viasna on patreon

Блог Паўла Сапелкі: "Прэс-хата" як тактычны прыём

2020 2020-04-08T18:37:35+0300 2020-04-08T18:37:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/upr_3raund.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка ў чарговым выпуску блога "Слова аб праве" ў "Белгазеце" аналізуе механізм Універсальнага перыядычнага агляду і даклад уладаў, які не так даўно з'явіўся ў агульным доступе.

Ёсць такі адносна новы механізм – Універсальны перыядычны агляд (УПА), які рыхтуе Савет па правах чалавека ААН для ацэнкі сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў кожнай з 193 дзяржаў-сябраў. Адпаведна мэта УПА – палепшыць становішча ў галіне правоў чалавека ва ўсіх краінах.

Агляд праводзіцца на аснове дакладу (часта называецца «нацыянальны даклад») ад адпаведнай дзяржавы, дзе яна заяўляе аб сваіх дасягненнях; дакладаў розных структур ААН, няўрадавых арганізацый і нацыянальных праваабарончых устаноў.

Нацыянальнай праваабарончай установы (накшталт амбудсмена, упаўнаважанага па правах чалавека) у Беларусі няма, таму інфармацыя мясцовых НДА – найважнейшая крыніца аб'ектыўных звестак аб стане спраў з правамі чалавека ў краіне, разам з інфармацыяй структур ААН, вядома.

Пасля правядзення агляду дзяржавы рыхтуецца выніковы дакумент – даклад з кароткім выкладам ходу агляду, пытаннямі, заключэннямі і рэкамендацыямі, зробленымі дзяржавамі-сябрамі Савета падчас агляду, а таксама адказы дзяржавы, чый даклад разглядаецца. Потым дзяржава можа пагадзіцца ці не пагадзіцца з дадзенымі яму рэкамендацыямі. Вось, уласна, і ўсё.

Механізм гэты, па-мойму, недасканалы: у адрозненне ад камітэтаў ААН (супраць катаванняў, па правах чалавека, напрыклад), даклады разглядаюць не эксперты, а прадстаўнікі дзяржаў, і іх рэкамендацыі напрамую залежаць ад характару ўзаемаадносінаў з «экзаменуемым». Ды і рэкамендацыі, якія дзяржава адхіляе (а яна адхіляе ўсё, што сур'ёзна закранае яе ўнутраную палітыку), для яе неабавязковыя.

Пандэмія віруса, паўплываўшы на грамадскую і эканамічную актыўнасць, не абышла дзейнасць інстытутаў ААН: разгляд беларускіх дакладаў, які павінен быў адбыцца 4 траўня гэтага года, перанесены на восень, і калі не сарвецца, то пройдзе 2 лістапада.

Дзякуючы прызначанай першапачатковай даце мы маем магчымасць атрымаць асалоду не толькі ад інфармацыі механізмаў ААН па Беларусі, але і беларускім дакладам, які не так даўно з'явіўся ў агульным доступе. Звыкла прагледзеўшы па дыяганалі справаздачу аб дасягненнях айчыннай адукацыі, медыцыны і сацыяльнага забеспячэння, спыняешся на раздзеле "права на гуманнае абыходжанне, права на абарону ад катаванняў". Не скажу, што чакаў ад яго чагосьці аб'ектыўнага і інфарматыўнага, але ў гэты раз раздзел такі цынічны, што заслугоўвае цытавання:

"У адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажальных годнасць відаў абыходжання і пакарання ў Беларусі прадпрымаюцца эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры для папярэджання актаў катаванняў.

У мэтах папярэджання катаванняў і жорсткага абыходжання Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца збор статыстычных дадзеных, аналіз і маніторынг судовай практыкі.

Вывучэнне статыстычнай інфармацыі па скаргах і заявах абвінавачаных аб прымяненні да іх незаконных метадаў вядзення папярэдняга расследавання ў 2018 годзе паказала, што такія скаргі адзінкавыя.

Праверка довадаў скаргаў, якія паступілі, не патрабавала перапынення судовага разбору па крымінальнай справе і ажыццяўлялася кампетэнтнымі органамі паралельна з судовым разглядам".

Дарэчы, у папярэднім дакладзе, пяць гадоў таму, беларускія ўлады былі больш шматслоўныя:

"У 2014 годзе Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь зарэгістравана і разгледжана 96 зваротаў грамадзян на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС. Органамі пракуратуры ў 2011-2014 гадах разгледжана 158 скаргаў на меры ўздзеяння ў дачыненні да асуджаных, а таксама асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай... Скаргі не задаволеныя. Судамі ў 2012-2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мераў спагнання і па скаргах адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў. Скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі".

І вось яна, квінтэсенцыя найноўшага этапу барацьбы з катаваннямі па-беларуску ў новым дакладзе: па выніках праведзеных праверак (адзінкавых, памятаеце?) "можна зрабіць выснову, што ў цэлым органамі крымінальнага пераследу ўжываліся законныя спосабы ўздзеяння на абвінавачаных і дапускаліся тактычныя прыёмы вядзення папярэдняга расследавання, распрацаваныя юрыдычнай псіхалогіяй і крыміналістычнай методыкай".

Значыць, усе гісторыі аб катаваннях рукамі падсадных асуджаных-агентаў, абяцанні здзекаў і іх прымяненне, пагрозы "прэс-хатай" і "апусканнем" – гэта, на думку нашай дзяржавы, "тактычныя прыёмы вядзення папярэдняга расследавання, распрацаваныя юрыдычнай псіхалогіяй і крыміналістычнай методыкай". Тое, што для іншых ахопліваецца паняццем "катаванне", для нас – "законныя спосабы ўздзеяння на абвінавачаных".

Добра, што было, то было, большасці ахвяраў катаванняў і жорсткага абыходжання на тое, што адбылося, хочацца хутчэй забыцца (праваабаронцы, праўда, настойваюць на расследаванні ўсіх выпадкаў). Але такая пазіцыя ўладаў па-ранейшаму сведчыць аб тым, што катаванні і ўсе формы жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання ў Беларусі не асуджаюцца на вышэйшым узроўні і будуць прымяняцца ў далейшым, нягледзячы на жорсткую крытыку праваабаронцаў і міжнародных інстытутаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства