Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'ера анлайн — па любых са спасылак тут.
Хроніка: Чарговае кармленне галубоў прайшло ў нядзелю не толькі ў Брэсце — да акцыі далучыліся як мінімум пяць іншых гарадоў Беларусі.
Каментар: Трэцяга мая ў свеце адзначылі сусветны дзень свабоды прэсы і свабоды выказванняў. У індэксе свабоды прэсы за 2019 год Беларусь займае 153 пазіцыю з 180. А журналіст-фрылансер Зміцер Лупач цягам сваёй прафесійнай дзейнасці атрымаў 558 базавых велічыняў штрафаў за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.
Каментар эксперта: COVID-19 аказвае ўплыў на жыццё жанчын: з-за каранціну павышаецца ўзровень побытавага гвалту. Наколькі праблема гвалту актуальная для Беларусі і куды варта звяртацца жанчынам — у размове з кіраўніцай Пінскага гарадскога грамадскага аб'яднання "Клуб дзелавых жанчын "Паўдневы захад", псіхалагіняй Жаннай Ількавец.
Асоба: Як праходзілі назіранні за мірнымі сходамі ў 90-я гады? Ці былі абароненыя назіральнікі ад арышту, і што перашкаджала тады быць сапраўды добрым назіральнікам? Як адбіваўся на ўсім гэтым агульны грамадска-палітычны кантэкст і падзеі (такія як спроба імпічменту прэзідэнта, змена Канстытуцыі, актывізацыя студэнцкіх рухаў і разгон марша Свабоды). Пра ўсё гэта праз свае ўспаміна падзеліцца праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч.
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні ATESTA.