"Вясна" працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў працягвае кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў.
Што намі ўжо зроблена?
З дапамогай валанцёраў намі апытана і зафіксавана на відэа больш за 500 ахвяраў катаванняў.
З дапамогай міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый накіраваны зварот да спецдакладчыка ААН па катаваннях, і такім чынам запушчаныя спецыяльныя працэдуры ААН – камунікацыя спецдакладчыка ААН з прадстаўнікамі Урада Беларусі па праблеме выкарыстання катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання і мерамі, якія мусіць прадпрыняць улады Беларусі па іх раследванню.
Мы паўдзельнічалі ў падрыхтоўцы звароту 16-ці міжнародных і беларускіх праваабарончых арганізацый у Савет па правах чалавека ААН з просьбай аб скліканні адмысловай сесіі па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
Таксама звярнуліся да Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з патрабаваннямі неадкладна распачаць крымінальную справу па фактах катаванняў у дачыненні да затрыманых за ўдзел у дэманстрацых.
Намі аказвалася юрыдычная дапамога па зваротах у СК аб узбуджэнні крымінальных справаў па фактах катаванняў грамадзянаў.
Праз публікацыі на сайце і ў сацыяльных сетках ПЦ “Вясна” надалі галоснасці дзесяткам сведчанняў людзей аб катаваннях, што дапамагло стварыць шырокі грамадскі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і па-за межамі краіны.
Што мы яшчэ робім?
Мы працягваем працу па дакументаванню фактаў катаванняў і апытанні людзей, якія сталі ахвярамі жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з боку сілавых ведамстваў.
Супольна з групай адвакатаў працягваецца падрыхтоўка зварота ў Камітэта супраць катаванняў ААН з просьбай аб пачатку працэдураў Камітэта, прадугледжаных арт. 20 Канвенцыі супраць катаванняў ААН, удзельніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Працягваецца адвакацыя сярод зацікаўленых бакоў па запуску г. зв. Маскоўскага механізма АБСЕ – прызначэнне дадзенай міжнароднай арганізацыяй адмысловага спецдакладчыка па даследванню фактаў парушэнняў правоў чалавека ў краіне ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, у тым ліку і фактаў выкарыстання катаванняў.
Працягваецца адвакацыя па прыняцці санкцыйных мераў ЕС у дачыненні да службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, непасрэдна адказных за выкарыстанне катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання.
Вядзецца падрыхтоўка адмысловага дакладу па фактах выкарыстання катаванняў з мэтай ягонага прадстаўленння ў міжнародныя арганізацыі ў будучым.
Мы працягваем працу на дакументаванню фактаў катаванняў, і вы можаце звярнуцца да нас, каб расказаць сваю гісторыю.
Ад імя Рады ПЦ “Вясна” выказваем шчырую падзяку ўсім валанцёрам, медыкам і ўсім неабыякавым грамадзянам за аказаную нам дапамогу ў фіксаванні і дакументаванні фактаў катаванняў!
Збіраем і дакументуем факты катаванняў у Беларусі
Вашы гісторыі і сведчанні стануць доказамі злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.