну!” – загадвае кантралёр.

Я станаўлюся, закладаю назад рукі з чыстымі аркушамі паперы і асадкаю. Ён забірае паперы, прагортвае і хутка вяртае, затым па-хуткаму прамацвае плечы, бакі, праяжджае рукамі па нагах.

“Ідзем!”— наступны загад.

Кабінеты для следчых дзеяньняў і спатканьняў з адвакатам тут жа, з другога боку калідору. Туды адзін уваход і свой калідорчык, які вядзе да некалькіх пакойчыкаў па абодва бакі, дзе стаіць невялікі стол і два ці тры крэслы.

Следчая Таццяна Касынкіна. Фота з кнігі В. Каліноўскага
Следчая Таццяна Касынкіна. Фота з кнігі В. Каліноўскага "Справа Бяляцкага"

Касынкіна прыходзіць апранутая ў вузкія джынсы ў абліпку, у блюзцы з блёсткамі ці шчыльна прыталенай кашулі, так што праз прарэхі праглядаецца ліфік, размаляваная, як іракез на сьцежцы вайны. Я ў задуменьні: што гэта – яе натуральны стан, які адпавядае ўнутранаму, ці жаданьне адгарадзіцца ад такіх, як я – крымінальнай машкары, падкрэсьлена паказаць, што яна жыве ў іншым сьвеце? Ці ад пачатку мужчынская сістэма сьледакоў такім чынам паўплывала на яе ўспрыйманьне самой сябе? Загадка для псіхолага.

Дзьмітры, адвакат, які прысутнічае пры кожным допыце, наадварот, падкрэсьлена акуратна апрануты, вымыты, наадэкалонены, толькі залатая асада акуляраў паблісквае ў электрычным сьвятле. Пах ягонага адэкалону больш тонкі і даражэйшы за моцную штучную сумесь сьпірту і кветак, якой паліваюць сябе турэмшчыкі.

За тры месяцы, праведзеныя на Валадарцы, пройдзе можа пяць допытаў і дзясятак спатканьняў з адвакатам сам на сам. Допыты праходзяць вельмі фармальна, мы ўкладаемся, звычайна, у гадзіну. На ўсе пытаньні сьледчай у мяне адзін адказ:

“Згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі, адказваць адмаўляюся”.

Касынкіна спрабуе трымаць сябе ў руках, старанна запісвае мае “НЕ”, але часам яе прарывае. Паказвае фатаграфіі, дзе мы з Валянцінам Стэфановічам на Кубе, зьнятыя мабыць з працоўнага кампутара яшчэ пры першым вобшуку на “Вясьне” у сьнежні 2010-га, і каментуе:

“На Кубу езьдзіце!”

У яе голасе чуецца і зьдзек, і зайздрасьць, і сьляпая сьцярвознасьць.

“Ежджу”, – я спакойна ківаю галавой.

А сам думаю ў гэты час: “І якая твая справа? І куды ты гэтыя фоткі прышыеш?” Ня тлумачыць жа ж ёй, што езьдзілі мы на Кубу з місіяй падтрымкі кубінскіх дэмакратычных актывістаў, вазілі ім кілаграмамі лекі, флэшкі і ноўтбукі. Паказала, каб пацьвяліць і зрабіць выгляд, што яна ведае значна больш, чым я думаю. А можа, як апраўданьне для сябе, што сапраўды, яна разсьледуе справу злоснага падаткавага парушальніка, які ў той час, калі ўвесь беларускі народ вядзе сьціплы, працоўны лад жыцьця, катаецца па Кубах.

З адвакатам, калі мы сам на сам, сустрэчы больш утульныя. Дзьмітры – выпускнік Коласаўскага ліцэю, са мной гаворыць па-беларуску. Дзіўныя шляхі Гасподнія. Вольга Камар, якая да замуства была Канойкай, скончыла  Коласаўскі ліцэй, стала судзьдзёй, судзіла палітвязьня Парфянкова. Дзьмітры Лаеўскі, мой адвакат, таксама выпускнік таго самага, адзінага ў Менску беларускамоўнага ліцэю, які ўлады зачынілі ў 2003-м і загналі ў падпольле. Мая жонка пачынала выкладаць у ліцэі неўзабаве пасьля таго, як ён адчыніўся, на пачатку 90-х, і адпрацавала там шэсьць гадоў. Яшчэ і нармальных падручнікаў па гісторыі Беларусі не было, і яна, усхліпваючы ад нагрузкі, па вечарах самастойна распрацоўвала кожныя заняткі.

Звычайна, мы сядзім з адвакатам насупраць, нахіліўшыся над столікам. Мы ціха шэпчамся, часам толькі варушым вуснамі, ці пішам на паперках, прыкрываючы напісанае даланёй і перадаючы аркушыкі адзін аднаму. Затым усе цыдулкі Дзьмітры забірае з сабой. Сумневаў няма, што пакойчыкі для спатканьняў праслухоўваюцца, а спатканьні запісваюцца на відэа.

Зусім малады яшчэ Дзьмітры быў адвакатам у Андрэя Бандарэнкі па першай ягонай крымінальнай  справе. Дзякучы ягонай працы, таму ўдалося ў сакавіку 2011-га, пасьля амаль двух гадоў у турме, дабіцца апраўдальнага прысуду ў Мінгарсудзе. Падчас размоваў зь ім я бачу, што эйфарыя ад перамогі ў яго яшчэ не мінула, і ён верыць, што і з нашай справай можна будзе пазмагацца ў судзе.

Я настроены больш цьвяроза. Разумею, што нават калі мы ідэальна выступім у судзе, наўрад ці гэта паўплывае на што-небудзь. Але разумею, што чым лепей мы выступім, тым непрыглядней будуць выглядаць улады і больш недарэчнымі будуць вылучаныя супраць мяне абвінавачваньні. У гэтым мы зь ім згодныя. Будзем чапляцца за любую магчымасьць, любыя факты, якія змогуць даказаць, што грошы, якія выдаюць за мой даход, былі не маімі. Ніякага асабістага даходу зь іх я ня меў, таму і ня мусіў плаціць падаткі. У гэтым нашая стратэгія падрыхтоўкі да суду.

З самага пачатку я не адмаўляў у існаваньні гэтых рахункаў пасьля таго, як убачыў суправаджальны ліст з літоўскага міністэрства юстыцыі разам з банкаўскай раздрукоўкай у наш мінюст. Але больш ніякай інфармацыі па іх не даю.

У першыя тыдні зьняволеньня важна было правільна ацаніць тое, што адбылося. Было зразумела, што службоўцы Літвы і Польшчы зрабілі памылку, перадаўшы мае банкаўскія дадзеныя беларускім уладам. Але ні ў якім выпадку нельга было засяроджвацца толькі на гэтым. Галоўны віноўнік пересьледу і мяне, і Валянціна – беларускія ўлады. Гэты пункт погляду я перадаў маім калегам. Мой арышт быў толькі эпізодам у агульнай карціне рэпрэсіяў, якія абваліліся на дэмакратычныя сілы. Лукашэнка, абапіраючыся на палітычную і эканамічную падтрымку Масквы, вырашыў так стукнуць па дэмакратычным руху, каб мы і думаць забыліся пра зьмены, а займаліся выключна залізваньнем ранаў пасьля жорсткага разгрому. Урэшце так і атрымалася.

Праўда, і зьнешнепалітычныя выдаткі для ўладаў былі агромністыя. Пытаньне вызваленьня палітычных зьняволеных стала ці не галоўным ва ўсіх перамовах Захаду зь Менскам. Апошняя дыктатура ў Еўропе –  гэтае азначэньне палітычнага рэжыму ў Менску ізноў зазьзяла ва ўсю моц.

З адвакатам мы размаўляем у асноўным па нюансах справы. Я ня скарджуся на бытавыя ўмовы, магло быць і горш. З першага дня Дзьмітры піша шмат розных скаргаў і хадайніцтваў: на затрыманьне, на рашэньне сьледчай пра заключэньне пад варту, на пастанову аб прыцягненьні мяне ў якасьці абвінавачанага, урэшце – на недазволеныя спатканьні з жонкаю. Ён скардзіцца ў пракуратуру на адмову сьледчай задаволіць ягоныя хадайніцтвы, у Першамайскі суд на падаткавую інспецыю, бо тыя адмаўляюцца даваць важныя для абароны дадзеныя. Дзьмітры хадайнічае, каб спынілі крымінальную справу па самых разнастайных прычынах. Усе ягоныя звароты застаюцца без задавальненьня. Касынкіна бязьлітасная, гарадская пракуратура падтрымлівае абвінавачваньне, а Першамайскі суд двойчы працягвае ўтрыманьне пад вартай.

Але рабіць гэтую руцінную папяровую працу важна. Такім чынам мы фіксуем сітуацыю і выбіваем прапагандысцкі казыр з рук уладаў, што я згодны з тым, што са мной адбываецца.

Бягучыя навіны я даведваюся з прэсы. Я прашу Дзьмітрыя перадаць маім калегам, каб яны зьвярнуліся ў фонды, сродкі якіх былі на маіх рахунках, каб тыя падцьвердзілі, што грошы выдзяляліся на дзейнасьць “Вясны” і што яны ня маюць ніякіх прэтэнзіяў па іх выдаткаваньні. Важна, каб гэтыя завераныя і перакладзеныя паперы пасьпелі даслаць да суда. Я ўважліва вывучаю раздрукоўкі з літоўскага і польскага банкаў – адзіныя рэальныя дакументы, на якія абапіраецца ўсё абвінавачваньне. Усё гэта прыдасца падчас суду. Але па справе не тлумлю сабе галаву, пакуль яна не перададзеная ў суд і пакуль я ня маю магчымасьці паглядзець, а што ж ляжыць у тых тоўстых тамах, якія назьбірала на мяне сьледчая група.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XXV. ПРАГУЛКА Ў НОВАЙ “ХАЦЕ”

Перад абедам ці адразу пасля абеду нас выводзяць на прагулку. Я хаджу кожны раз, бо гэта адзіная магчымасьць зьмяніць абстаноўку, дзе вочы ўвесь час упіраюцца ў супрацьлеглую сьцяну камеры, ды падыхаць сьвежым паветрам, актыўна парухацца. Прагулка – істотная зьмена ў аднастайным зэкаўскім быцьці.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык, былы палітычны зьняволены. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства