viasna on patreon

Праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі тэрміновага склікання Савета ААН па правах чалавека для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі

2020 2020-08-26T18:30:31+0300 2020-08-26T18:36:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/minsk-2020-08-23-02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мірная акцыя пратэсту ў Мінску 23 жніўня 2020 года

Мірная акцыя пратэсту ў Мінску 23 жніўня 2020 года

Савет ААН па правах чалавека павінен тэрмінова склікаць спецыяльную сесію для вырашэння крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, дзе пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў улады пачалі поўнамаштабныя рэпрэсіі, гаворыцца ў адкрытым лісце Amnesty International і 15 міжнародных і беларускіх НКА да галоўнага праваабарончага органа ААН.

У ім таксама ўтрымліваецца заклік да Савета правесці незалежнае расследаванне парушэнняў правоў чалавека.

"Выбарчая кампанія 2020 года адзначылася беспрэцэдэнтным узроўнем пратэстнай актыўнасці і такім жа беспрэцэдэнтным прыгнётам правоў чалавека з боку ўладаў. Паліцыя ўжывала празмерную сілу, у тым ліку светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і вадамёты, супраць мірных дэманстрантаў, падвяргала іх збіццю і катаванням ва умовах утрымання без сувязі з вонкавым светам. Акрамя таго, некалькі пратэстоўцаў былі забітыя.

Улады паказалі, што яны без ваганняў прыменяць гвалт супраць сваіх уласных грамадзян і што яны маюць намер перашкаджаць расследаванню на нацыянальным узроўні злоўжыванняў праваахоўных органаў", – заявіла Мары Стразэрс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Яна таксама адзначыла:

"Мы занепакоеныя тым, што калі дзеянні ўладаў застануцца беспакаранымі, то на вуліцах Беларусі пральецца яшчэ больш крыві. Савет ААН па правах чалавека павінен даручыць правесці міжнароднае расследаванне парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў па міжнародным праве, учыненых напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў, з мэтай хутчэйшага прадухілення далейшых сур'ёзных парушэнняў".

Адкрыты ліст быў падпісаны сумесна 16 арганізацыямі, у тым ліку Amnesty International, Human Rights Watch, Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека (FIDH), а таксама беларускімі праваабарончымі арганізацыямі – Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Беларускім Хельсінкскім камітэтам, Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і іншымі.

Цягам трох дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ўлады пацвердзілі арышт прынамсі 6700 пратэстоўцаў. Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна", па меншай меры 450 затрыманых паведамілі аб катаваннях, у тым ліку аб жорсткім збіванні ці іншых формах жорсткага абыходжання, прымусе да здзяйснення зневажальных дзеянняў, пагрозах згвалтавання і іншых формаў гвалту, а таксама ўтрыманні пад вартай без сувязі са знешнім светам на працягу 10 дзён.

З 12 жніўня ўлады распачалі крокі па дээскалацыі сітуацыі, устрымаўшыся ад масавых арыштаў і вызваліўшы ўсіх раней затрыманых. Аднак пагрозы ў адрас мірных дэманстрантаў, нядаўна выказаныя прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і яго падначаленымі, а таксама нядаўняе разгортванне ўзброеных сілаў у сталіцы краіны Мінску і іншых месцах сігналізуюць аб магчымым новым вітку гвалту і спадарожных яму парушэннях правоў чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства