Тактыка адкладзеных арыштаў: Навошта гэта ўладам?
У сістэме адміністрацыйнага пакарання ў апошнія гады нярэдка здараюцца сітуацыі, калі пасля вынясення судом пастановы аб адміністрацыйным арышце, грамадзяніна адпускаюць дамоў: адсядзіш, маўляў, потым. Мусіць, уладам выгадна трымаць на кручку актывістаў, каб у неабходны момант “упакаваць” іх, ужо не шукаючы для гэтага новых падстаў і нагодаў. Аднак не заўсёды такая тактыка даспадобы самім актывістам.
Напрыклад, актывісту Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Дуброўна Міхаілу Чамураку 23 чэрвеня суд Аршанскага раёна прысудзіў 13 сутак арышту за ўдзел у Ланцугу салідарнасці. Аднак з ІЧУ яго выпусцілі пасля некалькіх дзён адсідкі.
Міхаіл Чамурака 7 ліпеня узяў неабходны для ізалятара набор рэчаў, а таксама казённыя кнігу і рушнік, якія ў мінулы раз выпадкова захапіў у ІЧУ і звярнуўся ў Аршанскі РАУС з просьбай дасядзець неадбытыя “суткі”.
Як піша orsha.eu, рушнік і кнігу міліцыянты прынялі з усмешкай і задавальненнем, а вось самога Міхаіла не прынялі. Патлумачылі гэтую адмову тым, што ў такім выпадку на затрыманага павінна прыйсці асобнае распараджэнне.
Затым Чамурака вярнуўся ў Дуброўна і пайшоў прасіць патрэбную паперку ў старшыні Дубровенскага суда, але безвынікова.
Так і ходзіць зараз “арыштаваны” актывіст на волі і чакае, калі прагучыць сігнал.
Ды хіба ён такі адзін?
7 ліпеня з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў вызвалілі пасля адбыцця 30 сутак арышту актывістку Вольгу Нікалайчык. Аднак, па звестках праваабаронцаў, у запасе ў яе засталося яшчэ 28 сутак арышту па розных судовых пастановах.
“Рэпрэсіі ёсць рэпрэсіі”. Вольга Нікалайчык вышла з ЦІП пасля 30 сутак, але наперадзе — новыя арышты
Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі таксама мае такую ж “бомбу замаруджанага дзеяння” – сем неадбытых сутак арышту.
На дадзены момант дзесятак актывістаў знаходзяцца ў падобнай, падвешанай, сітуацыі.
Яшчэ адзін прыклад. Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска сёмага чэрвеня прысудзіў актывісту Уладзіміру Кійко 10 сутак. Пасля гэтага яго адразу адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў адбываць арышт, але неўзабаве вызвалілі.
«Пасадзім цябе потым». Актывісту Уладзіміру Кійко прысудзілі 10 сутак, а потым нечакана вызвалілі
Верагодна, што ўлады, у прадбачанні ўзрастання сацыяльнай актыцўнасці ў грамадстве, сапраўды выкарыстоўваюць тактыку адкладзеных арыштаў, каб у любы момант нейтралізаваць нязручных для яе актывістаў.