viasna on patreon

"Прама сёння мы дапамагаем тым, хто стаў ахвярай жорсткага абыходжання пры адвольных затрыманнях"

2020 2020-06-26T15:07:28+0300 2020-06-26T15:08:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/international_day_support_victims_torture.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя з twitter-акаўнта ААН

Ілюстрацыя з twitter-акаўнта ААН

26 чэрвеня – Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў, які быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1997 годзе і штогод праводзіцца з мэтай выкаранення ўсіх відаў катаванняў і бесчалавечнага абыходжання.

Менавіта ў гэты дзень у 1987 годзе ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. На сённяшні дзень яе ратыфікавалі 162 краіны свету, у тым ліку і Беларусь.

Праваабаронцы "Вясны" на працягу многіх гадоў паслядоўна і сістэматычна даследуюць тэму катаванняў у краіне і прызнаюць, што гэтая праблема па-ранейшаму вельмі востра стаіць у нашым грамадстве.

"Я ведаю, як мне і маім калегам-юрыстам з "Вясны" давядзецца правесці гэты дзень: некалькі дзён да гэтага і прама сёння мы дапамагаем тым, хто стаў ахвярай жорсткага абыходжання пры адвольных затрыманнях удзельнікаў мірных сходаў і выпадковых мінакоў, якія трапілі пад удар татальнай зачысткі цэнтральных гарадскіх вуліц АМАПам", – адзначае эксперт Павел Сапелка.

Сярод збітых грамадзянаў – тыя, хто раней не меў паняцця аб тым, як дзяржаўныя інстытуты выконваюць права не падвяргацца жорсткаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню. І цяпер у іх з'явілася магчымасць назіраць, як дзяржава выканае абавязацельства па расследаванні такіх выпадкаў.

"Я ўпэўнены, што ў любых рэйтынгах і індэксах Беларусь зойме гнятліва нізкі ўзровень па выкананні міжнародных абавязацельстваў у галіне недапушчэння катаванняў і забароненага абыходжання і барацьбы з гэтымі з'явамі. І гэта будзе заслужаны вынік!

Мы ведаем аб рэгулярных паўтаральных беспакараных выпадках катаванняў і забароненага абыходжання ў нас у краіне і не бачым ні барацьбы з гэтымі з'явамі, ні вынікаў барацьбы. Мы зрэдку чуем аб адным-двух прысудах па справах аб жорсткім абыходжанні ў год, якія выпадкова "усплываюць" сярод іншай інфармацыі", – падкрэслівае Павел Сапелка.

Камітэт супраць катаванняў ААН рэзка і нездавальняюча ацаніў стан спраў у галіне барацьбы з катаваннямі, але гэтыя рэкамендацыі засталіся без увагі з боку дзяржаўнай улады.

"У нас няма ні нацыянальнага праваабарончага інструмента (амбудсмэна), ні рэальных грамадскіх назіральных камісій, ні свабодай адвакатуры, ні асобнага органа па расследаванні катаванняў. Наогул, катаванні не асуджаныя на вышэйшым узроўні, і іх праблема не хвалюе дзяржаву", – кажа эксперт "Вясны".

Некалькі вядучых арганізацый у праваабарончай супольнасці Беларусі неаднаразова на працягу некалькіх гадоў звярталіся да розных органаў з тым, каб атрымаць статыстыку па зваротах аб катаваннях і іх выніках, якія ў пералічаных вышэй умовах нават не адлюстроўвалі б рэальнай сітуацыі: вялікая частка заяў не фіксуецца і ў лепшым выпадку – доўга і бескарысна "правяраецца" замест правядзення рэальнага расследавання. Таму рэгіструецца добра калі 3-5% выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання. Пры гэтым заключэнне незалежнага эксперта ў справах аб расследаванні катаванняў будзе напэўна адхілена судом і следчым.

"Аднак мы не атрымліваем адказаў ні ад пракуратуры, ні ад Следчага камітэта. А Вярхоўны Суд наогул заяўляе аб адсутнасці спецыяльнай статыстыкі па катаваннях і жорсткаму абыходжанню", – адзначае Павел Сапелка.

У Беларусі дагэтуль няма адзінага рэестра затрыманых і няма татальнага відэакантролю ў будынках, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя. Больш за 40 000 чалавек у закрытых установах краіны безабаронныя перад самаўпраўнасцю ўладаў і ніяк не абароненыя ад катаванняў і жорсткасці.

Павел Сапелка ўпэўнены:

"Сённяшняя сітуацыя – поўная неабароненасць ад самавольства прадстаўнікоў дзяржавы для грамадзянаў – гэта вынік палітыкі дзяржавы, на недахопы якой мы рэгулярна звярталі і будзем звяртаць увагу нашых уладаў".

ПЦ "Вясна" нагадвае, збіццё затрыманага супрацоўнікам міліцыі - гэта службовае злачынства. Наўмыснае здзяйсненне службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных ёй па службе, спалучанае з гвалтам, катаваннямі ці абразай пацярпелага, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Калі вы ці вашы блізкія патрапілі ў сітуацыі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў, паведамляйце аб такіх выпадках праваабаронцам па тэлефоне: +375-29-841-39-81 або па пошце: viasna@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства