viasna on patreon

Спецдакладчыца ААН праінфармаваная аб сітуацыі з адлічэннем студэнткі з МДЛУ

2020 2020-04-11T10:48:50+0300 2020-04-11T11:17:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/23-img_2458-anais-marin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы "Вясны" апавясцілі Спецыяльную дакладчыцу ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын аб сітуацыі з выключэннем студэнткі 4-га курса Лізаветы Пракопчык з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

23-img_2458-anais-marin.jpg
Спецыяльная дакладчыца ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марын

Як адзначаюць у звароце праваабаронцы, адлічэнне студэнткі з універсітэта звязана з яе актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і заклікам байкатаваць навучальныя заняткі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях і іх пераводам на дыстанцыйнае навучанне ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 у свеце.

На думку Лізаветы Пракопчык, увядзенне дыстанцыйнай формы навучання ва ўніверсітэце знізіла б рызыку распаўсюджвання інфекцыі сярод студэнтаў, іх сем'яў і блізкіх. Больш таго, заняткі ва ўніверсітэце праводзіліся ў навучальных аўдыторыях, не прыстасаваных для выканання рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў выглядзе сацыяльнага дыстанцыявання і знаходжання студэнтаў на адлегласці не менш за паўтары метры адзін ад аднаго.

"Адлічэнне Лізаветы Пракопчык адбылося непасрэдна пасля правядзення ёю публічнай акцыі каля МДЛУ з раздачай аднаразовых масак з надпісам: "Ха-ха, я тут памру". Такім чынам яна крытыкавала палітыку органаў дзяржаўнай улады і адміністрацыі ўніверсітэта ва ўмовах распаўсюджвання пандэміі. Гэтыя абставіны могуць сведчыць аб яе пакаранні менавіта ў сувязі з выказваннем меркаванняў, што ў сваю чаргу з'яўляецца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў у святле іх дапушчальнасці, названых у артыкуле 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гарантыі свабоды выказвання меркаванняў асабліва важныя ў існуючых умовах, калі дзяржаўныя органы ўлады схільныя да ўтойвання і скажэння рэальнай сітуацыі з распаўсюджваннем захворвання ў краіне і мер, якія прымаюцца ў сувязі з гэтым. Пераслед грамадзян, грамадскіх арганізацый, СМІ ў сувязі з распаўсюджваннем імі альтэрнатыўнай інфармацыі і меркаванняў асабліва не дапушчальны", – тлумачыць пазіцыю Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў звароце да спецдакладчыцы юрыст Аляксей Лойка.

Таксама праваабаронцы занепакоеныя тым, што гэты выпадак будзе мець астуджальны эфект для многіх іншых актывістаў са студэнцкага асяроддзя, якія пабаяцца адкрыта выказваць сваё меркаванне.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" накіраваў зварот таксама рэктарцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталлі Баранавай па нагодзе выключэння студэнткі Лізаветы Пракопчык з гэтай навучальнай установы. Зварот ад імя арганізацыі падпісаў старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі.

Акрамя таго, на сайце petitions.by запушчана анлайн-петыцыя за аднаўленне cтудэнткі ва ўніверсітэце. Яе аўтары лічаць, што адлічэнне дзяўчыны з'яўляецца неабгрунтаваным і супярэчыць палажэнням Кодэкса аб адукацыі і правілам унутранага распарадку МДЛУ. Далучыцца да петыцыі можа кожны ці кожная.

Аднавіць адлічаную студэнтку МДЛУ

Падпісаць петыцыю з падтрымку адлічанай студэнткі Елізаветы Пракопчык можна тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства