Абскарджанне ператвараецца ў "горы непатрэбнай паперы і бессэнсоўна патрачанага часу"
З моманту затрымання Ягора М. у сталічным Палацы воднага спорту прайшло паўтары месяца. З дапамогай юрыста Праваабарончага цэнтру "Вясна" былі складзеныя і пададзеныя скаргі і хадайніцтвы ў розныя дзяржорганы, аднак абгрунтаваных адказаў па іх да гэтага часу так і не атрымана.
Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС
Так, Ягор М. звяртаўся ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска 18 снежня 2019 г. са скаргай на ўмовы ўтрымання ў камеры Першамайскага РУУС і на абыходжанне з ім у ходзе ўтрымання ў будынку РУУС. 30 снежня Пракуратура адказала, што перанакіравала скаргу ў Першамайскі РУУС для арганізацыі праверкі.
17 студзеня 2020 г. Ягор М. атрымаў адказ з Першамайскага РУУС, дзе значылася:
«Па зваротах, якія паступілі ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска і Першамайскі РУУС г. Мінска, Першамайскім РУУС г. Мінска праведзена праверка, падчас якой якіх-небудзь аб'ектыўных дадзеных аб здзяйсненні ў дачыненні да Вас супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў міліцыі ўстаноўлена не было. Таксама ў дзеяннях супрацоўнікаў Першамайскага РУУС г.Мінска не ўстаноўлена фактаў парушэння нормаў дзеючага крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, у сувязі з чым далейшая праверка спыненая».
Акрамя таго, у адказе за подпісам начальніка РУУС Андрэя Бакача адзначаецца, што па крымінальнай справе, узбуджанай па заяве Генадзя Казакова, у дачыненні да Ягора М. якога-небудзь крымінальнага пераследу не ажыццяўляецца.
Мужчына паўторна звярнуўся ў пракуратуру са скаргай, у якой адзначаў, што адказ РАСК на зварот дадзены без уліку ўсіх довадаў і аргументаў яго папярэдняй скаргі аб незаконнасці затрымання і памяшчэння ў камеру РУУС.
27 студзеня свой адказ на скаргу мужчыны на незаконнае затрыманне і правядзенне асабістага вобшуку, а таксама на адказ намесніка пракурора і начальніка Першамайскага РАСК даслала пракуратура Першамайскага раёна. У ім паведамлялася:
«Вывучэнне матэрыялаў крымінальнай справы па факце крадзяжу маёмасці ў Генадзя Казакова паказала, што працэсуальныя дакументы аб затрыманні і правядзенні асабістага вобшуку аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі КПК. Разам з тым, для праверкі выкладзеных у звароце довадаў, неабходна правядзенне дадатковых праверачных мерапрыемстваў».
З адказу таксама вынікае, што ў адпаведнасці з арт. 174 КПК пракуратура абгрунтавана перанакіравала зварот Ягора М. начальніку раённага аддзела Следчага камітэта для разгляду ў частцы довадаў, якія тычацца яго заведама незаконнага затрымання оперупаўнаважаным Я. Літвіненкам, а па пытанні парушэння ўмоў і правілаў утрымання затрыманага ў камеры Першамайскага РУУС – начальніку гэтага структурнага падраздзялення для правядзення службовай праверкі.
«Падстаў для прыняцця мер рэагавання няма», – лічыць пракурор Першамайскага раёна Віктар Праневіч.
Ягор М. з такім адказам Першамайскага РУУС і пракуратуры раёна не згодны, лічыць іх нематываванымі, а праверкі па выкладзеных ім довадах і фактах былі няпоўнымі і павярхоўнымі.
«На чатыры маіх звароты – два ў пракуратуру Першамайскага раёна на незаконнае затрыманне і на ўмовы ўтрымання ў камеры і два ў РУУС Першамайскага раёна на парушэнні працэсуальных тэрмінаў накіравання скаргі праз РУУС у суд і хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы – РУУС дасылае адзін расплывісты адказ, з сутнасцi якога нават складана зразумець, на які менавіта са зваротаў ён быў дадзены», – адзначае Ягор М.
Тры тыдні замест 24 гадзін: як РУУС зацягвае судовую праверку законнасці затрымання
Ён патэлефанаваў у РУУС Першамайскага раёна, дзе супрацоўнік, які праводзіў праверку па ягоных скаргах, растлумачыў, што адказ дадзены на ўсе звароты, якія паступілі ад мужчыны. Пры гэтым на пытанне Ягора М., чаму ў адказе ні слова не сказана па скарзе на ўмовы ўтрымання ў камеры, чаму адказ не ўтрымлівае абгрунтаванняў правамернасці яго затрымання, супрацоўнік сказаў, што адказ на звароты складзены ў рамках закона і адпавядае ўсім патрабаванням.
«Адказ Першамайскага РАСК таксама выклікае здзіўленне. На падрабязна напісанае ў звароце абгрунтаванне неправамернасці затрымання, мне пішуць, што довадаў, якія паказваюць на неправамернасць затрымання, я не прывёў, таму падстаў для правядзення праверкі не маецца», - падкрэслівае Ягор М.
Мужчына лічыць, што дзяржорганы спрабуюць перакласці з сябе абавязак разгляду зваротаў, што паступілі да іх, ці даць фармальны адказ. Так, напрыклад, накіраваная заява ў КДБ аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да Генадзя Казакова і невядомай асобы, з якой вёў размову Я. Літвіненка па тэлефоне, была перанакіраваная Камітэтам ў Генпракуратуру, а Генпракуратура перанакіравала яе ў пракуратуру горада Мінска, пракуратура горада Мінска - у ГУУБ па горадзе Мінску, якое ў сваю чаргу перанакіроўвае яго ў ГУУС Мінгарвыканкама. Атрымліваецца, заява ўжо амаль паўтары месяца перасылаецца па розных дзяржорганах.
«Такім чынам, на выхадзе атрымліваем горы непатрэбнай паперы ў выглядзе фармальных адказаў, столькі ж бессэнсоўна патрачанага часу заяўніка і супрацоўнікаў дзяржорганаў.
У прынцыпе гэтая сітуацыя сведчыць пра тое, што ў Беларусі адсутнічае эфектыўны механізм абароны асабістых правоў, што стварае перадумовы для злоўжывання сілавікамі сваімі паўнамоцтвамі», - заключае Ягор М.
Цяпер ён зноў адправіў скаргу ў пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска, у якой просіць правесці пракурорскую праверку выкладзеных ім довадаў аб непаўнаце і павярхоўнасці праведзеных праверак па фактах парушэння яго правоў пры затрыманні, правядзенні асабістага вобшуку, утрымання ў негуманных умовах у камеры РУУС, а таксама па факце несвоечасовай і няпоўнай перадачы Першамайскім РУУС скаргі на затрыманне ў суд. Акрамя гэтага, прыняць меры пракурорскага рэагавання ў адносінах да вінаватых службовых асобаў.