viasna on patreon

"Вясна" звярнулася да Спецдакладчыка ААН па факце непрадастаўлення прававой абароны Ягору М.

2020 2020-04-21T14:42:05+0300 2020-04-21T14:46:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zhalobaru.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы апавясцілі Спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн аб парушэнні правоў Ягора М., затрыманага па падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужку ў снежні мінулага года, і немагчымасці абскардзіць незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі ў судзе.

Гісторыя затрымання Ягора М. адбылася 15 снежня ў сталічным Палацы воднага спорту.

Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС

Непрыемная сітуацыя адбылася з Ягорам М. ў Палацы воднага спорту ў Мінску вечарам 15 снежня 2019 года. Калі мужчына выйшаў з душавой ў распранальню, да яго падышоў Генадзь Казакоў і спытаў, ці не знаходзіў той у сваёй шафцы залаты ланцужок. Ягор адказаў адмоўна.

Цягам ужо чатырох месяцаў мужчына спрабуе дамагчыся аднаўлення сваіх правоў і з дапамогай "Вясны" накіраваў мноства скаргаў у Следчы камітэт і пракуратуру. Але дзяржорганы не хочуць бачыць незаконнасці і перавышэння службовых паўнамоцтваў у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі Ягора М., а пасля больш за 14 гадзін утрымлівалі ў камеры РУУС.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка, які рыхтаваў паведамленне спецдакладчыку ААН, адзначае ў ім наступныя пункты.

1. Адсутнасць расследавання абставінаў званка невядомай асобе высокапастаўленым чыноўнікам

18 снежня 2019 г. Ягор М. звярнуўся з заявай у Камітэт дзяржаўнай бяспекі аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце здзяйснення пацярпелым Генадзем Казаковым тэлефоннага званка і перадачы тэлефоннай трубкі для размовы супрацоўніку следча-аператыўнай групы Яраславу Літвіненку. На думку Ягора, менавіта гэты званок меў для яго негатыўныя наступствы, паколькі пасля размовы міліцыянта Яраслава Літвіненкі з невядомай асобай расследаванне знікнення залатога ланцужку перастала быць аб'ектыўным і бесстароннім.

Па цяперашні час эфектыўнага расследавання па факце тэлефоннай размовы не зроблена. Ягору М. таксама не ўдалося азнаёміцца з матэрыяламі праверак, праведзеных па яго заяве.

2. Безвыніковасць абскарджання бесчалавечных умоў утрымання ў камеры РУУС

Ягор М. неаднаразова абскарджваў змяшчэнне яго ў негуманных умовах у камеры РУУС на працягу 14 гадзін. Аднак ні адзін з правяраючых органаў не ўстанавіў фактаў парушэнняў правоў мужчыны пры ўтрыманні пад вартай.

Абскарджанне ператвараецца ў "горы непатрэбнай паперы і бессэнсоўна патрачанага часу"

З моманту затрымання Ягора М. у сталічным Палацы воднага спорту прайшло паўтары месяца. З дапамогай юрыста Праваабарончага цэнтру "Вясна" былі складзеныя і пададзеныя скаргі і хадайніцтвы ў розныя дзяржорганы, аднак абгрунтаваных адказаў па іх да гэтага часу так і не атрымана.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае асцярогі ў сувязі з адсутнасцю ў Беларусі прававых механізмаў, якія прадстаўляюць эфектыўны сродак прававой абароны асобам, падвергнутым негуманнаму абыходжанню ў месцах несвабоды. У сітуацыі з Ягорам М. абскарджанне не прыводзіць да станоўчага выніку з-за адмовы дзяржавы выконваць свае абавязацельствы па стварэнні гуманных умоў у месцах несвабоды і прадастаўляць заяўнікам скаргаў эфектыўны сродак прававой абароны ад падобных парушэнняў. Пракуратура, на якую ўскладзеныя абавязкі па правядзенні расследаванняў па такіх скаргах, ухіляецца ад выканання дадзенай функцыі і не з'яўляецца эфектыўным органам у барацьбе з падобнымі парушэннямі.

3. Нерасследаванне скаргі на затрыманне

18 снежня 2019 г. Ягор М. звярнуўся ў пракуратуру Першамайскага раёна Мінска са скаргай на незаконнае затрыманне і правядзенне працэдуры асабістага вобшуку ў адсутнасць панятых. Аднак у адказе на скаргу сцвярджалася:

«Парушэнняў патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства пры правядзенні старшым аператыўным упаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку Першамайскага ўпраўлення міліцыі па Мінску Яраславам Літвіненкі не дапушчана».

Пасля гэтага мужчына неаднаразова абскарджваў рашэнне і адказы пракуратуры і Следчага камітэта, але паўнавартаснага расследавання незаконнасці затрымання і правядзення асабістага вобшуку так і не было праведзена.

4. Парушэнне права на судовую праверку законнасці затрымання

Ягор М. звяртаўся ў суд Першамайскага раёна Мінска са скаргай на затрыманне праз орган, які вядзе крымінальны працэс. Аднак яго скарга без прыкладання неабходных матэрыялаў была перанакіраваная ў суд праз пяць сутак, а не на працягу 24 гадзін, як таго патрабуе КПК. А суд вярнуў скаргу ў РУУС.

Пасля шматлікіх скаргаў у РУУС, пракуратуру і Следчы камітэт справа так і не была перададзеная ў суд.

Ці лёгка абскардзіць незаконнае затрыманне ў суд?

Больш за 13 гадзін Ягор М. правёў у аддзяленні міліцыі, дзе быў дапытаны і дагледжаны оперупаўнаважаным Я. Літвіненкам. Пасля вызвалення мінчук з дапамогай юрыстаў "Вясны" абскардзіў у суд незаконнае затрыманне, якое нават паводле абранай міліцыянтам падставы не адпавядала крымінальна-працэсуальнаму кодэксу.

Гарантыя аб судовай праверцы законнасці затрымання для Ягора М. з'яўляецца недаступнай.

"Такім чынам, насуперак узятым на сябе міжнародна-прававым абавязацельствам дзяржава не прадастаўляе Ягору М. эфектыўных сродкаў прававой абароны ад названых парушэнняў. Так, затрыманне пасля званка высокапастаўленага чыноўніка Генадзя Казакова, наступнае змяшчэнне ў камеру і ўтрыманне ў бесчалавечных умовах, а таксама недаступнасць судовай праверкі законнасці затрымання застаюцца нерасследаванымі ўжо на працягу чатырох месяцаў", - заключае ў паведамленні юрыст "Вясны" Аляксей Лойка.

На падставе прыведзеных фактаў праваабаронцы просяць спецдакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн уступіць у камунікацыю з уладамі краіны і запатрабаваць ад іх прадастаўлення эфектыўных сродкаў прававой абароны Ягору М.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства