Андрэй Палуда пра петыцыю ў абарону студэнткі МДЛУ: Гэта датычыцца кожнага з нас!
Подпіс пад петыцыяй за аднаўленне студэнткі Лізаветы Пракопчык на вучобе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паставіў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.
Праваабаронца перакананы, што салідарнасць – мацней за любыя рэпрэсіі.
“Размова ідзе пра падтрымку чалавека, які выказаў сваю пазіцыю і меркаванне, словам альбо дзеяннем, і пасля гэтага аказаўся паміж молатам і кавалдай, пад ціскам рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыны, вельмі часта сам-насам, адзін, – каментуе Андрэй Палуда. – Ну а дзяржава спадзяецца, што адзін ў полі не ваяр, і праз рэпрэсіі яна зможа прымусіць чалавека замоўкнуць і адступіць. А яшчэ, як сведчыць практыка, ды і сітуацыя з Лізаветай Пракопчык, дзяржава рэагуе такім чынам на вельмі рэзанансныя, актуальныя і грамадска значныя праблемы, які датычыцца амаль што кожнага з нас. Сітуацыя з распаўсюдам каронавірусу вельмі яскрава і наглядна паказвае праблемныя месцы з правамі чалавека у нашай краіне. І як прыклад – немагчымасць рэалізаваць права на доступ да інфармацыі, права на ахову здароўя і г.д."
"Я падпісаў сам і заклікаю падпісаць петыцыю ў падтрымку Лізаветы Пракопчык. Памятайце гэта датычыцца кожнага з нас”, – заклікае праавабаронца.
Студэнтку 4-га курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта Лізавету Пракопчык адлічылі за пропускі заняткаў (яна прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну). Адміністрацыя ўніверсітэта не лічыць гэта адлічэнне палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.
Па словах Пракопчык, пад час пандэміі COVID-19 яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэннем, на яе думку, права на ахову жыцця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу, гарантуемага любому студэнту згодна дзеючага Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Правілаў унутранага распарадку МДЛУ. Пропускі заняткаў сталі падставай для вынясення ёй спагнання, а затым і адлічэння з МДЛУ.
Выкажы пазіцыю, падпішы зварот за аднаўленне на вучобе студэнткі!
Праваабаронцы "Вясны" таксама апавясцілі Спецыяльную дакладчыцу ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын аб сітуацыі з выключэннем студэнткі 4-га курса Лізаветы Пракопчык з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.