У Няронскага прайшоў вобшук, а на Статкевіча складзены новы пратакол
Сябр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, Уладзімір Няронскі ("Слуцк для жыцця") пераведзены ў Мінск, паведамляецца ў тэлеграм-канале «Выбары. Беларусь». У яго кватэры прайшоў вобшук.
Што стала прычынай пераводу - пакуль невядома.
Нагадаем, Уладзімір Няронскі быў затрыманы разам з Арцёмам Сакавым і Аляксандрам Арановічам 6 траўня ў пасёлку Дружны Пухавіцкага раёна. 8 траўня суд Магілёва прызнаў яго вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт. 23.34 КаАП) і арыштаваў на 10 сутак.
Пасля гэтага яго судзілі зноў і зноў, увесь гэты час ён знаходзіцца пад арыштам.
Тым часам, на Мікалая Статкевіча, які таксама знаходзіцца пад арыштам, складзены новы пратакол паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Яго абвінавачваюць у тым, што ён 8 траўня размясціў у телеграм-канале «STATREVICH» інфармацыю аб даце, часе і месцы правядзення масавага мерапрыемства да атрымання дазволу Мінгарвыканкама на яго правядзенне.
"Падача ў Цэнтральную выбарчую камісію спісаў маёй ініцыятыўнай групы, груп кандыдатаў пратэсту адбудзецца ў чацвер 14 траўня. Збор членаў ініцыятыўных груп і ўсіх, хто хоча сумленных выбараў без лукі – у 18.00 на пл. Незалежнасці каля гасцініцы "Мінск", – напісаў Мікалай Статкевіч.
Сам Статкевіч быў затрыманы яшчэ 31 траўня людзьмі ў цывільным, калі накіроўваўся на пікет каля Камароўскага рынку ў Мінску. На наступны дзень суд пастанавіў арыштаваць яго на 15 сутак.