"Вясна" просіць ААН разабрацца з канвеернымі судамі над удзельнікамі акцыяў супраць інтэграцыі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" праінфармаваў двух спецыяльных дакладчыкаў ААН аб "канвеерным правасуддзі" падчас разгляду адміністрацыйных справаў удзельнікаў мірных пратэстаў супраць паглыбленай інтэграцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў снежні 2019 – студзені 2020 года.
Як паведамляе юрыст "Вясны" Аляксей Лойка адпаведная інфармацыя была накіраваная спецдакладчыку ААН па пытанні аб незалежнасці суддзяў і адвакатаў, а таксама Спецдакладчыцы па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын.
Па звестках "Вясны" над удзельнікамі антыінтэграцыйных акцый адбыўся разгляд не менш за 205 адміністрацыйных спраў у сувязі з рэалізацыяй імі сваіх канстытуцыйных правоў. Агульная сума штрафаў, якім былі падвергнуты ўдзельнікі акцый, склала каля 65 тысяч долараў. Арганізатары, некалькі актывістаў і блогеры, якія заклікалі выйсці на акцыі, сумарна атрымалі 375 сутак адміністрацыйнага арышту. Як правіла, суды выносілі амаль аднолькавыя па змесце пастановы аб штрафах у памеры эквівалентным ад 270 да 670 даляраў.
Акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Лічбы, імёны, геаграфія
Юрыст "Вясны" звяртае ўвагу, што суды над удзельнікамі акцый супраць паглыбленай інтэграцыяй з Расіяй нагадвалі "судовы канвеер".
"Масавы характар судоў, якія разглядалі адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцый пратэсту, дазваляе зрабіць выснову аб яго «канвеернасці», паколькі ў адзін дзень праходзілі некалькі дзесяткаў судовых пасяджэнняў, некаторыя працэсы па часе доўжыліся не больш за 15-20 хвілін.
На характар "судовага канвеера" ўказвае і масавы перанос вынясення рашэнняў па адміністрацыйных справах без тлумачэння прычын", – тлумачыць Аляксей Лойка.
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома пра не менш за 192 скаргу ўдзельнікаў акцый пратэсту на пастановы аб штрафах і адміністрацыйных арыштах. Ні адзін удзельнік акцый пратэсту, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, не быў апраўданы вышэйстаячым судом, усе рашэнні выносіліся на карысць выканаўчай улады. Вядома аб некалькіх выпадках, калі пастановы ніжэйстаячых судоў адмяняліся і накіроўваліся на новы разгляд у новым складзе суда ў сувязі з тэхнічнымі памылкамі ў пастанове, у сувязі з разглядам адміністрацыйнай справы ў адсутнасць удзельніка акцыі пратэсту (завочныя суды). Ва ўсіх такіх выпадках суды паўторна выносілі ідэнтычныя па памеры штрафы, якія прысуджаліся падчас першага разгляду.
Актывіста, якому адмянілі штраф, зноў аштрафавалі на 50 базавых
На дадзены момант "Вясне" вядомы выпадкі, калі судовыя выканаўцы накладваюць арышт на маёмасць удзельнікаў акцый пратэсту ў сувязі з няплатай імі штрафаў. Судовыя выканаўцы адбіраюць мабільныя тэлефоны да аплаты штрафу, адключаюць мабільную сувязь і інтэрнэт за нявыплату штрафаў, накладваюць забарону на адчужэнне жылых памяшканняў і зямельных участкаў. Практыкуюцца штомесячныя адлічэнні ў памеры 20% ад сумы пенсіі ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў карысць дзяржаўнай казны.
Праваабаронцы выказваюць занепакоенасць у сувязі з дзеяннямі судовых выканаўцаў, паколькі дадзеныя дзеянні маюць прамую сувязь з рэалізацыяй удзельнікамі акцый пратэсту сваіх правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы. Юрыст "Вясны" звярнуў увагу спецдакладчыкаў на складанасці ва ўдзельнікаў антыінтэграцыйных акцый са своечасовай выплатай штрафаў у сувязі з эканамічным і сусветным крызісам, выкліканым распаўсюджваннем каранавірусу.
"Распаўсюд COVID-19 адбіўся на актыўнасці суб'ектаў эканамічных адносін, у сувязі з чым у краіне расце беспрацоўе, няпоўная занятасць, што абавязкова вядзе да скарачэння даходаў насельніцтва і, адпаведна, робіць немагчымай своечасовую выплату штрафу за ўдзел у акцыі пратэсту", – адзначае Аляксей Лойка.
Што рабіць, калі за акцыю пратэсту прыйшлі судовыя выканаўцы? Тлумачыць юрыст