Адзін тэлефонны званок былога галоўнага сувязіста Узброеных сілаў скончыўся для мінчука ноччу ў РУУС
У Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнуўся Ягор М., які з-за падазрэнні ў крадзяжы залатога ланцужка з шафкі ў распранальні быў падвергнуты зневажальным працэдурам і бесчалавечнаму абыходжанню ў аддзяленні міліцыі.
Непрыемная сітуацыя адбылася з Ягорам М. ў Палацы воднага спорту ў Мінску вечарам 15 снежня 2019 года. Калі мужчына выйшаў з душавой ў распранальню, да яго падышоў Генадзь Казакоў і спытаў, ці не знаходзіў той у сваёй шафцы залаты ланцужок. Ягор адказаў адмоўна. Разам з Генадзем Казаковым ён прагледзеў змесціва шафкі, ланцужок не быў знойдзены. Пасля гэтага Ягор М. вярнуўся ў саўну, а пасля сеансу ў фае ізноў быў сустрэты Генадзем Казаковым ўжо разам з ахоўнікам Палаца воднага спорту: яму паведамілі, што па факце знікнення з шафкі залатога ланцужка была выкліканая следча-аператыўная група, і яго прасілі пачакаць прыезду міліцыі. Мужчына застаўся чакаць.
Па прыездзе міліцыянтаў, Ягор М. заўважыў, што Генадзь Казакоў павітаўся з імі, працягнуў капітану міліцыі Я. Літвіненку сваю візітную картку і паказаў пасведчанне. Разам з міліцыянтамі Ягор вярнуўся ў распранальню, дзе яшчэ раз шафку, з якой нібыта знік ланцужок, аглядзелі. Там па-ранейшаму было пуста.
Мужчына з супрацоўнікамі вярнуліся ў фае, дзе Генадзь Казакоў стаў размаўляць з кімсьці па мабільным тэлефоне, затым перадаў трубку Я. Літвіненку, які адышоў у бок, і гутаркі ўжо не было чуваць.
Пазней Ягор даведаўся, што Генадзь Казакоў займаў пасаду начальніка ўпраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных сіл, а з 2017 года ўказам прэзідэнта быў прызначаны дырэктарам ААТ «Агат - сістэмы кіравання».
Пасля заканчэння размовы старэйшы оперупаўнаважаны Я. Літвіненка сказаў Ягору, што ён павінен прайсці з імі ў Першамайскае РУУС г. Мінска для разбору. На гэта мужчына прапанаваў правесці асабісты дагляд на месцы здарэння і пераканацца ў тым, што ён не мае залатога ланцужку Генадзя Казакова, а таксама прапанаваў міліцыянту скласці пратакол затрымання.
Усё гэта не паўплывала на рашэнне Я. Літвіненкі даставіць Ягора М. ў РУУС: затрыманага пасадзілі ў службовы аўтамабіль, дзе міліцыянт паведаміў мужчыне, што Генадзь Казакоў асабіста ніякіх прэтэнзій да яго не мае.
Ужо ў сваім кабінеце Я. Літвіненка прапанаваў Ягору М. прызнацца ў здзяйсненні злачынства, ўзяць віну на сябе і паведаміць куды той схаваў ланцужок. Затрыманы сказаў, што ў яго няма ланцужку.
«Пасля гэтай размовы мы ўдваіх спусціліся на першы паверх да аператыўна-дзяжурнай часткі, дзе капітан міліцыі Літвіненка Я.С., надзеўшы гумовыя пальчаткі, сказаў мне даставаць змесціва кішэняў; здымаць куртку, дастаць з яе ўсе рэчы; здымаць швэдар і футболку; праверыў змесціва кішэняў у штанах, а пасля чаго сказаў зняць мне штаны і спусціць да каленяў трусы і патрэсці іх. Пасля гэтага капітан Літвіненка праверыў змесціва майго абутку, дастаючы з кожнага чаравіка вусцілкі, а затым сказаў мне зняць шкарпэткі і вывярнуць іх вонкі. Уся працэдура асабістага дагляду праводзілася без панятых», – апісвае падзеі таго вечара Ягор.
Пасля міліцыянт старанна прагледзеў змесціва сумкі затрыманага і толькі потым пачаў складаць пратакол затрымання па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.
Пазней у памяшканне, дзе праводзіўся асабісты ператрус, зайшоў іншы супрацоўнік РУУС, які сказаў, каб Ягор зноў зняў з сябе куртку і швэдар. Затрыманы паведаміў, што яго толькі што абшукалі, на што пачуў адказ: «мяне гэта не хвалюе (нецэнзурная лаянка)». Супрацоўнік стаў расціраць свае кулакі.
«Супрацоўнік праверыў змесціва маіх рэчаў, праверыў змесціва кішэняў, сказаў прыспусціць штаны і трусы да каленяў і прысесці тры разы. Пасля заканчэння гэтай працэдуры супрацоўнік суправадзіў мяне ў камеру на першым паверсе побач з аператыўна-дзяжурнай часткай у будынку РУУС», – распавёў Ягор.
У камеры памерам два на два метры затрыманы правёў больш за 13 гадзін без ежы і ў холадзе.
«На працягу ўсяго часу майго знаходжання ў камеры тэмпература была настолькі нізкай, што можна было ўбачыць пар ў выдыханым паветры. Бетонны маналітны блок у камеры, верагодна прызначаны для сядзення, абсалютна быў не прыдатны для выкарыстання ў якасці лаўкі або ложка. Калі нават не браць у разлік жорсткасць паверхні, дадзены блок мае тэмпературу, якая не дазваляе яго выкарыстоўваць без прычынення шкоды здароўю чалавека», – апісвае ўмовы свайго ўтрымання ў РУУС мужчына.
Ён таксама адзначае, што ў камеры дрэнна адкрываліся ўваходныя дзверы, і кожны раз, калі Ягор выходзіў у туалет, яму літаральна даводзілася яе выбіваць нагой. На думку затрыманага, такая канструкцыя дзвярэй стварае пагрозу для жыцця і здароўя змешчанага ў камеру чалавека пры рэзкім пагаршэнні яго самаадчування.
«Калі я выходзіў з камеры ў туалет, дзяжурны супрацоўнік, які суправаджаў мяне, загадваў мне станавіцца тварам да сцяны. У момант жа майго перамяшчэння па калідоры будынка РУУС мне загадвалі ісці з заведзенымі за спіну рукамі. Такая форма абыходзання, улічваючы маю невінаватасць у інкрымінуемым злачынстве, толькі ўзмацняла пачуццё несправядлівасці таго, што адбываецца са мной, і перавышала гранічна дапушчальны для мяне ўзровень недазволенага абыходжання, што зневажала маю чалавечую годнасць», – падкрэсліў мужчына.
На наступную раніцу Ягора М. адвялі на допыт да следчага і хацелі праверыць на паліграфе. Пры гэтым следчы праігнараваў просьбу затрыманага выклікаць адваката, а толькі спытаў, ці выклікаць спецыяліста па паліграфіі. Ягор М. адмовіўся. Яго апыталі па падзеях у Палацы воднага спорту, далі пратакол апытання на подпіс і адпусцілі з РУУС.
Пазней з дапамогай юрыстаў ПЦ "Вясна" Ягор М. падрыхтаваў і накіраваў скаргі на незаконнае затрыманне, правядзенне асабістага ператрусу без панятых і складання адпаведнага пратакола і ўмовы ўтрымання ў камеры РУУС у пракуратуру Першамайскага раёна г. Мінска. А таксама заяву аб ўзбуджэнні крымінальнай справы ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
У прыватнасці, у заяве ў КДБ мужчына адзначыў, што званок Генадзя Казакова невядомай асобе і перадача трубкі для размовы капітану міліцыі Я. Літвіненку магчыма з'явіліся прымусам міліцыянта да дзеянняў, якія пасля прывялі да парушэння правоў Ягора. Ён прасіў КДБ правесці праверку па факце тэлефоннага званка Казаковым, і пры наяўнасці ў яго дзеяннях складу злачынства, прыцягнуць яго да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці.
ПЦ "Вясна" будзе сачыць за развіццём падзей.
Калі вы ці вашы блізкія патрапілі ў сітуацыі, у якіх супрацоўнікі органаў МУС дзейнічалі з перавышэннем сваіх паўнамоцтваў, паведамляйце пра такія выпадкі ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" па тэлефоне: +375 29 841 39 81 або па пошце: viasna@spring96.org |