viasna on patreon

Суд-абсурд. У Магілёве анлайн засудзілі Сяргея Ціханоўскага за пікет двухмесяцовай даўнасці

2020 2020-07-24T00:13:17+0300 2020-07-24T00:13:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tih_sud_magileu4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Ленінскага суда Алена Літвіна 23 ліпеня правяла працэс над блогерам Сяргеем Ціханоўскім, паведамляе mspring.online. На думку ўладаў, лідэр каманды «Краіна для жыцця» зладзіў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства прама падчас законнага пікету па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь 27 траўня перад ГЦ «Атрыум» у Магілёве.

tih_sud_magileu4.jpg
Фота mspring.online

Сам Ціханоўскі ў дадзены момант праходзіць як падазраваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Гродна 29 траўня і знаходзіцца ў мінскім СІЗА №1. З-за гэтага суд праходзіў праз відэаканферэнцыю. Паколькі ў раённым судзе адсутнічае тэхнічная магчымасць правядзення такіх пасяджэнняў, было вырашана перанесці працэс у будынак суда Магілёўскай вобласці.

tih_sud_magileu3.jpg
Фота mspring.online

Падтрымаць Ціханоўскага прыехала паўсотні людзей, аднак у залу паседжанняў большасць не трапіла – сакратар пасяджэння паведаміла, што няма тэхнічнай магчымасці размясціць усіх жадаючых. Спярша было агучана, што акрамя адваката на судзе могуць прысутнічаць толькі сем чалавек. Аднак людзі самі прайшлі па лесвіцы на трэці паверх і занялі судовую залю. Месца хапіла ўсё роўна не ўсім. Просьбу прыхільнікаў Ціханоўскага даць залу пабольш, суддзя Літвіна адхіліла.

Сам Ціханоўскі заявіў на судзе, што не быў належным спосабам апавешчаны аб працэсе. Таксама ён прасіў суддзю даць яму азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы, але Літвіна хадайніцтва адхіліла. Адзінае на што яна пагадзілася – дала 15 хвілін на размову з адвакатам.

tih_sud_magileu2.jpg
Фота mspring.online

У аснову адміністрацыйнай справы ляглі паказанні супрацоўніка ДАІ Арцёма Родзькіна і супрацоўніка Ленінскага РАУС Аляксандра Тамашова. Абодва выступілі на судзе ў якасці сведак.

Як паведамляе TUT.BY, інспектар ДАІ Родзькін патруляваў горад па маршруце, у тым ліку праязджаў міма ГЦ «Атрыум». Там ён убачыў вялікую колькасць людзей, бачыў мужчыну з мегафонам, чуў, што ён казаў «Стоп, таракан!» (форткі ў службовай машыне былі адчыненыя). Родзькін вырашыў правесці прафілактычныя гутаркі з парушальнікамі ПДР. Так было і з кіроўцам, які парушыў правілы дарожнага руху і прыпаркаваўся на прыпынку. Родзькін пазначыў, што ён размаўляў з кіроўцам, калі да яго падышоў мужчына з мегафонам – Ціханоўскі. Ён далучыўся да размовы, патрабаваў у інспектара службовае пасведчанне. Ніякага фізічнага ўздзеяння на яго не аказвалі, як сказаў Родзькін, «хутчэй псіхалагічнае».

Інспектар прафілактыкі Ленінскага РАУС Аляксандр Тамашоў, у сваю чаргу, распавёў, што ішоў па службе ў аддзяленне пошты праз плошчу перад «Атрыум». Там ён убачыў навалу людзей, бачыў і сталы, за якімі збіралі подпісы. І ўбачыў мужчыну ў масцы з надпісам «Краіна для жыцця» – Ціханоўскага, – які размаўляў з людзьмі, у тым ліку казаў нешта ў мікрафон на відэакамеру.

tih_sud_magileu1.jpg
Фота mspring.online

Інспектар распавёў, што чуў, як Ціханоўскі казаў у гучнагаварыцель «Стоп, таракан!», «Жыве Беларусь», «перадаваў тапак, з якімі людзі фатаграфаваліся», – прыводзіць словы міліцыянта TUT.BY.

На падставе гэтага Ціханоўскага абвінавацілі ў тым, што ён арганізаваў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем гукаўзмацняльнай апаратуры, чым парушыў закон.

Варта адзначыць, што суддзя Алена Літвіна на працягу ўсяго працэсу паводзіла сябе нервова і жорстка. У нейкі момант яна выдаліла ўсіх гледачоў і журналістаў пасля таго, як адна з прыхільніц Ціханоўскага выкрыкнула «Мы з табой».

На абвяшчэнне рашэння гледачоў запусцілі толькі пасля вуснай скаргі праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Аляксандра Буракова старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошкі.

Суддзя Літвіна пастанавіла арыштаваць Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіцца ў СІЗА, на 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства