viasna on patreon

Міліцыянты з Мастоў напісалі заяву на Аляксандра Мілюка за абразу Дакумент

2020 2020-07-16T11:26:31+0300 2020-07-16T11:27:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/miliuk_hrodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміў каардынатар ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк з Мастоў, 15 ліпеня да яго дадому з аглядам прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Агляд жылога памяшкання актывіста праводзіўся ў рамках праверкі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "абраза прадстаўніка ўлады". На Аляксандра Мілюка 6 ліпеня напісалі заявы ў Следчы камітэт намеснік начальніка АУС Мастоўскага райвыканкама Аляксей Літош і начальнік ААПП АУС Мастоўскага райвыканкама Яўген Кудрашаў. Міліцыянты паскардзіліся следчым, што Мілюк выклаў 3 ліпеня відэа ў тэлеграм-канале "Масты для жыцця", у якім ён абражае супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Аляксандр Мілюк. Фота

Нагадаем, 3 ліпеня Аляксандр Мілюк вяртаўся дадому з сынам. Да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра і нецэнзурна выказвацца ў яго адрас. Актывіст вёў відэазапіс таго, што адбываецца на тэлефон. У хуткім часе пад'ехала міліцэйская машына. Аляксандр Мілюк прасіў абараніць яго ад прыставанняў невядомага мужчыны. Але міліцыя затрымала і самога Аляксандра. Яго даставілі ў мясцовы РАУС, дзе паведамілі, што Аляксандр нібыта здзейсніў дробнае хуліганства. У міліцыі Аляксандр стаў дрэнна адчуваць сябе. Выклікалі лекараў. Аказалася, што ў мужчыны высокі ціск і тэмпература да 37,7 градуса. Яго адвезлі ў бальніцу. Там высветлілася, што ў Аляксандра каранавірус. Два тэсту паказалі станоўчы вынік. Па словах мужчыны, яшчэ адзін тэст быў узяты праз некалькі дзён. Ён апынуўся адмоўным, і мужчыну выпісалі з лякарні, цяпер ён знаходзіцца дома на самаізаляцыі.

Міліцыя каментавала дастаўленне 3 ліпеня Аляксандра ў аддзяленне так:.

"У мужчыны здарыўся канфлікт з мінаком. Сведкам канфлікту стаў нарад супрацоўнікаў ДАІ Мастоўскага РАУС, якія праязджалі міма, і якія даставілі абодва бакі канфлікту ў мясцовы аддзел унутраных спраў для разгляду. Абодва грамадзяніна былі апытаныя. У далейшым Аляксандр Мілюк быў дастаўлены з РАУС у медустанову для правядзення агляду на прадмет наяўнасці цялесных пашкоджанняў. У бальніцы ў яго была выяўлена павышаная тэмпература цела. Мужчыну шпіталізавалі, а не змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Што тычыцца іншага ўдзельніка канфлікту, то яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства і арыштавалі".

У пастанове аб аглядзе, санкцыянаваным пракурорам Мастоўскага раёна, сказана, што адміністрацыйны працэс паводле артыкула 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) усё ж быў пачаты ў дачыненні да яго. Паводле гэтай жа пастановы, Аляксандр 3 ліпеня выклаў відэа з абразай супрацоўнікаў міліцыі. Сам агляд праводзіцца "з мэтай выяўлення матэрыяльных аб'ектаў, якія маюць значэнне для справы".

Аднак, па словах Аляксандра, ён не разумее пра якое відэа, у якім ён нібыта абражае міліцыянтаў, ідзе гаворка, яго яму так і не паказалі. На дадзены момант у телеграм-канале "Масты для жыцця" якога-небудзь відэапаведамлення аб праваахоўных органах ад 3 ліпеня няма. 

"Канфіскавалі тэлефон, сказалі мне, што будуць усё вывучаць. Але я не памятаю такога, каб я выкладваў нейкае відэа. Трэцяга чысла мне так і не сказалі, распачатая адміністрацыйная справа на мяне ці не", — пракаментаваў TUT.BY Аляксандр.

Юрыст "Вясны": Узровень абароны ад абразаў у міліцыянта не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзян

Як лічыць юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алег Пашкевіч, Аляксандр Мілюк падвяргаецца сістэмнаму пераследу менавіта за сваю грамадска-палітычную дзейнасць. Аляксандр Мілюк з'яўляўся мясцовым каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, у самым пачатку ён назбіраў каля 2000 подпісаў. У выніку яго змясцілі на прымусовы каранцін на два тыдні з-за таго, што нібыта ў яго суседа (хоць жыве ён у прыватным доме) дыягнаставалі COVID-19, такім чынам яго дзейнасць спынілі. 26 чэрвеня Аляксандр Мілюк быў беспадстаўна затрыманы і змешчаны ў памяшканне, дзе да яго знаходзіўся хворы на COVID-19 (гэта зафіксавана ім на відэа). Пасля гэтага ён сам захварэў. 3 ліпеня ў дачыненні да яго адбылася правакацыя, у выніку якой яго затрымалі і пачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 17.1 КаАП. Цяпер гаворка ідзе аб крымінальнай справе за абразу супрацоўнікаў Мастоўскага РАУС. 

Юрыст ПЦ

"Трэба адзначыць, што адміністрацыйны працэс па арт. 17.1 КаАП яшчэ не скончаны і Аляксандр Мілюк не прыцягнуты да адказнасці. Таму ёсць падставы сумнявацца адносна законнасці дзеянняў супрацоўнікаў Мастоўскага РУУС. Тым больш, што ўсе падзеі запісаныя на відэа і ўсе могуць убачыць абсурднасць абвінавачвання. Відавочна, што ў сітуацыі 3 ліпеня Аляксандр як раз быў пацярпелым, але ніяк не правапарушальнікам.

Што тычыцца артыкула 369 Крымінальнага кодэкса Беларусі (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў), у рамках якой супрацоўнікі міліцыі прыходзілі да Аляксандра дадому з аглядам, то варта адзначыць, што праваабаронцы ні раз звярталі ўвагу беларускіх уладаў на неабходнасць адмены крымінальнай адказнасці за дыфамацыйныя правапарушэнні. На гэта ўказваюць і такія міжнародныя арганізацыі, як ААН і АБСЕ. Узровень абароны ад дыфамацыйных формаў выказванняў меркавання (замахаў на гонар, годнасць і рэпутацыю асобы шляхам распаўсюджвання абразлівых звестак альбо сцвярджэнняў абразлівага характару) у службовых асоб дзяржавы, у тым ліку міліцыянта, прэзідэнта, пракурора ці суддзі, не павінен быць вышэй, чым у любых іншых грамадзян", — каментуе сітуацыю юрыст Алег Пашкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства