viasna on patreon

"Адзін збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата". Сведчаць пацярпелыя

2020 2020-08-18T12:43:04+0300 2020-08-19T07:48:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vlad_solovei_5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) працягваюць дакументаваць выпадкі катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.

28-гадовага мінчука Уладзіслава Салаўя, памочніка выхавальніка ў дзіцячым садку, затрымалі 9-га жніўня і змясцілі на Акрэсціна. Там яго асудзілі на 14 сутак, а потым этапавалі для адбыцця адміністрацыйнага арышту ў ЛПП пад Слуцкам. Уладзіслаў распавёў "Вясне", што яму і іншым давялося перажыць за гэтыя пяць сутак зняволення.

Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org

Уладзіслаў распавядае, калі ў ноч з 9-га на 10-га жніўня затрыманыя выходзілі з аўтазака, супрацоўнікі АМАПу выбудоўвалі калідор, у якім білі дубінкамі кожнага праходзячага. Па словах Уладзіслава, пры гэтым прысутнічалі ўзброеныя людзі з аўтаматамі, у масках і з сабакамі.

"Пазней зразумеў, што гэта проста форма здзекаў"

"Пасля "калідора" нас паставілі ўздоўж плота на калені, прымусілі трымаць рукі над галовамі. Пры гэтым падыходзілі то да аднаго, то да іншага чалавека і білі. Спачатку я думаў, што гэта мае нейкую сістэму, але пазней зразумеў, што гэта проста форма здзекаў. Як нізка або высока ты не будзеш апускацца, стаіш ты на каленях у адной позе або ў іншай позе, цябе ўсё роўна будуць біць.

Таксама яны выкарыстоўвалі псіхалагічны ціск. Напрыклад, калі адзін чалавек цябе збівае, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата.

Па часе не ведаю колькі мы стаялі там, але затрымалі мяне ўначы і паднялі, калі была ўжо раніца. Нас загналі ўнутр. Там зноў збівалі. Нас распранулі, прымусілі перадаць усе асабістыя рэчы. А затым запіхнулі ў камеру, перад гэтым спытаўшы ў кожнага прозвішча, імя і дату нараджэння».

"АМАПавец збіў хлопца за тое, што ў яго прозвішча падобнае на Ціханаўскую"

Мінчук распавядае, што ў камеры, разлічанай на шэсць чалавек, змясцілі 30 затрыманых. З-за недахопу кіслароду некаторыя гублялі там прытомнасць.

"Таму мы стараліся ляжаць на падлозе, сядзець каля дзвярэй, дзе быў скразняк. Ад спёкі некаторыя людзі гублялі прытомнасць, хтосьці пачынаў трызніць, казаць нейкія глупствы. Але ў асноўным трымаліся.

Трое сутак нас наогул не кармілі, мы толькі пілі ваду з крана. Туалетную паперу далі не адразу.

Супрацоўнікі АМАПу паводзілі сябе цалкам неадэкватна, яны атрымлівалі задавальненне ад здзекаў. Паколькі наша камера знаходзілася на першым паверсе, то мы выразна чулі, як апытвалі і збівалі іншых людзей. Адзін АМАПавец да смерці збіў хлопца за тое, што ў яго прозвішча падобнае на Ціханоўскую – «Ціхановіч».

"Я і так забіваю цябе"

Яны запытваліся, ці ёсць сярод нас замежнікі. Адзін з хлопцаў сказаў, што ён з Украіны. Калі АМАПавец сказаў: "Слава Украіне", то хлопец машынальна адказаў: "Героям слава!" І гэта быў няправільны адказ для хлопца. Яго досыць моцна збілі пасля гэтага.

Хаця білі незалежна ад таго, што гаварылі людзі. Хтосьці крычаў, што галасаваў за Лукашэнку, але гэта ніяк не ўплывала. Адзін збіты да смерці хлопец павярнуўся, як мы зразумелі, ужо храпя, і сказаў: "Ну дык забі мяне". На што АМАПавец адказаў: "Я і так забіваю цябе".

"Хлопца збівалі, а дзяўчыну прымушалі глядзець"

Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org

Так прайшлі нашы суткі. 10-га ў камеру нікога не заводзілі, таму ў нас сфармаваўся інфармацыйны вакуум. Што адбывалася ў горадзе, мы разумелі толькі па крыках людзей. З гэтых жа крыкаў мы вызначылі, што будаваліся нейкія барыкады, паколькі АМАПаўцы называлі іх "барыкадчыкамі". Гэтым людзям даставалася асабліва моцна.

Таксама даставалася тым, у каго знаходзілі белыя бранзалеты, белыя стужачкі, бел-чырвона-белыя сцягі ці бірулькі, чахол на тэлефон у гэтым колеры – увогуле, любая сімволіка. Аж да чырвоных ці белых слухавак. Людзей, у якіх знаходзілі газавыя балончыкі, нажы, прытым усё роўна, гэта нож для рэзкі паперы, складны швейцарскі ножык раскладны, баявая зброя, таксама збівалі. Аднаго чалавека білі, пакуль ён не пачаў хрыпець. І потым мы чулі, як яны паклікалі кагосьці і сказалі, што трэба яго ўцягваць адсюль хутчэй. Калі хлопец трапляўся з дзяўчынай, то хлопца збівалі, а дзяўчыну прымушалі глядзець, альбо ж рабілі наадварот".

"Пры любой спробе павярнуць галаву, каб паглядзець на сілавікоў, чалавеку прылятала"

Мінчук распавёў, што тых людзей, якія катавалі, складана ідэнтыфікаваць. Як распавядае Уладзіслаў, адной з тых, хто катаваў, была дзяўчына.

"Я бачыў яе толькі на секунду, у масцы і з кармушкі. Гэта бландынка да 30 гадоў, невысокага росту. Яна адрознівалася асаблівай жорсткасцю і была павернутая на садызме сэксуальнага характару. Біла людзей па яйках, пастаянна пагражала, што ўсіх згвалціць. Яна ўвесь час скардзілася на людзей, якія плачуць і паводзяць сябе "як дзяўчынкі".

Многія там міжвольна спаражняліся пад сябе, хто ад страху, хто ад збіцця. Яна скардзілася, што ад усіх гэтых людзей дрэнна пахне, што "яны ўсё ў гаўне, ім варта было б паводзіць сябе як мужчыны, а не плакаць, як маленькія дзяўчынкі".

У двары пры любой спробе павярнуць галаву, каб паглядзець на сілавікоў, чалавеку прылятала. Нам казалі, што некаторыя з іх пераапраналіся ў міліцэйскую форму. Мы абсалютна дакладна ўпэўненыя, што тыя, хто быў у двары са зброяй, былі наймітамі. Гэта былі не АМАПаўцы".

"Некаторыя суддзі сядзелі проста ў калідоры за сталамі"

Судзілі затрыманых падчас акцый прама ў ізалятарах. Уладзіслава Салаўя асудзілі на 14 сутак па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Уладзіслаў больш падрабязна распавёў, як праходзіў суд:

"Нас прывялі на суд ужо на трэці дзень. Суд быў у тым жа будынку. У іх не было месцаў, яны прывялі ў нейкія пакойчыкі суддзяў. Некаторыя суддзі сядзелі проста ў калідоры за сталамі.

Нас адвялі на другі паверх, там паставілі на калені. Зноў білі. І па адным заводзілі ў "суд". Там нейкая "суддзя" спакойным голасам сказала мне, што я абвінавачваюся па артыкуле 23.34 КаАП, так як я выкрыкваў лозунгі, быў там у нейкі час. Да таго моманту ўжо ўсім усё было ясна: абсалютна пляваць, што ты скажаш "так" або "не".

Мне далі 14 сутак. Камусьці – 13, камусьці – 15. Думаю, тэрміны раздаваліся проста рандомна, па лічылачцы, але дакладна не грунтуючыся на нейкіх фактах або перакананнях. Пасля гэтага нас зноў ставілі на калені, зноў білі".

"Проста ў полі нас перакідалі ў іншы аўтазак"

Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org

На чацвёртыя суткі Уладзіслава з многімі затрыманымі перавезлі ў іншае месца, бо на Акрэсціна ўжо не хапала ўсім месца. Уладзіслава перавезлі ў ЛПП пад Слуцкам.

"Раніцай нас нечакана пачалі выклікаць па прозвішчах і казаць, каб рыхтаваліся кудысьці пераязджаць. Некаторыя цешылі сябе надзеяй, што нас проста выпусцяць, бо ўначы АМАПаўцы змяніліся канваірамі: ці то тэрміновікамі, ці то простымі міліцыянтамі.

13-га нас выцягнулі і змясцілі ў аўтазакі. Я сядзеў у стакане з таксістам. Ён добра ведаў горад, казаў: "Так, цяпер будзе ляжачы паліцэйскі". І дакладна. Потым сказаў: "Калі цяпер пойдзе пад мост, значыць – на Жодзіна, калі на мост – на Слуцк. Мы паехалі на мост. Што ў Слуцку – незразумела. Здаецца, там няма нейкай калоніі, ізалятара.

Пакуль нас везлі, спачатку ў аўтазака пракалолася кола, яны яго мянялі, а потым ён наогул зламаўся, і проста ў полі нас перакідалі ў іншы аўтазак. Нас прывезлі на месца да вечара ў лес на нейкае КПП. Было шмат аўтазакаў, а нас – больш сотні. Канваіры хутка выкінулі нас і перадалі вайскоўцам. Там знаходзілася ЛПП і, мабыць, нейкая закінутая частка, якую ў спешцы перараблялі пад ІЧУ або СІЗА. Было бачна, што яны пабудавалі на хуткую руку драўляныя платы і абгарадзілі іх калючым дротам. Але па агульным перыметры. Унутры баракаў, якія былі як бы не баракі, а проста будынкі: сталовая, царква, непасрэдна будынак для пражывання – яны адгарадзіць не паспелі, як у лагернай сістэме. І ўжо прама пры нас капалі хутка ямы і ставілі драўляныя слупы.

"Калі ласка, трымаеце ручкі за спіной"

Вядома, з ваеннымі было лягчэй. Яны спрабавалі паводзіць сябе з намі як са зняволенымі, але іх фразы "Калі ласка, трымаеце ручкі за спіной" выклікалі ў нас цяпер толькі замілаванне.

Нас адвялі ў душавыя кабіны, таму што не было жывога месца на людзях, усе брудныя. Мы былі першыя, ноччу давозілі людзей, пад канец усё было ўжо занята. Прывозілі у іншыя баракі. Ішлі цэлыя калоны.

Пад Слуцкам таксама былі аўтаматчыкі, але іх вочы ўсё выдавалі. Гэта былі тэрміновікі ў масках, якія ўвесь час перабіралі аўтаматы і глядзелі на нас, хаваючы вочы і не разумеючы, што яны тут робяць.

"Паеў, памыўся, можаш нават кнігу прачытаць – ты ўжо чалавек"

Нас накармілі сняданкам. Нават раздалі кнігі. Мы хапалі іх прагна. Таму што часу асабліва не было, а людзей шмат. Яны проста прынеслі іх у мяшках. Мы разабралі, а потым ужо хадзілі паміж шконкамі і мяняліся.

Хацелася чагосьці нармальнага, ці што. Вось ты паеў, памыўся, можаш нават кнігу прачытаць – ты ўжо чалавек. Ад сэрца адлягло, што мы ўжо не там, і значыць, нешта адбываецца. Нас хаця б не пазабівалі.

Потым нас усіх выклікалі на КПП, куды прыехаў нейкі міліцыянт. Ён распавёў, што "мы кінулі кліч, звонку вас чакаюць праваабаронцы, людзі, сваякі – гэта значыць мы такія малайцы". Яшчэ сказаў, што нам усім трэба падпісаць чыстасардэчнае прызнанне, што выклікала, вядома, рогат, таму што ўсім было пляваць, што напісана ў гэтых паперках, абсалютна. І што нашы суткі як бы не адбытыя, і ў выпадку, калі хто-небудзь з нас яшчэ засвеціцца, дадуць наступныя суткі, а гэтыя пойдуць дадаткова.

І вось нас выпусцілі. За другім КПП нас чакалі сям'і. Гэта быў глыток свежага паветра. Было вельмі прыемна, калі мы ўбачылі столькі людзей. Я ўбачыў там сваю маці. Наперажывалася".

"Я распавяду, што змагаўся з цмокам, але прайграў і потым вывучаў яго пячору" 

Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org
Уладзіслаў Салавей. Фота: spring96.org

Я хачу даць бой страху, які яны спрабуюць нам навязаць. Бо яны не проста так у масках – яны спрабуюць змяшацца з шэрай масай. А мы пойдзем іншым шляхам. Мы пакажам, што гэта я, асоба, вось мой лёс, вось маё жыццё.

Я зараз працую памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе, працую з дзецьмі. Яны чакаюць мяне. Калі маці прыйшла да загадчыцы, тая заплакала. Ім я раскажу, што змагаўся з цмокам, але прайграў і потым вывучаў яго пячору.

Мая зброя – гэта якраз асоба. Мяне клічуць Уладзь Салавей, гэта мая краіна, гэта мой дом, я нікуды адсюль не паеду. Гэта павінна стаць прыкладам людзям, хто быў там са мной і баяцца. Я звяртаюся цяпер да гэтых людзей: не бойцеся, я ведаю, што вам страшна, гэта нармальна. Мне таксама страшна. Пытанне ў тым, куды мы накіруем свой страх. Калі ты накіруеш яго наперад, ён саслужыць табе карысць. Галоўнае, каб ён табой не завалодаў".

Іншыя гісторыі пацярпелых ад катаванняў з боку беларускіх сілавікоў:

Сведчаць пацярпелыя: У Маскоўскім РУУСе білі берцамі па галаве

Я, Мішакоўскі Дзмітрый Леанідавіч, 1982 года нараджэння, быў затрыманы ў Маскоўскім раёне, каля станцыі метро «Малінаўка» 12 жніўня каля паўдзесятага вечара. Амапаўцы за кімсці гналіся, я трапіўся ім пад руку, яны паклалі мяне ці то ў аўтобус, ці то ў аўтазак, ужо не памятаю. Забралі адразу тэлефон, зламалі яго, пыталіся пароль ад тэлефона, на якой падставе – мне незразумела. Адвезлі ў Маскоўскі РАУС, у аўтазаку асабліва не білі, а ўжо ў Маскоўскім РАУС пачалі збіваць.

Сведчаць пацярпелыя: Мне пашанцавала, бо я журналіст, а ныркі адбілі раней

Я, Герасімовіч Сяргей Валянцінавіч, быў затрыманы 10 жніўня, у 21 гадзіну вечара каля гатэлю “Юбілейная”. Мы шлі з калегамі, журналістамі, і размаўлялі, аўтамабілі на праспекце пачалі сігналіць і я падняў руку. І тут амапаўцы крычаць: “Ідзі сюды!” Я падыйшоў, і пачалася жэсць – закінулі ў аўтазак і адразу дубіналамі – ду-ду-ду.

Сведчаць пацярпелыя: "Застрэлім — і цябе не знойдуць"

18-гадовы Уладзімір Пагарцаў звярнуўся ў ПЦ "Вясна" ў рамках кампаніі па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых у выніку пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Ён паведаміў, што яго, у параўнанні з іншымі затрыманымі, не білі так моцна – паколькі яго "абралі" для дачы інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлеканалу аб "каардынатарах дзеянняў пратэстоўцаў".

"У аўтазаку нас утрамбоўвалі нагамі". Сведчаць пацярпелыя

23-гадовага Юрыя затрымалі ўвечары 11 жніўня па дарозе ў "Пясочніцу" на скрыжаванні вуліц Машэрава і Куйбышава Мінска. Ён распавёў "Вясне" пра жорсткасць свайго беспадстаўнага затрымання і тое, у якіх умовах яго двое сутак утрымлівалі ў ЦІП на Акрэсціна. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства