viasna on patreon

Што рабіць, калі за акцыю пратэсту прыйшлі судовыя выканаўцы? Тлумачыць юрыст

2020 2020-04-17T17:55:25+0300 2020-04-17T17:58:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lesha_loiko_viasna-6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Наступствы снежаньскіх акцый супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй і цяпер адчуваюць некаторыя іх удзельнікі і ўдзельніцы. Па дадзеных Праваабарончага цэнтра "Вясна" да адміністрацыйнай адказнасці за акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі былі прыцягнутыя 132 чалавека. Агульная сума штрафаў склала 144 993 рублі (амаль 65000$). Шмат каму грошы на выплату штрафаў былі сабраныя з дапамогай ініцыятывы BY_Help. Некаторыя аплацілі штрафы, арганізаваўшы самастойны збор сродкаў. Так, нядаўна грамадскі актывіст Яўген Батура абвясціў збор сродкаў на molamola.by, каб аплаціць штраф у памеры 50 базавых велічыняў (1350 рублёў).

Але не ва ўсіх беларусаў ёсць магчымасці аплаціць вялікія штрафы, якімі іх пакаралі за ўдзел у мірных акцыях. Цяпер на многіх распачалі выканаўчую вытворчасць, каб спагнаць штраф прымусова. Напрыклад, актывістку Вольгу Быкоўскую аштрафавалі на 675 рублёў, але яна пакуль змагла выплаціць толькі 200 рублёў, піша "Радыё Свабода". 17 красавіка судовы выканаўца Савецкага раённага аддзела выканання судовых пастаноў наклаў арышт на пральную машыну і тостар актывісткі.

"Не шкадую, што ўдзельнічала ў акцыях пратэсту ў снежні, таму што была патрэба ўсім паказаць, што мы гатовыя абараняць незалежнасць. Але складана ацаніць, наколькі перспектыўная на дадзены момант такая форма пратэсту.

Усё ж вялікая плата за санкцыянаваныя акцыі і вялікая персанальная плата ўдзельнікаў за несанкцыянаваныя вельмі звужаюць магчымасці мірных пратэстаў", – каментуе сітуацыю ў фэйсбуку Вольга Быкоўская.

Падобная сітуацыя склалася і ў многіх іншых актывістаў і актывістак, якія выходзілі ў снежні на акцыі пратэсту ў абарону незалежнасці Беларусі.

Што рабіць, калі грукаюцца ў дзверы судовыя выканаўцы, а магчымасці аплаціць штраф за ўдзел у мітынгу ў бліжэйшы час няма? З дапамогай юрыста "Вясны" Аляксея Лойкі мы склалі інструкцыю, што рабіць у такіх выпадках.

Юрыст ПЦ
Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка

"Сітуацыя, калі судовы выканаўца накладвае арышт на маёмасць, закранае самы шырокі круг праваадносін і можа спарадзіць канфлікты ў сям'і і з блізкімі, з якімі чалавек жыве. Трэба разумна ацэньваць сітуацыю і не распыляцца на эмоцыі.

У гэтым выпадку важна мець на ўзбраенні кантакты праваабаронцаў, таму што са стварэннем сістэмы органаў прымусовага выканання судовых пастановаў вельмі моцна змянілася заканадаўства, якое рэгулюе гэтыя пытанні і ў інтэрнэце могуць быць неактуальныя спасылкі", – адзначае Аляксей Лойка.

1) Абскарджвай судовую пастанову

Юрыст настойвае, што ў любым выпадку трэба скарыстацца сваім правам і абскардзіць судовую пастанову. У гэтым могуць дапамагчы праваабаронцы.

Самае галоўнае, што пры абскарджанні праблема з магчымым прыходам судовых выканаўцаў адкладаецца на больш позні тэрмін. За гэты час у чалавека ёсць магчымасць знайсці выхад з сітуацыі.

Паводле беларускага заканадаўства, чалавеку даецца адзін месяц на аплату штрафу ў добраахвотным парадку. Калі пастанова не абскарджваецца ў 10-дзённы тэрмін, то праз 30 дзён судовыя выканаўцы могуць пачаць "грукацца ў дзверы". Пры абскарджанні пастановы ў вышэйстаячым судзе, пачатак тэрміну на добраахвотнае пагашэнне штрафу адкладаецца ў сярэднім на месяц, адзначае юрыст "Вясны".

2) Звярніся ў суд за растэрміноўкай/адтэрміноўкай аплаты штрафу

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка распавядае, што з разглядам скаргі ў вышэйстаячым судзе набор дзеянняў па адкладванні неабходнасці аплаціць штраф у месячны тэрмін не вычэрпваецца.

У такім выпадку можна звярнуцца ў суд, які выносіў пастанову аб штрафе, за растэрміноўкай/адтэрміноўкай аплаты штрафу. Заканадаўства прадугледжвае тэрмін да шасці месяцаў.

У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 14.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях растэрміноўку/адтэрміноўку можа ўстанавіць сам суд, або суд робіць гэта па хадайніцтве чалавека, на якога накладзены штраф. Важнай умовай з'яўляецца наяўнасць абставінаў, пры якіх суд ўстановіць наяўнасць перашкод для своечасовай аплаты штрафу. І чалавеку, які звяртаецца з просьбай адтэрмінаваць ці растэрмінаваць штраф, трэба пацвердзіць гэтыя абставіны.

"Гэта могуць быць дакументы аб цяжкім матэрыяльным становішчы, аб стане здароўя, аб наяўнасці ў сям'і некалькіх малалетніх дзяцей, наяўнасць у сям'і членаў, якія маюць патрэбу ў пастаянным наглядзе. Вельмі важна пацвердзіць гэта дакументальна. І важна, канешне, адказнае стаўленне самога чалавека, у чыіх інтарэсах падаецца хадайніцтва, і неабходнасць прадставіць суду дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць прычын, па якіх выплату штрафу неабходна перанесці на больш позні перыяд", – адзначае юрыст "Вясны".

Напрыклад, пасля "гарачай вясны" 2017 года актывісты атрымлівалі магчымасць аплачваць штраф роўнымі долямі цягам 6 месяцаў, адзначае юрыст "Грамадскай прыёмнай". Некаторым удзельнікам і ўдзельніцам антыінтэграцыйных акцый таксама адтэрмінавалі і растэрмінавалі штрафы.

3) Пасля абскарджання ў абласным (гарадскім) судзе не спяшайся ў вышэйстаячыя інстанцыі

Калі чалавек бачыць, што магчымасці аплаціць штраф у бліжэйшы час не прадбачыцца, звяртацца са скаргай у вышэйстаячую інстанцыю неабходна ўжо пасля ўзбуджэння выканаўчай вытворчасці.

Чаму неабходна вычакаць гэты момант і дачакацца першых дзеянняў судовых выканаўцаў? Юрыст звяртае ўвагу на норму, якая змяшчаецца ў Законе "Аб выканаўчай вытворчасці" (абзац 6 артыкула 49), якая абавязвае судовага выканаўцу прыпыніць усе дзеянні па спагнанню штрафу пасля паступлення хадайніцтва з дадаткам дакументаў, якія пацвярджаюць падачу скаргі.

Аляксей Лойка тлумачыць, якія юрыдычныя наступствы прыпынення выканаўчай вытворчасці:

"Калі на аўтамабіль накладзены арышт, або чалавека ўнеслі ў базу невыязных грамадзян, то прыпыненне вытворчасці не цягне адмены гэтых рашэнняў. Іх можна адмяніць толькі ў судовым парадку.

Але прыпыненне выканаўчай вытворчасці цягне прыпыненне ўсіх дзеянняў судовага выканаўцы па спагнанні штрафу. Гэта азначае, што на час прыпынення вытворчасці выканаўца больш не патурбуе чалавека. Ён не будзе прыходзіць дадому адбіраць арыштаваную маёмасць альбо рэалізоўваць арыштаваны аўтамабіль".

4) Звяртай увагу на тэрміны

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка распавядае, што ёсць нават выхад, калі судовы выканаўца ўжо пачаў прымяняць дадатковыя санкцыі па спагнанню штрафу.

"Магчымая сітуацыя, калі чалавеку выставілі прымусовы збор у памеры 10% ад сумы прысуджанага штрафу. Але практыка па спагнанні прымусовых збораў у Беларусі неаднастайная. Вельмі часта яна спалучаная са спешкай судовага выканаўцы пачаць спаганяць і штраф, і прымусовы збор адначасова. Таму неабходна сачыць за тэрмінамі, калі была вынесена пастанова аб спагнанні прымусовага штрафу.

У практыцы Праваабарончага цэнру "Вясна" ёсць выпадак, калі ўдавалася дамагчыся адмены такога прымусовага збору", – адзначае юрыст.

Вользе Нікалайчык удалося "адбіць" прымусовы збор

Актывістка Вольга Нікалайчык ў пачатку кастрычніка мінулага года атрымала ад суда Першамайскага раёна вялікі штраф (980 рублёў) за ўдзел у акцыі 9 верасня ў Курапатах. Праз месяц яна аплаціла штраф цалкам і адправіла квітанцыю аб аплаце ў суд.

5) Вывучы свае правы

Акрамя гэтага, юрыст звяртае ўвагу на тое, што трэба сачыць за законнасцю дзеянняў судовых выканаўцаў і вывучыць свае правы ў такіх выпадках. Так, напрыклад, Законам "Аб выканаўчым вытворчасці" прадугледжаны пералік маёмасці грамадзян, на якое не можа быць звернута спагнанне па выканаўчых дакументах. Згодна з пералікам, выканаўца можа накласці арышт на пральную машыну, тэлевізар ці ноўтбук, але не мае права арыштоўваць адзіны ў сям'і халадзільнік або газавую / электрапліту.

У выпадку, калі вы сутыкнуліся з праблемамі, звязанымі з судовымі выканаўцамі, рэкамендуем сабраць дакументы і звярнуцца з імі па кансультацыю праваабаронцаў па электроннай пошце pierasled@spring96.org 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства