Разгляд справы Ціханоўскага перанеслі ў СІЗА. Там яго аштрафавалі за парушэнне ПДР Дапоўнена
Сёння, 27 ліпеня, у ДАІ Менска прызначаны разгляд чарговага адміністрацыйнага справа ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага. На блогера складзены пратакол па арт. 18.23 КаАП «Парушэнне правілаў дарожнага руху пешаходам і іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху». Нібыта 27 траўня ў Магілёве ён выйшаў на праезную частку. У той дзень Ціханоўскі ўдзельнічаў у пікеце падчас збору подпісаў за кандыдатку ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, піша TUT.BY.
Аднак нечакана для дзясятка людзей і ягонай жонкі Святланы, якія прыехалі падтрымаць блогера, разгляд справы перанеслі ў СІЗА на Валадарскага ў 15:00. Пра гэта адвакатам паведаміў адзін з супрацоўнікаў ДАІ ў 15:07. Адвакаты запытваліся, чаму іх не апавясцілі загадзя аб тым, што месца разгляду адміністрацыйнага працэсу змянілі ў апошні момант. Супрацоўнікі ДАІ параілі ім ехаць хутчэй да СІЗА №1, а не спрачацца.
У 15.20 Святлана Ціханоўская і абаронцы зайшлі ў СІЗА №1, яны некалькі хвілін спрабавалі высветліць, будзе разгляд справы ці не, піша TUT.BY.
Як паведаміла пазней TUT.BY адвакат Наталля Мацкевіч, Сяргея аштрафавалі на 3 базавыя велічыні — 81 рубель.
"Будзем абскарджваць, — удакладніла абаронца і распавяла, што пры разглядзе справы быў Сяргей Ціханоўскі, адвакаты і супрацоўнікі ДАІ. — Сяргей трымаецца бадзёра, перадаў жонцы словы падтрымкі".
Адвакатам не патлумачылі, чаму разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні быў перанесены з ДАІ ў СІЗА. Супрацоўнікі ДАІ толькі сказалі, што гэта зроблена "з мэтай аб'ектыўнасці па месцы знаходжання Ціханоўскага".
Святлана Ціханоўская паведаміла, што 4 жніўня суд Маскоўскага раёна Мінска разгледзіць чарговую скаргу Ціханоўскага, на гэты раз ён абскардзіць памяшканне ў карцар. Па словах Святланы, яе мужу дайшло каля 100 лістоў, ён адказвае на ўсё.
Нагадаем, 23 ліпеня суд Ленінскага раёна Магілёва па відэасувязі праводзіў пасяджэнне па справе Сяргея Ціханоўскага. Яго тады асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту па арт 23.34 КаАП за тое, што ён нібыта ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Да гэтага суд у Гродне даў Сяргею Ціханоўскаму 15 дзён за непадпарадкаванне міліцыі на пікеце 29 траўня.