У палітвязня Шклярава пагоршылася здароўе, ён перахварэў на каранавірус
Адвакат арыштаванага 29 ліпеня палітолага Віталя Шклярава Антон Гашынскі паведаміў пра рэзкае пагаршэньне здароўя свайго падабароннага пасля захворвання на COVID-19 у СІЗА. Пра гэта піша Tut.by.
Паводле адваката Гашынскага, у СІЗА Шклярава не лячылі, ён фактычна перанёс захворванне без адзінай таблеткі. Пасля хваробы Віталь Шкляраў моцна схуднеў.
«У пятніцу стала вядома, што ў яго посткаранавірусны сіндром: пачаліся праблемы з сэрцам, арытмія (збоі сардэчнага рытму), моцныя болі ў грудзях, бяссонніца. Сёння пры наведванні СІЗА адвакатам яго не вывелі. Заўтра буду спрабаваць яго наведаць раніцай. Ня ведаю, ці будзе ён жывы», — сказаў Гашынскі.
Раней былі звесткі, што ў верасні ў Шклярава некалькі дзён трымалася высокая тэмпэратура. Гашынскі паведамляў, што тэст арыштаванага на COVID-19 паказаў наяўнасць антыцелаў, таму верагодна, што на пачатку верасня Шкляраў перахварэў на каранавірус. Пры гэтым ні Шклярава, ні яго сукамэрнікаў не ізалявалі, кажа Гашынскі.
Палітвязню Віталю Шкляраву 29 верасня падоўжылі тэрмін арышту яшчэ на два месяцы, прыкладна столькі ж ён ужо знаходзіцца ў мінскім СІЗА.