Сяброў Каардынацыйнай рады выклікаюць у Следчы камітэт
Сяброў Каардынацыйнай рады пры Святлане Ціханоўскай на пятніцу выклікаюць у Следчы камітэт. Вядома, што на 10:00 выклікалі сябра прэзідыўма рады юрыста Максіма Знака, а на 11:00 — кіраўніка страйкама Мінскага трактарнага завода Сяргея Дылеўскага, паведамляе "Еўрарадыё".
20 жніўня Генпракуратура пачала крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады. Генпракурор Аляксандр Канюк заявіў, што дзейнасць гэтага ўтварэння скіраваная на захоп дзяржаўнай улады. Расследаваннем справы займаецца Следчы камітэт.
Увечары 20 жніўня да дома яшчэ аднаго сябра прэзідыўма — экс-міністра культуры Паўла Латушкі прыехалі следчыя. Зранку стала вядома, што дом Латушкі запэцкалі фарбай. "Наша Ніва" піша, што следчыя акурат вывучаюць месца інцыдэнту каля дома Латушкі, які ўначы абляпалі фарбай.