viasna on patreon

Сведчаць пацярпелыя: Супрацоўнікі ўвесь час гнабілі мяне, што я цёмнаскуры

2020 2020-08-19T17:51:45+0300 2020-08-19T19:32:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gleb_899.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

Глеба затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтра "Скала". Паводле яго словаў, супрацоўнікі АМАПа затрымалі яго, калі ён проста ішоў па вуліцы ў навушніках. Наступныя трое сутак хлопец быў у Маскоўскім РУУС, на Акрэсціна і ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Глеб распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэты час.

Глеб. Фота: spring96.org
Глеб. Фота: spring96.org

"Я ўбачыў, што справа едзе сіні бусік. Ну, я іду далей, мне ўсё роўна. Але яны звярнулі ў двух метрах ад мяне і пабеглі за хлопцамі ззаду. Я спыніўся, падняў рукі ўверх. Мяне ўдарылі ў бок і зацягнулі ў бусік. У хлопцаў, якія ішлі ззаду, наогул стралялі, як аказалася.

Потым мяне перакінулі ў аўтазак. Адтуль – у Маскоўскі РУУС. Спачатку мы валяліся на падлозе з рукамі за спіной. Потым знялі шнуркі, рэмень, забралі асабістыя рэчы. Пасадзілі на крэсла. Ты сядзіш, абапіраючыся аб пярэдняе сядзенне, тварам уніз, рукі накрыж над галавой. І так мы сядзелі гадзін 12. Супрацоўнікі міліцыі ўвесь гэты час гнабілі мяне, што я чарнаскуры, фарбаваны – я тады быў з ружовымі валасамі з блакітнымі ўстаўкамі.

Калі я сядзеў на крэсле ў РУУС, то падышоў адзін, праверыў мае справы да гэтага і ўбачыў, што ў траўні 2020 года я звяртаўся з нагоды крадзяжу сумкі. Ён пачаў у грубай форме казаць: "Мы не бюро знаходак". І стаў проста біць мяне вось так (складае рукі ў замак і замахваецца) па галаве, па спіне. І пасля гэтага я атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.

У Маскоўскім РУУС у туалет выпускалі рэдка. Там людзі пісаліся пад сябе. Хадзілі па вялікім таксама пад сябе некаторыя – ад болю ці яшчэ чагосьці".

Затрыманых у міліцыі здымаюць на відэа, дзе яны павінны прадставіцца і расказаць за што яны затрыманыя. Глеб распавёў, што пасля відэаздымкі ў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, затрыманых збівалі:

"Знялі, разгортваюць да сценкі – і проста пачынаюць біць. Чацвёра. І ў канцы прылятае яшчэ ўдар у пах. Потым у прынцыпе ўжо не чапалі.

Потым адвезлі на Акрэсціна. Там у параўнанні з Маскоўскім РУУС ужо не білі".

Сілавікі збіццём пакінулі Глебу шнар на лбе. Фота: spring96.org
Сілавікі збіццём пакінулі Глебу шнар на лбе. Фота: spring96.org

Глеб распавёў, што яго асудзілі прама на Акрэсціна па арт. 23. 34 КаАП на 15 сутак арышту.

"На Акрэсціна нас спачатку паставілі да плота ўсіх на калені і галавой у зямлю. Потым па некаторых прозвішчах пачалі заводзіць у будынак. Там былі суддзі, мы падыходзілі да іх, яны зачытвалі нейкі артыкул, звязаны з мітынгам. У мяне ў пратаколе было запісана, што затрымалі мяне на "Пушкінскай" , а ў той дзень мяне там нават не было. Я пачаў з імі спрачацца. Яны ўсе перапісалі, але 15 сутак ўсё роўна далі".

На Акрэсціна Глеб з іншымі затрыманымі спалі ў шпацырным пакоі:

"Гэта бетонны пакойчык шэсць на шэсць ці менш з адкрытым небам. І там нас было 77 чалавек. Грэліся адзін аб аднаго, паравозікам. Мы чулі, як там білі новых. Дзяўчат і мужчын. Іх і электрошокерамі білі. Усю ноч здзекаваліся.

Назаўтра усё, што нам далі, – гэта шэсць боханаў хлеба, тры батона і тры літра вады. На 77 чалавек. Да гэтага мы не елі трое сутак недзе. На Акрэсціна я прабыў паўтара дня".

Глеб. Фота: spring96.org
Глеб. Фота: spring96.org

Затым Глеба з многімі іншымі затрыманымі перавезлі ў ЛПП №3 пад Слуцкам, дзе ён прабыў суткі.

"Ехалі мы да Слуцка з вайскоўцамі. Яны нам наогул сказалі, што павінны везці нас у сцяжках на руках, але яны не сталі гэтага рабіць.

Калі прывезлі ў ЛПП, нас перш за ўсё выбудавалі ў душ. Пасля душа адвялі ў пакоі з двухпавярховымі ложкамі, як у лагеры якім-небудзь. Сетак там не было. Кармілі таксама нармальна тры разы на дзень. Нават пакурыць выпускалі.

У Слуцку былі ў шоку ад таго, у якім выглядзе мы прыехалі. Там адразу ж прапаноўвалі медыцынскую дапамогу. І, калі ў кагосьці не было рэчаў, то яны адразу ж знаходзілі яму рэчы. А з Акрэсціна, пакуль табе што-небудзь не зламалі сур'ёзна: пазваночнік або рэбры, ты не з'едзеш у прынцыпе.

У ЛПП я прабыў суткі. У пятніцу ў 19:00 пачалі адпускаць. Выйшаў, там сустрэлі валанцёры, давезлі да Мінска да родных. Калі нас выпускалі, давалі падпісаць нейкае папярэджанне: калі нібыта яшчэ раз зловяць, то там ужо крымінальны артыкул да 15 гадоў".

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

Сведчаць пацярпелыя: Мне пашанцавала, бо я журналіст, а ныркі адбілі раней

Я, Герасімовіч Сяргей Валянцінавіч, быў затрыманы 10 жніўня, у 21 гадзіну вечара каля гатэлю “Юбілейная”. Мы шлі з калегамі, журналістамі, і размаўлялі, аўтамабілі на праспекце пачалі сігналіць і я падняў руку. І тут амапаўцы крычаць: “Ідзі сюды!” Я падыйшоў, і пачалася жэсць – закінулі ў аўтазак і адразу дубіналамі – ду-ду-ду.

Сведчаць пацярпелыя: "Застрэлім — і цябе не знойдуць"

18-гадовы Уладзімір Пагарцаў звярнуўся ў ПЦ "Вясна" ў рамках кампаніі па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых у выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Ён паведаміў, што яго, у параўнанні з іншымі затрыманымі, не білі так моцна – паколькі яго "абралі" для дачы інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу аб "каардынатарах дзеянняў пратэстоўцаў".

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства