У Савеце бяспекі ААН па ініцыятыве Эстоніі пройдуць слуханні па сітуацыі ў Беларусі
Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на МЗС Эстоніі, слуханні ініцыяваныя сумесна з ЗША і Вялікай Брытаніяй, якія з'яўляюцца чальцамі Савета бяспекі ААН, а таксама Канадай, Даніяй, Ісландыяй, Латвіяй, Літвой, Польшчай, Румыніяй і Украінай.
Пасяджэнне пройдзе 4 верасня ў фармаце відэасувязі, удзел у ім возьмуць спэцдакладчык ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Саховіч.
Старшынства на слуханнях возьме міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу.
«Эстонія лічыць важным даць пляцоўку тым, каго прымушаюць замаўчаць, — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны. — Савет бяспекі ёсць адным з самых уплывовых міжнародных форумаў для гэтай мэты, і ціск грамадзкасці можа дапамагчы зменшыць гвалт і сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі».
Урмас Рэйнсалу асабліва адзначыў, што навіны пра дэпартацыю іншаземных журналістаў і адмену акрэдытацыі для карэспандэнтаў замежных СМІ ў Беларусі дэманструюць важнасць атрымання праўдзівай інфармацыі пра падзеі ў краіне.
Прамая трансляцыя сустрэчы адбудзецца ў пятніцу, 4 верасня, у 17.00 па эстонскім часе на каналах МЗС ў Facebook і YouTube.