"Зараз мы табе пакажам, як кладуць у штаны». Сведчаць пацярпелыя
Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMСT) запусцілі кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў, якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Некаторыя сведчанні людзей, якія перажылі катаванні і гвалт, будуць публікавацца на нашым сайце як доказы злачынных дзеянняў з боку сілавікоў.
На скрыжаванні праспекта Пераможцаў з вуліцай Мельнікайтэ 11 жніўня да Дзяніса Селіванкіна звярнуліся два супрацоўнікі міліцыі і запатрабавалі дакументы. Ён адказаў, што пашпарта з сабой няма. Тады маладога чалавека прымусілі разблакаваць тэлефон і паказаць змесціва. Убачыўшы падпіску на канал Nexta яны ажывіліся - апазіцыянер.
"Карацей, заломвае мне руку адзін супрацоўнік, кажа: "Пройдзем!" Там было яшчэ шэсць супрацоўнікаў АМАПа. Апранутыя па форме, у балаклавах, асаблівых прыкмет, нумароў няма, прозвішчаў, натуральна, ніякіх не відаць. Яны паказалі мяне, дарэчы, з тэлефонам, нейкаму іх начальніку. Яны паглядзелі фатаграфіі, Телеграм-канал. Тэлефон мне ўжо так і не аддалі да моманту вызвалення".
Дзяніса завялі ў машыну, падобную на аўтазак, толькі там не было камер для затрыманых – там былі проста з двух бакоў лавы, на якіх было 8 супрацоўнікаў АМАПу.
"І яны мне кажуць: "Ну, сядай на падлогу, цяпер будзем з табой размаўляць. Я кажу: "Як садзіцца?", і яны мяне пачынаюць ужо адразу збіваць, як толькі я туды зайшоў, каб я ўпаў на падлогу. Потым пачынаюць пытацца: "Колькі табе заплацілі, навошта ты ходзіш?”
Некалькі разоў пыталіся, колькі мне заплацілі, чаму я іду супраць народа, чаму я галасую за Ціханоўскую. Я кажу, што ніхто мне нічога не плаціў. Яны кажуць: "Як так!”
Увогуле, яны яшчэ білі нагамі, дубінкамі. Я згрупаваўся, каб па галаве не трапляла. Яны кажуць: "Рукі прыбраў". Калі не прыбіраеш рукі - заломваюць пальцы ў адваротны бок, за валасы падымаюць галаву.
Калі яны бачаць, што ўдары па спіне мне вялікі боль не прычыняюць, яны мяне разгортваюць у іх бок і пытаюцца: "А ты ведаеш, як людзі сруць у штаны?”. Я кажу: "Не, не ведаю". Яны: “Зараз мы табе пакажам, станавіся на калені." Я спрабую класціся, згрупавацца, але яны зноў сілай расцягваюць, ставяць на калені і потым дубінкамі і нагамі б'юць у вобласць ягадзіц адмыслова. У асноўным у адну кропку - ніжняя частка ягадзіц. І потым убачылі, што мне менавіта больш болю прычыняюць ўдары па нагах, па ягадзіцах, і спецыяльна білі менавіта ў тую вобласць. Потым ужо, калі я там крычаў проста нерэальна, яны мяне ўжо выкінулі, перавялі ў іншы аўтазак, дзе ўжо былі затрыманыя," - распавядае Дзяніс Селіванкін.
Потым, пакуль не сабраўся поўны аўтазак, 24 чалавекі, затрыманых трымалі там, а ўжо затым у адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.
"На Акрэсціна мы сядзелі некаторы час у аўтазаку, чулі крыкі на вуліцы. Потым нам кажуць: “Выходзьце, галавы ўніз!”. Мы трымаем галовы ўніз, і проста там калідор з амапаўцаў, якія з усіх бакоў б'юць дубінкамі. Потым кідаюць на зямлю, прымушаюць станавіцца на калені. У такім становішчы стаялі на зямлі тварам уніз. Нас прывезлі дзе-то ў гадзіну – полпервого. Мы так стаялі там дзе-то больш гадзіны з рукамі за спіной. Натуральна, ногі зацякаюць. Тых “хто спрабуе прыпадняць попу, падыходзіць хтосьці з боку дубінкай: "дупу ўніз!"Нас ужо ў сем раніцы, калі заводзілі, па калідоры – таксама дубінкамі білі, але асноўныя збіцця праходзілі ў аўтазаку. Яны спецыяльна не на вуліцы ўсё гэта рабілі, каб ніхто выпадкова не зняў, а спецыяльна заводзяць, і там ужо ўнутры машыны збіваюць", - сведчыць Дзяніс.
Па словах Селіванкіна 127 чалавек 12 гадзін знаходзіліся на вуліцы. Многія былі ў шортах, у майках. Было вельмі холадна, няма дзе спаць, туалета няма. У аднаго хлопца шорты наогул парэзалі і выкінулі з-за таго, што ў яго былі на іх белыя стужачкі проста. Ён быў у адных трусах.
Тры разы ваду скідвалі. На 127 чалавек скінулі тры разы па пяць літраў за 12 гадзін. Потым дзесьці ў раёне сямі вечара нас перавялі ў камеру-па 10-12 чалавек і я апынуўся ў адзінаццатай камеры, якая разлічана на двух затрыманых. Нас там было 24 чалавекі.
"Пасля таго, як нас туды прывезлі і я апынуўся ў камеры - намеснік міністра МУС Барсукоў да нас заходзіў з рэпарцёрам (дзяўчынай), апытваў... спачатку без рэпарцёра задаў нам пытанне. Нас папярэдзілі, што ад таго, як мы адказваем, залежыць выпусцяць нас наогул ці не. Ён спытаў: “У камеры вас збівалі? Білі ў камеры?”. Натуральна, у камеры нас не білі. Нас добранька апрацавалі яшчэ да камеры. Потым больш сутак мы прабылі ў камеры і нас адпусцілі», - кажа пацярпелы.
У канцы нашай размовы Дзяніс Селіванкін перадае асобны дзякуй валанцёрам, якія сустракалі ўсіх на вуліцы: «Адразу, калі выходзіш - адчуваеш, што не ўсё страчана ў гэтай краіне".