viasna on patreon

“Рэпрэсіі ёсць рэпрэсіі”. Вольга Нікалайчык вышла з ЦІП пасля 30 сутак, але наперадзе — новыя арышты Аўдыё

2020 2020-07-08T11:13:32+0300 2020-07-08T11:42:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-31-05_nikalajchyk_na_pikece.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэжысёрка і актывістка Вольга Нікалайчык сёмага ліпеня выйшла з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Там яна адседзела 30 сутак, 22 з якіх — у штрафным ізалятары.

Агулам цягам апошніх двух месяцаў Нікалайчык атрымала 58 сутак рашэннямі чатырох судоў – 13 сутак за удзел у стрыме з Ціханоўскім, а астатнія 45 — за удзел у пікетах па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў. Актывістка  заўважыла, што “адсочваць” яе з мэтай затрымання пачалі яшчэ 31 траўня, калі ў Мінску каля Камароўскага рынку праводзіўся шэраг пікетаў.

Вольга Нікалайчык на пікеце каля Камароўскага рынку 31 траўня
Вольга Нікалайчык на пікеце каля Камароўскага рынку 31 траўня

Яшчэ тады Вольга на ўсялякі выпадак брала з сабой “трывожную” сумку з самымі неабходныі рэчамі. Затрымалі яе пасля наступнага нядзельнага пікета, сёмага чэрвеня.

“Але гэтую “трывожную” сумку ўжо няма сэнсу насіць з сабой, — адзначыла Вольга Нікалайчык. — Мне з гэтай сумкі не далі нічога за 30 сутак [знаходжання ў ЦІП]: ні кнігі, ні акуляры, ні прадметы асабістай гігіены, ні расчоскі. Проста трэба апранацца так, што ты мусіш ведаць, што ночыць ты будзеш без коўдры, матраца і падушкі”.

На ўсе пытанні Вольгі аб выдачы ёй асабістых рэчаў з гэтай сумкі адміністрацыя адказвала: “не паложана”.

“Адзінае, што мне далі з рэчаў — гэта мае таблеткі (парацэтамол ды іншыя), пакуль яны не скончыліся. А потым, калі я захварэла на бранхіт з-за цвілі і грыбка ў гэтым карцары, яны мяне ўжо “душылі” анцібіоцікамі. Дактары настойвалі, каб мяне павялі зрабіць здымак, але адміністрацыя не пусціла”.

Акрамя гэтага, Вольга адчувала праблемы з нагамі:

“Ногі як у слана апухшыя, таму што па 16 гадзін сядзіш на гэтым зэдліку металічным у 20 санціметраў квадратных у ШІЗА. І хадзіць няма дзе — [месца] у два крокі. Таму ногі ацякалі”.

У ШІЗА Вольгу закінулі на першы дзень яе знаходжання ў ЦІП. Таму яна абвясціла галадоўку, але пратрымаўшы яе чатыры дні, вырашыла спыніць з-за цяжкага фізічнага стану: першыя пяць начэй яна не магла спаць з-за невыноснага холаду і шуму, у тым ліку з боку адміністрацыі.

Знаходзячыся ў ШІЗА,  Вольга чула, як туды заводзілі і Паўла Севярынца. Прычым, як адзначыла актывістка, гэта супадала з яе “тэрмінамі”:

“22 дні ў ШІЗА я была з перапынкам у некалькі дзён — то бок пасля першх 17 дзён мяне адправілі ў звычайную камеру, а потым ізноў — у ШІЗА. Гэтак жа заводзілі туды і Паўла”.

У параўнанні з ШІЗА, знаходжанне ў звычайнай камеры было нашмат лепшым па ўмовах:

“У камеры вялікае акно і яно прыадчынена на тры санціметры — таму ў памяшканне трапляе цяпло, бачна неба (мяне не выводзілі на прагулку 23 дні) і паветра хоць глыток быў. Камера сухая, дрэва на падлозе, кабінка над туалетам. У ШІЗА гэтага няма, усё “робіш” навідавоку. І ўсё ж такі памыць свае рэчы можаш пад кранам, а ў ШІЗА давалі толькі па аднаму-два літры гарачай вады ў дзень праз вакенца. І людзі там ёсць”.

Актывістка адзначыла, што праз палітычных зняволеных назіраўся ціск на людзей, якія адбывалі арышт у ЦІП па “звычайнах” адміністрацыйных справах.

“Калі нас пераводзілі ў камеру, ва усіх людзей там забіралі матрацы і коўдры. А людзі там некаторыя сядзелі нават у летніх сукенках, без шкарпэтак, а ноччу вельмі халодна”.

Акрамя Вольгі Нікалайчык, з ЦІПа у той жа дзень пасля 30 сутак арышту выпусцілі і актывістку Вераніку Мішчанка. Вольга адзначыла, што Вераніку таксама змяшчалі ў ШІЗА, але так, каб яны не сутыкнуліся:

“Мяне за пяць дзён да выхаду перавялі на месца Веранікі ў звычайную камеру, а яе — на маё месца ў ШІЗА. Але перавялі так: мяне спачатку вывялі на прагулку, тым часам Вераніку завялі ў ШІЗА, а мяне — у тую камеру, дзе яна была. Я гэта заўважыла, калі пабачыла і пазнала яе красоўкі, якія стаялі каля ўваходу ў ШІЗА”.

Вольга Нікалайчык таксама даведалася, што падчас знаходжання ў ЦІПе над ёй 25 чэрвеня правялі яшчэ адзін суд, дзе прысудзілі ізноў суткі. Але пра суд ёй ніхто не паведамляў. Такая ж сітуацыя з Веранікай Мішчанка. Як распавяла “Вясне” Марына Адамовіч, над Веранікай падчас яе арышта правялі 17 чэрвеня суд, рашэннем якога сталі дадатковыя суткі.

“Рэпрэсіі ёсць рэпрэсіі, усе ведаюць, на што яны здольныя, ілюзіяў не было”, — адзначыла Вольга Нікалайчык.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства